Лукашэнкаўская Беларусь назбірала кампліментаў ад славацкіх прарасійскіх палітыкаў
Віцэ-спікер парламента Славакіі Любаш Блага і дэпутат Андрэй Данка сустрэліся ў Браціславе з паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры АБСЕ Андрэем Дапкюнасам. Пасля гэтай сустрэчы яны пакінулі хвалебныя водгукі і выказаліся за развіццё супрацоўніцтва з лукашэнкаўскай Беларуссю і пуцінскай Расіяй.

Андрэй Данка ў сваім пасце ў фэйсбуку па выніках сустрэчы выказаў шкадаванне, што Дапкюнас «павінен сядзець у Вене» (у снежні 2023 года Беларусь закрыла сваю амбасаду ў Славакіі), а таксама пры гэтай нагодзе перадаў прывітанне Лукашэнку.
Любаш Блага напісаў у сваім тэлеграм-канале больш разгорнуты пост.
«Магу пацвердзіць, што гэта была вельмі сардэчная сустрэча, на якой я заявіў, што Беларусь — наш сябар, і мы ніколі не забудзем ахвяру гэтага адважнага славянскага народа ў Другой сусветнай вайне. Я зраблю ўсё для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва, мне заўсёды падабалася ездзіць у гэтую цудоўную краіну і лічу абсурднымі санкцыі супраць Беларусі», — напісаў віцэ-спікер.
Пры нагодзе ён таксама выказаў цёплыя пачуцці да пуцінскай Расіі:
«Мы хочам міру. І мы адкідаем нянавісць да Расіі і Беларусі. Мы хочам прыслухацца да пункту гледжання Расіі — інакш кампраміс ніколі не будзе знойдзены», — напісаў віцэ-спікер парламента Славакіі, маючы на ўвазе пошук кампрамісу па пытаннях вайны ва Украіне.
Андрэй Данка — старшыня кансерватыўнай і нацыяналістычнай Славацкай нацыянальнай партыі, а Любаш Блага — член партыі «Курс — сацыяльная дэмакратыя», якую ўзначальвае цяперашні прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца. Абедзве партыі цяпер уваходзяць ва ўрадавую кааліцыю.
Сам славацкі прэм'ер Роберт Фіца таксама сёння ўскосна выказаўся ў інтэрв'ю славацкаму выданню Pravda падтрымку беларускага і расійскага рэжымаў, выказаўшыся за допуск іх прадстаўнікоў на Алімпійскія гульні, якія маюць адбыцца гэтым летам у Парыжы:
«А што тычыцца Алімпіяды. Уявіце, што ў вас ёсць спартыўная дысцыпліна, і ў гэтай спартыўнай дысцыпліне на першых прыступках стаіць абсалютны сусветны лідар з Расіі ці Беларусі. Вы забараняеце ім прыходзіць на спаборніцтвы, і перамагае хтосьці, хто ў адваротным выпадку выйграў бы з мінімальнай верагоднасцю, якая каштоўнасць гэтага залатога медаля?
У сваім жыцці я б не перашкаджаў спартсменам спаборнічаць, таму што хай яны пакажуць, ці ёсць у іх усё неабходнае для перамогі».
У студзені 2024 года з'явілася інфармацыя, што Славакія аднаўляе культурныя сувязі з лукашэнкаўскай Беларуссю і пуцінскай Расіяй, спыненыя папярэднім урадам у сакавіку 2022 года пасля таго, як абодва рэжымы развязалі вайну ва Украіне.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары