Культура22

Памёр Кастусь Верабей

Ён пражыў 92 гады. Да самага апошняга ён чытаў «Нашу Ніву» і актыўна адгукаўся на матэрыялы папяровымі лістамі.

Кастусь Верабей

10 студзеня на 93-м годзе жыцьця ў Нью-Ёрку памёр беларускі грамадзкі дзеяч Кастусь Верабей (1931—2024), паведамляе Беларускі інстытут навукі і мастацтва.

Кастусь Верабей нарадзіўся 25 верасня 1931 г. у вёсцы Іванкавічы (цяпер Баранавіцкі р-н). Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Бацька быў солтысам.

Пра жыццё пад савецкай уладай спадар Кастусь згадваў: 

«На тыя часы жылі мы даволі заможна, пры канцы 1930-х мелі чатыры каровы. Былі ў спісе на вываз у Сібір, насушылі пяць мяхоў сухароў, прыгатавалі два мяхі з сырамі. І калі б не вайна, паехалі б услед за тымі чатырма-пяццю іванкавіцкімі сем’ямі».

У часе нямецкай акупацыі з вёскі давялося перабрацца ў Баранавічы, каб унікнуць ціску партызанаў. Ва ўспамінах захаваўся такі эпізод:

«Тры партызаны разам прыйшлі ў нашую хату па бацькавы боты. Матка прынесла ім боты, адзін пачынае іх абуваць, а другі крычыць: «У яго ёсць лепшыя! Няхай аддае лепшыя!» Матка нясе лепшыя. «Аддавай зброю, што дасталася табе ад саветаў!», — не супакойваюцца нязваныя госці. Ніякай зброі ў нашай хаце, вядома, не было, але на гэтым здзекі не скончыліся: «Аддавай свайго нямецкага каня!» Маці пачынае даказваць, што конь сваёй гадоўлі, хоць і вялікі, але ніякі не нямецкі! Усё роўна аддавай! Забралі яны таго каня, але доўга на ім не праехалі: ён скінуў зь сябе партызана й вярнуўся да нас».

У час вайны разам з бацькамі Кастусь Верабей выехаў на Захад. Па сканчэнні вайны апынуўся ў беларускім лагеры DP у Ватэнштэце. Вучыўся ў беларускай гімназіі, браў удзел у скаўтынгу. З успамінаў:

«Менавіта ў Ватэнштэце я бліжэй пазнаёміўся з беларускай гісторыяй, мовай, літаратурай. Гэта былі незабыўныя часы ахвярнай і адданай працы на беларускай ніве. Тыя ж настаўнікі, якія вучылі нас у школе й гімназіі, працавалі задарма. … Збудавалі царкву, мелі пяць святароў, але ніхто не згаджаўся служыць у царкве па-беларуску. Пагадзіўся толькі адзін расеец Ражановіч, які да расійскіх словаў прымешваў крышачку беларускіх»…

У 1951 г. Кастусь Верабей з бацькамі прыехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. Спачатку працаваў «на ферме», потым на фірме па вырабе вокнаў. Шмат гадоў працаваў на дзяржаўнай працы: касіў траву, папраўляў дарогі, пілаваў дрэвы, чысціў снег і г.д. 

Спадар Кастусь быў актыўным у беларускім царкоўным жыцці. Ён згадваў:

«Да беларускага жыцця я далучаўся паволі. Чытаў абвесткі ў «Беларусе», дапамагаў у розных справах. Так, разам з іншымі маладымі хлопцамі прыводзіў да парадку будынак бруклінскай царквы, які спачатку быў у занядбаным стане. Вазіў па Нью-Ёрку япіскапа Васіля».

І яшчэ:

«Я быў сведкам усіх тых спрэчак, скандалаў, што ўнеслі раскол у беларускае рэлігійнае жыццё. Аднак сам удзелу ў іх ня браў. Як раней, так і цяпер прыязджаю на службы ва ўсе беларускія прыходы, не зважаючы на назвы, прывязкі да таго ці іншага патрыярхату».

Кастусь Верабей пісаў зацемкі ў розныя эміграцыйныя перыёдыкі, найперш, газету «Беларус». Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА). У 1982—1993 гг. быў сябрам управы Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі. Доўгі час быў распаўсюднікам бюлетэня «Весткі й паведамленні Ньюёркскага аддзелу БАЗА».

Кастусь і Марыя Вераб'і яшчэ пры жыцці замовілі сабе надмагільны помнік. Фота: БІНІМ

Кастусь Верабей быў пахаваны 20 студзеня на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансвіку побач з жонкай.

Успаміны спадара Кастуся на пачатку 2000-х запісаў журналіст Аляксандр Адзінец для сваёй кнігі «Беларуская эміграцыя: скрыжаванні лёсаў».

Кастусь Верабей быў падпісчыкам і фундатарам «Нашай Нівы», дасылаў нам зацемкі пра беларускае жыццё ў ЗША. Да самага апошняга ён чытаў «Нашу Ніву» і актыўна адгукаўся на матэрыялы папяровымі лістамі.

Каментары2

  • Дзед
    24.01.2024
    Госпадзе, прымі душу добрага Беларуса ў царства тваё нябеснае.
  • ВІТАЎТ
    26.01.2024
    Памятаю Кастуся Вераб’я і як добра ён з жонкай калісь польку танцавалі.
    Вечная яму памяць.

Цяпер чытаюць

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі22

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Па шэдэўры Караваджа пацяклі струмені вады. Праліўны дождж у Фларэнцыі падмачыў рэпутацыю галерэі Уфіцы

10 вызваленых палітвязняў прыедуць сёння ў Варшаву1

Гурт «На-На» стане хэдлайнерам абласных «Дажынак» у Дзяржынску4

Як сур’ёзнае даследаванне мозгу мушкі ператварылася ў інтэрнэт-мем — мадэль яе мозгу навучылі гуляць у Doom і гандляваць крыптавалютай

Андрэй Аляксандраў: За кратамі я ведаў, што беларуская журналістыка працуе, і таму спакойна збіваў паддоны2

Кушнер Пуціну: Вы нам і год назад казалі, што за пару месяцаў зоймеце Данбас26

Лукашэнка заклікаў саджаць больш бульбы9

Трамп прапануе Пуціну бізнэс-здзелкі з ЗША да завяршэння вайны з Украінай7

«За гэта ў турму трэба садзіць». Лукашэнку абурыла, як цярэбяць лён на роднай Шклоўшчыне37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі22

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць