Грамадства

У Мінску пачаўся суд па «справе СБНШ». Па ім праходзяць чатыры чалавекі, адзін з іх — непаўналетні

У Мінскім абласным судзе 29 чэрвеня пачаўся суд па справе «Саюза беларускага нацыянальнага шчыта» (СБНШ). Па ёй праходзяць чатыры чалавекі, хаця сілавікі першапачаткова заяўлялі пра затрыманне адразу пяцярых удзельнікаў, а потым яшчэ аднаго, піша «Вясна».

Затрымалі шасцярых, а на лаве падсудных — чацвёра

У пачатку лістапада 2022 года МУС даў справаздачу аб затрыманні пяцярых удзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», які МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тыднем раней.

У ведамстве распавялі, што супраць затрыманых распачалі крымінальную справу па артыкуле аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Па скрыншотах відэа відаць, што чат СБНШ складаецца з 35-ці чалавек.

«Устаноўлена, што фігуранты, трое з якіх непаўналетнія, пачынаючы з 2020 года адміністравалі чатыры тыкток акаўнты і два тэлеграм-каналы. На названых рэсурсах друкавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю і падрыхтоўку масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замаху на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Затрыманыя аб'ядналіся ў тэлеграм-групе, якая ў пачатку лістапада прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. Яны павінны былі знаходзіць выканаўцаў для знішчэння аб'ектаў інфраструктуры і арганізацыі нападаў на праваахоўнікаў», — сцвярджала МУС.

Затрымлівалі хлопцаў супрацоўнікі САХРа, АМАПа і «Алмаза».

У пачатку лістапада сілавікі пісалі, што арганізатараў СНБШ затрымалі ў поўным складзе, аднак праз тыдзень паведамілі пра затрыманне яшчэ аднаго — шостага, адміністратара, і апублікавалі відэа з ім. 

Што вядома пра абвінавачваных? 

Цяпер судзяць 17-гадовага жыхара Магілёўскай вобласці Алега Дабрыднева, 19-гадовых жыхароў Гомельскай і Брэсцкай абласцей Кірыла Балахонава і Уладзіслава Яфімовіча, 27-гадовага жыхара Гродзенскай вобласці Аляксандра Рукойця. Лёс яшчэ дваіх затрыманых — невядомы.

Пасля затрымання ў лістападзе 2022 года з хлопцамі запісалі відэа. Тады яшчэ непаўналетні Алег Дабрыднеў з Касцюковічаў распавядаў, што ў 2021 годзе быў асуджаны за «разукрашивание мусарок». Ён кажа, што затрыманы за адміністраванне тыкток-акаўнта oppositia_1_, дзе «публікаваў экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў Лукашэнку». Хлопец дадае, што быў адміністратарам і ў чаце СБНШ, посціў інструкцыі па вырабе кактэйляў Молатава і распавядаў, як пускаць цягнікі пад адхон. 

26-гадовага жыхара Смаргоні Аляксандра Рукойця МУС называе «так званым апазіцыйным актывістам». Прадстаўнік ведамства адзначае, што затрыманы быў раней судзімы за крадзеж. На камеру хлопец кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту з 2020 да 2021 года і адміністраваў канал і чат СБНШ, дзе абмяркоўваліся «радыкальныя метады процідзеяння дзейнай уладзе». У паведамленні МУС гаварылася, што жыхар Смаргоні «прытрымліваецца нацыяналістычных ідэй вельмі правага характару». Як бы ў пацвярджэнне гэтаму ў кадры з'яўляецца фота сцяны з намаляваным на ёй славянскім арнаментам «Конегон», падобным да свастыкі.

У прэс-рэлізе МУС паведамлялася, што адзін з затрыманых — 18-гадовы жыхар Буда-Кашалёва Кірыл Балахонаў, які збіраўся «паехаць ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях у складзе нацыяналістычнага батальёна». 

На відэа восенню 2022 года быў яшчэ адзін затрыманы — адзіны, чый твар на роліках МУС і «Сводак центра» схаваны. Ён кажа, што ўступіў у чат па запрашэнні знаёмага, а задачай групы была падрыхтоўка да «будучай партызанскай вайны».

Як цяпер гучыць абвінавачанне?

Паводле версіі абвінавачання, 17-гадовы жыхар Магілёўскай вобласці Алег Дабрыднеў, 19-гадовыя жыхары Гомельскай і Брэсцкай абласцей Кірыл Балахонаў і Уладзіслаў Яфімовіч, 27-гадовы жыхар Гродзенскай вобласці Аляксандр Рукойць летам 2022 года «ўступілі ў дэструктыўную Telegram-групу, якая ў лістападзе 2022 года прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, а яе інфармацыйная прадукцыя — экстрэмісцкімі матэрыяламі». 1 лістапада 2022 года «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаны Telegram-канал і TikTok СБНШ («Саюз беларускага нацыянальнага шчыта»).

Дабрыднеў і Балахонаў, стаўшы адміністратарамі такой Telegram-групы, «з мэтай выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці захоўвалі і замацоўвалі ў ёй розныя матэрыялы і пісьмовыя тэксты, у тым ліку ўключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Сцвярджаецца, што па сваім змесце названыя матэрыялы дыскрэдытавалі органы дзяржаўнай улады і кіравання, у іх меліся, напрыклад:

  • інструкцыі па вядзенні дыверсійнай дзейнасці, у тым ліку разбурэння і пашкоджання шляхоў чыгуначнай і іншай сувязі, вырабе, захоўванні і прымяненні запальнай сумесі;
  • заклікі да збору інфармацыі аб аддзелах унутраных спраў і вайсковых камісарыятах для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці;
  • заклікі да стварэння партызанскіх атрадаў у мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, удзелу ў незаконных узброеных фармаваннях, вырабе і распаўсюджванні агітацыйных улётак для стварэння ў грамадстве лжывага ўяўлення аб уцягванні Рэспублікі Беларусь у спецыяльную ваенную аперацыю, якая праводзіцца Расійскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны;
  • іншыя тэксты, у якіх прасочваліся намеры здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.

Паводле версіі абвінавачання, Яфімовіч і Рукойць «нароўні з адміністратарамі групы бралі актыўны ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». У прыватнасці, яны размяшчалі і захоўвалі ў вольным доступе інструкцыі па здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, відэафайл і інфармацыю аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аўдыязапіс, змест якога накіраваны на распальванне варожасці і варажнечы па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці.

Дзеянні Дабрыднева і Балахонава кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), Яфімовіча — паводле ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), Рукойця — паводле ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).

Чацвёра хлопцаў утрымліваецца пад вартай. 

Каментары

Цяпер чытаюць

«Шкада, што людзі мяне лічаць такім ідыётам». Дзядок расказаў, як яго змаглі высачыць пасля пяці месяцаў падполля

«Шкада, што людзі мяне лічаць такім ідыётам». Дзядок расказаў, як яго змаглі высачыць пасля пяці месяцаў падполля

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве затрымалі больш за 50 тон напаўняльніка для каціных туалетаў. Груз прызначаўся для Беларусі6

У Ціханоўскай з'явіўся новы дарадца па адукацыі і навуцы1

Былы палітвязень Генадзь Фядыніч расказаў, чаму адмовіўся за кратамі ад аперацыі

Візавы цэнтр Італіі паспрабаваў працаваць па жывой чарзе. Пратрымаўся дзень3

Эканамістка Лузгіна: За межамі Беларусі аказалася не менш за 400 тысяч беларусаў3

«Інтэрбачанне»: як пройдзе расійская альтэрнатыва «Еўрабачанню»2

Наведнікам, што напаілі аленя кока-колай у Мінскім заапарку, далі па 10 сутак7

Лукашэнка — Караеву: Ты такі мусульманін, як я праваслаўны20

У Віцебску жанчына ўпала з дзявятага паверха і выжыла

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шкада, што людзі мяне лічаць такім ідыётам». Дзядок расказаў, як яго змаглі высачыць пасля пяці месяцаў падполля

«Шкада, што людзі мяне лічаць такім ідыётам». Дзядок расказаў, як яго змаглі высачыць пасля пяці месяцаў падполля

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць