Грыф, які забівае беларускіх буслянят, прыляцеў з Расіі — «Народныя навіны Віцебска»
Віцебскае рэгіянальнае выданне «Народныя навіны Віцебска» сцвярджае, што белагаловы сіп (драпежная птушка з роду грыфаў), які нішчыць буслянят на ўсходзе Віцебшчыны, прыляцеў туды з Расіі. Перад з'яўленнем у Беларусі яго бачылі на Смаленшчыне.

Многіх мучыць пытанне, адкуль у Беларусі з'явіўся гэты экзатычны драпежнік. Нават выказваліся абвінавачанні ў бок Гродзенскага заапарка — нібыта грыф мог збегчы адтуль. Заапарк жа апраўдваўся і пераконваў, што іхняя птушка на месцы.
Урэшце аказалася, што крыху раней белагаловага сіпа бачылі ў расійскай Смаленскай вобласці, з якой акурат мяжуе Лёзненскі раён.
Птушку сфатаграфавалі на будынку школы ў вёсцы Казуліна Сафонаўскага раёна, здымак быў выкладзены ў сацсеткі.
Характэрна, што, як і ў Беларусі, у Расіі птушку сфатаграфавалі на даху эксплуатаванага будынка, людзей яна не баялася. У суполцы «Птушкі Смаленскай вобласці» запэўніваюць, што, мяркуючы па такіх паводзінах, белагаловы сіп мог раней жыць у заапарку або рэабілітацыйным цэнтры, а магчыма, у кагосьці ў прыватным парадку. Таму птушцы, якая ўтрымлівалася ў няволі, неабходны асаблівы догляд, харчаванне і іншае.
Адлегласць паміж Казулінам у Сафонаўскім раёне Расіі і Выхадцамі ў нашым Лёзненскім — 190 кіламетраў.
Цяпер, паводле непацверджаных звестак «Народных навін Віцебшчыны», грыф перамясціўся ў Аршанскі раён. Паведамляецца, што белагаловы сіп разбурыў гняздо буслоў у аграгарадку Ларыёнаўка каля самай Оршы — гэта за 35 кіламетраў ад Выхадцаў.
З вялікай упэўненасцю можна казаць, што і ў Смаленскай вобласці Расіі, і ў Віцебскай вобласці Беларусі назіраюць адну і тую ж птушку. Малаімаверна, што тут з'явіліся адразу дзве асобіны такога вельмі экзатычнага віду, як сіп белагаловы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары