Украінцы захапілі памежны пункт, падышлі да горада Грайварана ў Белгародскай вобласці
Упершыню баі з выкарыстаннем верталётаў і бранятэхнікі адбываюцца на тэрыторыі Расіі.

Сёння ўранку ўзброеная група пры падтрымцы як мінімум аднаго танка і некалькіх адзінак бранятэхнікі зайшла на тэрыторыю Белгародскай вобласці Расіі. Пасля кароткага бою яны захапілі пагранічны пункт і прайшлі праз некалькі населеных пунктаў у кірунку горада Грайварана.
Горад Грайваран з насельніцтвам 6000 чалавек знаходзіцца за 5 кіламетраў ад украінскай мяжы на аўтадарозе Ахтырка — Тамароўка — Белгарад. Занятыя ўкраінскімі сіламі сёлы Казінка, Гара-Падол і Глотава ляжаць суцэльнай смугой ад мяжы да Грайварана.

Расійскія СМІ паведамляюць пра артылерыйскі абстрэл Грайварана. У небе над вобласцю назіралі расійскія вайсковыя верталёты. Паведамляецца аб прывядзенні паліцыі вобласці ў стан поўнай гатоўнасці, а таксама аб пошуку дыверсійных груп у розных раёнах вобласці. СМІ паведамляюць пра эвакуацыю насельніцтва Грайварана і прылеглых населеных пунктаў.
Адказнасць за падзеі ўзялі на сябе легіён «Свабода Расіі» і Рускі добраахвотніцкі корпус. Яны заявілі, што «вызвалілі» населены пункт Казінка Белгародскай вобласці ў мэтах стварэння на прымежнай расійскай тэрыторыі буфернай зоны, каб абараніць тэрыторыю Украіны ад абстрэлаў.
Таксама яны паведамілі пра ўваход «перадавых атрадаў» у горад Грайваран — аднак апошняму няма пацвярджэння ў расійскіх каналах.
Уранку паведамленні ўкраінскіх каналаў і расійскіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў аб захопе памежнага пункта ўлады расійскага рэгіёна называлі фэйкамі і інфармацыйнай атакай. Пазней губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што на тэрыторыю Грайваронскай акругі зайшла дыверсійна-разведвальная група УСУ.
«Узброеныя сілы РФ разам з пагранслужбай, Расгвардыяй і ФСБ прымаюць неабходныя меры па ліквідацыі праціўніка», — заявіў Гладкоў.
З’явіліся фота, як сцвярджаецца, з населеных пунктаў Белгародскай вобласці, куды зайшлі дыверсанты, а таксама шматлікіх аўтобусаў, адпраўленых для эвакуацыі насельніцтва.
У Белгародскай вобласці аб'яўлены агульны збор супрацоўнікаў ва ўсіх аддзелах унутраных спраў рэгіёна.
Інфармаваны тэлеграм-канал Baza паведаміў пра крушэнне пад Белгарадам расійскага вайсковага верталёта Мі-8.
У ГУР Украіны падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі пракаментавалі так.
Мэтай аперацыі прадстаўнік вайсковай разведкі Андрэй Юсаў назваў «стварэнне паласы бяспекі для абароны мірных украінцаў».
«Падзеі ў Белгародскай вобласці і іншых прымежных тэрыторыях — наступствы поўнамаштабнага ўварвання і агрэсіўнай вайны пуцінскай Расіі супраць Украіны. Так, адказнасць за гэтыя падзеі ўзялі на сябе грамадзяне РФ, а менавіта сілы РДК і легіёна «Свабода Расіі». Я думаю, што мы ўсе толькі можам павітаць рашучыя дзеянні апазіцыйна настроеных грамадзян Расіі, якія гатовыя да ўзброенай барацьбы са злачынным рэжымам Пуціна», — цытуе прадстаўніка ГУР тэлебачанне «Громадське».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары