Гісторыя2020

У час каранацыі Карл III сядзеў на вялікім камені. Чым адметны гэты кавалак пясчаніку? 

6 мая адбылася каранацыя новага брытанскага манарха Карла III. Пышная цырымонія ў Вестмінстэрскім абацтве не абышлася без незвычайнай рэліквіі — 152-кілаграмовага каменя, гісторыя якога сягае ў тысячагоддзі. 

Карл III перад крэслам караля Эдуарда, у ніжнюю частку якога ўмайстраваны Скунскі камень. Кадр відэатрансляцыі каранацыі BBC

Дакладнае паходжанне каменя, як і яго першапачатковая функцыя, невядомыя. Лічыцца, што ён звязаны з асобай першага шатландскага манарха Кенета I, які жыў у IX стагоддзі. Кенет перавёз гэты камень у старажытную шатландскую сталіцу Скун, дзе на ім каранаваліся ўсе наступныя каралі Шатландыі.

Рэпліка каменя ў Скунскім абацтве. Фота: Wikimedia Commons

У 1290 годзе Шатландыя воляй лёсу засталася без якога-небудзь манарха. У «Вялікай цяжбе» з’явілася аж чатырнаццаць прэтэндэнтаў на карону. Арбітрам у працэсе стаў англійскі кароль, які хацеў скарыстацца бязладдзем і падпарадкаваць суседняе каралеўства. У 1296 годзе шатландскае супраціўленне было рашуча зламана і Эдуард вывез у Вестмінстэр шатландскі каранацыйны камень.

Каралём было заказана адмысловае крэсла (цяпер вядомае пад ягоным іменем), пад сядзеннем якога была зроблена паліца для выкрадзенай рэліквіі. Пасля смерці Эдуарда ўсе памазаныя манархі Англіі, а пасля і Брытаніі (за выняткам дзвюх Марый) каранаваліся на гэтым крэсле, седзячы над «Каменем Лёсу». 

Фотаздымак крэсла караля Эдуарда са Скунскім каменем. Другая палова XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Вяртанне каранацыйнага каменя нават стала ў 1328 годзе асобным пунктам мірнага пагаднення паміж Шатландыяй і Англіяй, але рэліквія тым не менш на стагоддзі засталася ў англічан.

На гэтым гісторыя Скунскага каменя магла б скончыцца, але ў XX стагоддзі ягоны лёс аказаўся непарыўна звязаны з працэсамі ў брытанскім грамадстве. 

У пачатку стагоддзя ў Англіі зарадзіўся рух суфражыстак, якія змагаліся за наданне жанчынам выбарчых правоў і супраць дыскрымінацыі. У сваёй барацьбе яны звярталіся да радыкальных акцый, каб прыцягнуць увагу да праблемы: пераследавалі палітыкаў, спрабавалі штурмаваць парламент, прыкоўвалі сябе ланцугамі да парэнчаў, разбівалі вокны, падпальвалі паштовыя скрыні і пустыя будынкі, закладалі бомбы, каб нанесці шкоду цэрквам і іншай маёмасці.

11 чэрвеня 1914 года суфражысткі заклалі бомбу, начыненую гайкамі і балтамі, побач з каранацыйным крэслам і каменем. Нягледзячы на закладзеную шрапнель, ніхто з прысутных у Вестмінстэрскім абацтве сур’ёзна не пацярпеў, але Скунскі камень раскалоўся на дзве паловы — пра гэта, праўда, стане вядома толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. 

Знаходжанне «Каменя Лёсу» ў Англіі на працягу стагоддзяў з’яўлялася сімвалам палітычнай залежнасці Шатландыі. Там з 1920-х гадоў дзейнічалі арганізацыі, якія выступалі за незалежнасць ад Англіі. У адрозненне ад Ірландыі, якая дамаглася незалежнасці ўзброеным шляхам, Шатландыя ўвесь час патрабавала ад Лондана пашырэння сваіх правоў на самакіраванне. Пад петыцыяй з гэтым патрабаваннем у 1949 годзе падпісалася 2 мільёны чалавек — палова насельніцтва рэгіёна. Але петыцыя і дамаганні шатландцаў былі праігнараваныя асноўнымі палітычнымі партыямі Вялікабрытаніі.

Не дзіва, што на Каляды ў наступным 1950 годзе чацвёра шатландскіх патрыётаў, якія вучыліся ва ўніверсітэце Глазга: Ян Гамільтан, Гэвін Вернан, Кей Мэцісан і Алан Сцюарт — правялі дзёрзкую акцыю. Яны прабраліся ў Вестмінстэрскае абацтва і выцягнулі з каранацыйнага трона сваю нацыянальную рэліквію. Але пры гэтым камень разваліўся на дзве няроўныя часткі — ёсць у гэтым свой сімвалізм, але прычынай таго быў выбух бомбы, учынены раней суфражысткамі. У Глазга студэнты адрамантавалі камень у муляра і схавалі яго ў зламаным трактары.

Гэтая падзея выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. 11 красавіка 1951 года студэнты прынеслі камень у Арбрацкае абацтва, дзе ў 1320 годзе была абвешчана незалежнасць Шатландыі, і ананімна паведамілі паліцыі пра яго месцазнаходжанне. У 1952 годзе камень вярнулі ў Вестмінстэр, а на наступны год на ім ужо каранавалася Лізавета II, якая валадарыла на працягу 70 гадоў да сваёй смерці ў верасні 2022 года.

Каранацыйнае крэсла без Скунскага каменя, вернутага ў Шатландыю. Фота: Wikimedia Commons

З развіццём працэсаў дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі ў Вялікабрытаніі, былой каланіяльнай імперыі, Шатландыя, якая заставалася ў яе складзе, не толькі дамаглася шырокіх правоў на самакіраванне (у 1999 годзе, амаль праз трыста гадоў, быў адноўлены шатландскі парламент), але і сімвалічнага прымірэння з брытанскай каронай. У 1996 годзе брытанскі ўрад перадаў знакаміты Скунскі камень Шатландыі з умовай, што ён будзе вяртацца ў Лондан на час каранацый. З таго часу рэліквія захоўваецца ў Эдынбургскім замку побач з іншымі шатландскімі каралеўскімі рэгаліямі. 

Камень выносяць з Эдынбургскага замка на каранацыю Карла III. Фота: Wikimedia Commons

На каранацыю Карла III Скунскі камень прыбыў роўна за тыдзень, 29 красавіка. З гэтай нагоды настаяцель Вестмінстэрскага абацтва, доктар багаслоўя Дэвід Хойл, сам правёў службу, на якой прысутнічалі толькі запрошаныя святары. А ўжо сёння мы бачылі, як на новага брытанскага манарха, які сядзеў на старажытным Скунскім камені, умайстраваным у каранацыйнае крэсла караля Эдуарда, усклаў карону архібіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі. Спадзяёмся, што тысячагадовая традыцыя не перарвецца і ў наступныя стагоддзі.

Крэсла караля Эдуарда са Скунскім каменем. Кадр відэатрансляцыі каранацыі BBC

Каментары20

  • хх
    06.05.2023
    ну можа так яны выяўлялі сваю пашану і любоў )
  • Лол
    06.05.2023
    У Беларусаў таксама ёсць такая рэліквія. Кубак Ядвігі, знойдзены ў Наваградку і перавезены ў Эрмітаж. Гэта каранацыйны кубак, у Еўропе іх захавалася з дзесятак. Адзін такі выстаўлены у Брытанскім Нацыянальным музеі, як Кубак Ядвігі, каторым каранаваліся ірландскія каралі.
  • Coronation Day
    06.05.2023
    хх, не, там нашкрабана нешта кшталту “P.Abott спаў у гэтым крэсле 5-6 чэрвеня 1800” :)) А бар’еры ад публікі, каб не садзіліся ў рарытэтныя мэблі, ўсталявалі толькі ў 1872-м. 

Цяпер чытаюць

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам9

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам

Усе навіны →
Усе навіны

Юрый Антонаў расказаў, як ён змагаецца з перападамі ціску. Кажа, яму вельмі гэта дапамагае11

Яшчэ ў адной мінскай краме запрацавала сістэма з талонамі ў чаргу, як у банку1

Ваенга, Лазараў і Аверын. На чые выступленні на «Славянскім базары» ўжо раскупілі квіткі13

У Польшчы завялі справу аб ненаўмысным забойстве пасля гібелі актывіста Каспяровіча2

Пратэстоўцы прымусілі Безаса перанесці вяселле далей ад цэнтра Венецыі3

Краўцоў прымусіў Кучынскага апраўдвацца за недасканалую санкцыйную палітыку Еўрасаюза36

Пяць гадоў таму арыштавалі Ігара Лосіка2

МЗС: Беларусь гатова да канструктыўнага супрацоўніцтва з ЗША1

«Мама плакала тры дні, а тата не размаўляў год». Казашка выйшла замуж за беларуса — і сутыкнулася з хэйтам38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам9

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць