«Мразота, свалота, свінота». Z-каналы прызналі, што распаўсюдзілі фэйк, у якім нібыта ўкраінскі вайсковец абражае жанчыну з дзіцем
Учора ў расійскіх прапагандысцкіх каналах завірусілася відэа, у якім украінскія вайскоўцы падразаюць на машыне аўто жанчыны з дзіцем. На кадрах — ваенны шчодра абражае жанчыну, тая моліць аб літасці, дзіця гарлапаніць, ваенны дае аўтаматную чаргу ў бок машыны з цывільнымі.

Сёння прарасійскі тэлеграм-канал «Записки ветерана» прызнаў, што відэа — зроблены расіянамі фэйк. Афіцыйны твітар МЗС Расіі выдаліў ролік са свайго канала. Расследавальнікі мяркуюць, што зняты ролік быў у акупаванай Макееўцы.
На відэа, якое распаўсюдзілася ў расійскіх тэлеграм-каналах, — нібыта здымка з відэарэгістратара аўтамабіля, на якім едзе жанчына з дзіцем.
Іх абганяе машына з украінскім сцягам, з яе выходзяць узброеныя людзі. Адзін з іх называе жанчыну «мразотай» і «свалотай». Пасля таго, як жанчына адказвае ім па-руску, ён патрабуе размаўляць па-ўкраінску і называе яе «свіннёй». У канцы ён адкрывае стральбу — дзіця і жанчына, твараў якіх не відаць, галосяць.
Відэа зʼявілася ў буйных прарасійскіх каналах, у тым ліку Readovka, WarGonzo, канале ваенкара Аляксандра Коца. Ролік апублікаваў таксама афіцыйны твітар МЗС Расіі.
«Аднойчы нацыст — назаўжды нацыст. У такім тэроры жывуць украінцы: паглядзіце, як украінскія вайскоўцы зневажаюць і абстрэльваюць маці з дзіцем на заднім сядзенні, называючы яе «свіннёй» проста за тое, што… яна гаворыць па-руску», — напісаў у публікацыі МЗС.
Сёння адзін з расійскіх каналаў, які апублікаваў гэтае відэа, прызнаў, што яно фэйкавае.
«Нашы крыва практыкуюцца. У правядзенні такіх інфармацыйных аперацый нашым яшчэ вучыцца і вучыцца», — гаворыцца ў пасце.
МЗС РФ выдаліў свой пост з канала.
Карыстальнік PStyle0ne1 ў твітары сцвярджае, што відэа знятае ў расійскім тыле — у раёне горада Макееўка пад Данецкам, акупаваным Расіяй з 2014 года. Гэты аналіз перадрукаваў акаунт GeoConfirmed, які спецыялізуецца на геалакацыі.
Да таго ж, ва Украіне з сакавіка мінулага года забаронена выкарыстанне відэарэгістратараў у аўтамабілях, каб пазбегнуць перадачы інфармацыі аб перамяшчэнні войскаў, звярнуў увагу канал «Агентство. Новости».
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары