Меркаванні55

«Лукашэнка разлічвае не на дыялог — ён патрабуе прызнання». Дыскусія па матывах ліста Сярэдзіча

Адкрыты ліст галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча пра важнасць нацыянальнага прымірэння выклікаў шмат абмеркаванняў.

«Дык што ж рабіць, каб такі горкі лёс не напаткаў кроўную Беларусь? Каб мы, беларусы, не страцілі сваю незалежнасць, свой суверэнітэт, каб мы ў чарговы раз не сталі «северо-западным краем? — задаецца ў лісце пытаннем Іосіф Сярэдзіч. — Адказ на гэтыя хвалюючыя пытанні адзін: без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнасць Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсіх-усіх — і правых, і левых, і кансерватараў і лібералаў, і празаходнікаў і праўсходнікаў — не мець нам шчаслівай будучыні на роднай зямлі». 

Адкрыты ліст спарадзіў пытанні. Хто з кім мусіць прымірыцца? На якіх умовах такое магчыма і ці гатовыя бакі? «Наша Ніва» сабрала некаторыя меркаванні. 

Незалежнасць яднае беларусаў, а не раз’ядноўвае

Сярэдзіч не першы падняў пытанне пра неабходнасць дыялогу: пра перамовы перыядычна кажуць і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. 

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які з 2018 па 2020 гады ўзначальваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, адзначае, што імкненне захаваць незалежнасць краіны яднае расколатае грамадства:

«Незалежнасць Беларусі, яе суверэнітэт — сапраўдная каштоўнасць (пра гэта кажуць сацыялагічныя даследаванні), якая насамрэч яднае і прыхільнікаў улады, і прыхільнікаў дэмакратычных сілаў, тых, хто выйшаў на пратэсты 2020-га года». 

Не трэба аб’ядноўваць грамадскія і палітычныя сілы, для якіх незалежнасць краіны — вышэйшая каштоўнасць, разважае Коршунаў. Галоўнай пагрозай для незалежнасці краіны ён лічыць самога Лукашэнку:

«Ён паступова здае часткі суверэнітэту на карысць Расіі», — адзначае Генадзь Коршунаў.

Былы кіраўнік прафсаюза РЭП Васіль Завадскі таксама катэгарычна не згодны з пазіцыяй, што Лукашэнка сёння з’яўляецца адзіным гарантам незалежнасці краіны і дзеля незалежнасці трэба «перагарнуць старонку», то-бок забыцца на падзеі пасля 2020 года.

Якое прымірэнне патрэбнае беларускаму грамадству?

Дыялог можа адбывацца паміж двума бакамі, якія вызнаюць суб’ектнасць адзін аднаго, падкрэслівае Коршунаў.

«Галоўная загана пазіцыі Лукашэнкі ў тым, што ён нікога, акрамя сябе, у якасці суб’екта, які можа размаўляць пра Беларусь, не разглядае. Адзіная пазіцыя, якая добра чытаецца ва ўсіх яго пасланнях: ён разлічвае не на дыялог, ён высоўвае патрабаванні пра пакаянне», — адзначае Генадзь Коршунаў.

Экс-кіраўнік РЭП лічыць, што нельга ўвогуле выкарыстоўваць катэгорыю «прымірэнне», каб казаць пра цяперашняе грамадства:

«Абсалютная большасць грамадства адзіная ў сваіх памкненнях і жаданнях. Безумоўна, ёсць частка людзей, якія лічаць кіраўніцтвам краіны людзей, што сілай захапілі ўладу і па факце кіруюць. Але ў грамадстве няма радыкальнага расколу (скажам, 55 на 45 адсоткаў), каб разважаць катэгорыямі прымірэння», — мяркуе Васіль Завадскі.

Погляд на праблему залежыць ад таго, які сэнс закладваецца ў паняцце прымірэнне. 

«Найперш адзначу, што для прымірэння патрэбныя два бакі, якіх я асабіста не бачу: каму з кім трэба замірыцца? Згадзіцца з тым, што адзін і той жа чалавек незаконна кіруе краінай? Замірыцца з тымі, хто забіваў і катаваў людзей, хто ператварыў жыццё беларусаў у суцэльную палітычную мясарубку? Так, дараванне будзе, гэта і па-чалавечы, і па-хрысціянску. Безумоўна, мы даруем, але пасля таго, як яны пакаюцца і панясуць пакаранне па законе. Як я казаў, ёсць частка людзей, якія прымаюць той факт, што краінай кіруюць людзі, што сілай захапілі ўладу. З імі трэба мірыцца, і гэта цалкам нармальны працэс — жыць сумесна ў адным грамадстве людзям, якія маюць розныя погляды», — разважае былы лідар прафсаюза РЭП.

Зміцер Салаўёў, галоўны рэдактар тэлеканал «6TV Biełaruś», лічыць, што грамадства не гатовае да прымірэння без крокаў насустрач з боку ўлады.

«А менавіта: пакаранне тых сілавікоў, якія парушалі законы, катавалі людзей. Калі рэжым пойдзе, хаця б часткова, на пакаранне гэтых людзей, тады магчымая нейкая размова. Без таго ніякая размова проста немагчымая: яшчэ вельмі свежыя і балючыя для людзей усе гэтыя падзеі», — кажа Салаўёў.

Ці патрэбнае прымірэнне Лукашэнку?

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў мяркуе, што Лукашэнка не робіць ніводнага кроку да нацыянальнага прымірэння.

«Яму гэта не патрэбнае, для яго гэта пагроза. Дыялог — гэта шлях да кампрамісу, для нейкага ўзгаднення сваіх пазіцый. Узгадненне пазіцый азначае, што трэба пайсці на саступкі, — кажа сацыёлаг. — Наадварот, уся дзейнасць Лукашэнкі скіраваная на паглыбленне расколу ў грамадстве. Праз дэгуманізацыю і дэманізацыю тых, хто не падзяляе яго погляды на Беларусь і на яе будучыню».

Улада саспее да прымірэння тады, калі не стане чым плаціць сілавому блоку, мяркуе Зміцер Салаўёў.

«Калі эканоміка Беларусі прыйдзе ў поўны заняпад — тады нейкія крокі насустрач магчымыя. Але цяпер, калі самымі ўплывовымі з’яўляюцца сілавікі, калі ім трэба паказваць, што яны для чагосьці патрэбныя, то наўрад ці сітуацыя зменіцца», — разважае Зміцер Салаўёў.

Умовы Лукашэнкі могуць быць непрымальныя для грамадства

Пра тое, на якіх умовах Лукашэнка пайшоў бы на прымірэнне, разважаў у сваім тэлеграм-канале Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання.

«Гэта, па-першае, поўнае прызнанне яго перамогі на прэзідэнцкіх т.зв. выбарах 2020 года, прычым прызнанне публічнае і пакаяльнае. Прызнанне як асноўнымі фігурантамі тых падзей, гэтак і тысячамі іх шараговых удзельнікаў.

Усе, хто асуджаны, павінны будуць напісаць прашэнні аб памілаванні з абавязковым прызнаннем сваёй палітычнай памылкі (падкрэсліваю: не толькі юрыдычнай віны, але і палітычнай памылкі).

Другое: уся грамадская актыўнасць павінна ісці выключна ў межах вызначаных уладай формаў: для моладзі — БРСМ, для старэйшых — «Белая Русь», і г.д. Роўна гэтак, як і ў якім-небудзь 1938 у СССР. Ніякай «свабоднай прэсы», пра «экстрэмісцкія» тг-каналы і казаць няма чаго.

Трэцяе, вельмі важнае: усе тыя, хто жадае захаваць незалежнасць, павінны аднойчы і назаўсёды зразумець, што ніякага іншага кіраўніка краіны, акрамя як чалавека з прозвішчам Лукашэнка, у прыродзе няма і быць не можа. Адпаведна, змірыцца з тым, што ўлада будзе перададзеная Лукашэнку-малодшаму (як у Азэрбайджане ці Сірыі). А той — свайму сыну. І гэтак далей», — піша Навумчык.

Чацвёртым складнікам ён называе ідэалагічны. На яго думку, для прымірэння, якім яго бачаць улады, давядзецца прызнаць нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» «нацысцкімі», савецкі перыяд найлепшым у гісторым і забыць пра пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

Чытайце таксама:

«Без нацыянальнага прымірэння нам не захаваць незалежнасці Беларусі». Іосіф Сярэдзіч выступіў са смелым адкрытым лістом

Жыхары Кукшавіч высмеялі прадпрымальніка, які напісаў зварот Лукашэнку пра дарогу. Прадпрымальнік: «Землякі зайздросныя»

«Рэальны шанец зваліць Лукашэнку быў у 96-м». Алесь Міхалевіч пра палітычную маладосць, выбары, Каардынацыйную раду і свае спадзяванні

Каментары5

  • Аля з Мола
    21.03.2023
    Александр Рыгоравич - наш Прэзидэнт.
  • ×*×*×*
    21.03.2023
    Аля з Мола, вы часам не з Ру-Мола? Тады ваш прэзидзент той, на каго на днях ордэр выдалі.
  • Эксэльсьёр
    22.03.2023
    Няхай прыязджае ў Гаагу, сусьветная вядомасць, пэўнае прызнанне гарантаваныя, запрашаем! Зноў такі ўсіх ягоных прысцібаяў..!

Цяпер чытаюць

У выніку ўдару па Данецку загінуў адзін з камандуючых расійскай арміяй

У выніку ўдару па Данецку загінуў адзін з камандуючых расійскай арміяй

Усе навіны →
Усе навіны

У вёсцы пад Оршай пры падрыхтоўцы да Дажынак знішчылі гістарычныя будынкі3

Санкцыйная палітыка адміністрацыі Трампа дазваляе Расіі папаўняць вайсковы бюджэт2

Муж Маргарыты Ляўчук быў паранены на фронце5

Зяленскі пазбавіў украінскага грамадзянства мітрапаліта УПЦ Ануфрыя2

На мінскай Камароўцы ў два разы патаннелі лісічкі

У Мінску закладчык падманваў наркашоп: замовы прымаў, але наркотыкі пакідаў сабе3

Правакатар, які накінуўся на Латушку, днямі крычаў «Ганьба!» і Пазняку10

Сяргей Ціханоўскі расказаў, за каго б ён прагаласаваў на будучых прэзідэнцкіх выбарах63

Катаванне перфаратарам. Мінчанка сутыкнулася з «вечным» рамонтам у суседзяў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У выніку ўдару па Данецку загінуў адзін з камандуючых расійскай арміяй

У выніку ўдару па Данецку загінуў адзін з камандуючых расійскай арміяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць