Праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага камітэта звярнуліся да кіраўніцтва Чырвонага Крыжа пасля недапушчальных, на іх думку, публічных выказванняў кіраўніка беларускага аддзялення арганізацыі. У эфіры дзяржаўнай тэлевізіі Дзмітрый Шаўцоў назваў гомасексуальнасць «хваробай» і заявіў, што яе «трэба лячыць».

Скандальнае выказванне генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, доктар Дзмітрый Шаўцоў зрабіў у эфіры тэлеканала СТБ 18 кастрычніка.
«Разумеючы несумяшчальнасць паводзін генеральнага сакратара БТЧК з прынцыпамі арганізацыі — гуманнасцю, нейтральнасцю, бесстароннасцю і незалежнасцю, — эксперты Беларускага Хельсінкскага Камітэта і Беларускага фонду медыцынскай салідарнасці накіравалі лісты ў розныя інстытуты Чырвонага Крыжа», — заявілі праваабаронцы.
Звароты сярод іншага адправілі кіраўніку місіі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Рэспубліцы Беларусь, прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнароднаму Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама прэзідэнту Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа.
Беларускі Чырвоны Крыж — праўладная арганізацыя, якая актыўна ўдзельнічае ў многіх арганізаваных лукашэнкаўскім рэжымам мерапрыемствах, у тым ліку палітычнага і прапагандысцкага характару. Але кіраўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа дагэтуль не бачыла ў гэтым ніякіх праблем, не рэагуючы на шматлікія скаргі і звароты, якія адпраўлялі на яго адрас.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары