Тэатр33

Натэла Дадзішкіліяні: Спачатку вярнуся на Радзіму. А там пабачым…

Інтэрв'ю з зоркай беларускага балета.

Яна — адна з зорак беларускага балета 1980—1990-х, якой у тыя гады захапляўся увесь свет. Скончыўшы кар'еру, Натэла Дадзішкіліяні працавала педагогам-рэпетытарам, а потым нечакана знікла з поля зроку. «Народная Воля» адшукала Натэлу на Аравійскім паўвостраве…

— На фестывалі «Балетная лета ў Вялікім», які ў гэтым годзе ўпершыню арганізаваў Нацыянальны тэатр оперы і балета, мне ўдалося пагутарыць з вашым бацькам, балетмайстрам і рэжысёрам Атарам Дадзішкіліяні, які ў 1960—1970-я гады працаваў у Мінску. Яму ўжо 91-ы год, але выглядае ён гадоў на трыццаць маладзей! У чым прычына такога даўгалецця?

— Зразумела, сваю ролю адыгралі гены (продкі Атара Дадзішкіліяні — са знакамітага ў Грузіі княскага роду). Але самае галоўнае — ён да гэтага часу працуе рэжысёрам у Ніжагародскім тэатры оперы і балета. У мінулым годзе паставіў «Аіду», якая часам не пад сілу і маладым. Калі б сядзеў дома, то ніколі не выглядаў бы добра. А так раніцай робіць зарадку — і бяжыць у тэатр. Бо ён там патрэбны. Наогул, мне здаецца, трэба працаваць усё жыццё.

— Вы нарадзіліся ў Чэлябінску, але працавалі ў Беларусі. Кім сябе адчуваеце? Ці існуе адна нацыянальнасць — балерына?

— У Чэлябінску я жыла толькі першыя чатыры гады жыцця. Ужо ў 1964-м мы пераехалі ў Мінск. Таму лічу сябе беларускай.

— Ваш бацька — вядомы харэограф, маці — балерына, народная артыстка Беларусі Клара Малышава. Выбар прафесіі быў прадвызначаны?

— Якраз, не. Мама і тата хацелі, каб я займалася музыкай, таму аддалі ў музычную школу — спачатку 4-гадовую, потым 7-гадовую. Планавалі, што паступлю ў кансерваторыю.

А я з дзяцінства жыла балетам. Хадзіла на ўсе спектаклі, перашывала маміны сукенкі і танцавала, калі ніхто не бачыў.

У дзяцінстве ўсе шпалеры ў маім пакоі былі залепленыя рэпрадукцыямі, на якіх былі выявы балерыны Кацярына Максімавай — мойго куміра ў балеце.

— Вы прыйшлі ў тэатр у 1979 годзе, калі трупу ўзначальваў Валянцін Елізар'еў. У яго было нейкае асаблівае стаўленне да дачкі галоўнага балетмайстра Дадзішкіліяні?

— Рэўнасці з боку Валянціна Мікалаевіча быць не магло: калі ён прыйшоў у тэатр, бацька ўжо з'яўляўся галоўным рэжысёрам. А на пасадзе галоўнага балетмайстра Елізар'еў змяніў Аляксея Андрэева.

Што тычыцца Атара Міхайлавіча, то ён вельмі добра ставіўся да Елізар'ева. Зразумела, мне як дачцэ было крыху сумна, калі з рэпертуару здымаліся такія пастаноўкі бацькі, як «Альпійская балада» ці «Выбранніца». Але я разумела: яны аджылі свой век. Калі параўноўваць гэтых двух харэографаў, то пастаноўка «Рамэа і Джульета» Елізар'ева аказалася больш магутнай, чым аднайменная пастаноўка бацькі. А вось «Спартак» Атара Міхайлавіча падаваўся мне больш маштабным: у сваёй пастаноўцы Елізар'еў скараціў асобныя фрагменты партытуры.

— Як складалася ваша кар'ера ў беларускай трупе?

— Пяць гадоў я танцавала ў кардэбалеце. Праўда, пасля трэцяга года мне сталі даручаць невялікія партыі — Валадаркі дрыядаў у «Дон Кіхоце», Фею пяшчоты ў «Спячай прыгажуні», адну з сябровак у «Жызэлі». У 1983 годзе стала салісткай. Тады Людміла Бржазоўская дапамагла падрыхтаваць першую вялікую партыю — Еву ў «Стварэнні свету».

Лічу, што я змагла сябе рэалізаваць як балерына. Тое, што хацела танцаваць, пра што марыла ў маладосці, — танчыла. З класічнай харэаграфіі — лірычных гераінь. Але больш за ўсё — у балетах Елізар'ева (Фрыгія ў «Спартаку», Джульета ў «Рамэа і Джульеце», Каханая ў «Карміна Бурана», Дзева-Выбранніца ў «Вясне святой»).

Калі Валянцін Мікалаевіч з'явіўся ў Мінску, адбыўся выбух, абнаўленне. Беларускі балет пераадолеў пэўную рысу і апынуўся на міжнароднай арэне.Да канца 1980-х мы былі сведкамі «залатога веку» айчыннага балета.

У балетах Елізар'ева я знайшла сябе. Яны былі аддушынай. У іх мне падабалася ўсё, я сама сабе падабалася. А гэта вельмі важна. Успамінаю пра той час да сёння.

— Далікатнае пытанне. Вы — заслужаная артыстка Беларусі. Але званне народнай ні вам, ні вашай аднакласніцы і калезе Таццяне Шаметавец не прысвоілі. Чаму?

— Раней атрымаць званне было складаней. Усё залежала ад Міністэрства культуры. Трэба было вельмі шмат даказваць і працаваць. Цяпер — раз, і «ў дамкі»… Але шкадавання з-за таго, што я не стала народнай, няма.

— Быў у вашым жыцці і японскі перыяд…

— Так, у 1998 годзе я сышла з беларускай балетнай трупы і з'ехала ў Японію. Тады ўжо год знаходзілася на пенсіі (у танцоўшчыкаў яна ранняя), але, па вялікім рахунку, магла яшчэ некалькі гадоў працаваць. Калі прыйшла з заявай аб сыходзе і сказала, што еду ў Японію, Елізар'еў мяне не зразумеў. «Натэла, — сказаў ён, — калі ты вернешся, мы цябе ўжо назад не возьмем». Але ў той момант мне проста хацелася танцаваць.

У Японіі ўжо тады існаваў балетны бум. Дзяўчаты спалі і бачылі сябе балерынамі. Аднак у краіне існавала ўсяго адна стацыянарная трупа — «Токіа-балет», куды было складана патрапіць. Таму японцы маглі ўвесь дзень працаваць, а ўвечары займацца за грошы ў прыватных студыях, куды набіралі ўсіх ахвотных. Два гады я працавала ў адной з такіх студый, размешчаных на Кюсю — трэцім па велічыні востраве Японіі. Я выкладала танец, перанесла некалькі балетаў і харэаграфічных мініяцюр, у якіх сама танцавала. З імі мы гастралявалі па ўсім востраве.

— Чаму ж вы з'ехалі?

— Мой кантракт з самага пачатку быў крыху дзіўны. У месяц плацілі ўсяго 500 даляраў. Гэтая сума была большай, чым я атрымлівала ў Мінску, але для Японіі гэта смешныя грошы. Але мне вельмі хацелася танцаваць, таму на фінансы не звяртала ўвагі. Потым усё ж паразмаўляла з кіраўніцтвам, і зарплату паднялі да 1,5 тысячы. Але для Японіі гэта ўсё роўна няшмат. Рускамоўных людзей побач не было, а мая англійская яшчэ не была такой добрай, як цяпер. Я папрацавала два гады, і не вытрымала і вярнулася.

— У Мінску вы некаторы час з'яўляліся рэпетытарам у балетнай трупы Музычнага тэатра. Між тым у тэатральным асяроддзі доўгі час хадзілі чуткі аб канкурэнцыі і нават суперніцтве паміж Валянцінам Елізар'евым і Ніно Дзячэнка. Гэта праўда?

— Такое суперніцтва сапраўды існавала. Дзячэнка ставіла балеты з тымі ж назвамі, што ішлі ў Вялікім. А Валянцін Мікалаевіч баяўся, што некаторыя гледачы могуць пераблытаць і пайсці ў іншы тэатр. Ды і наогул, як любы творчы чалавек, ён хацеў быць першым і адзіным харэографам.

Але пік гэтага супрацьстаяння прыйшоўся на 1990-я. Калі я вярнулася з Японіі і прыйшла ў Музычны ў якасці рэпетытара, нарэшце паглядзела ўсе балеты. Стала зразумела, што ніякіх падстаў для рэўнасці няма. Трупа была маленькая. Параўноўваць яе прадукцыю з балетамі Вялікага некарэктна. Ды і Дзячэнка да таго часу стала называць спектаклі па-іншаму.

— У верасні 2009 года вы нечакана пераехалі на Аравійскі паўвостраў — у Аман …

— Балетнай трупы Музычнага ў ранейшым выглядзе ўжо не існавала. Дзячэнка была цудоўным педагогам і кіраўніком (магла зляпіць танцоўшчыка літаральна з нічога!). Мяне адмежавалі ад аперэты, і я рэпетавала толькі класічны балет. Але паступова ў нашы справы пачаў умешвацца дырэктар тэатра Аляксей Ісаеў. Ён запомніўся як дзіўны, вельмі не творчы чалавек (хоць пра сябе, напэўна, думаў інакш). Нічога не разумеючы ў харэаграфіі, ён пачаў тлумачыць Ніне Мікалаеўна, як трэба ставіць балеты. У рэшце рэшт яна не вытрымала і пайшла, а трупа фактычна распалася. Я працавала ў Музычным яшчэ некалькі гадоў. А затым пазнаёмілася з педагогам Алёнай Грамовіч, якая з'яўляецца дырэктарам школы балета ў Маскаце, сталіцы Амана. Яна запрасіла мяне папрацаваць выкладчыкам танца.

— Якім было ваша першае ўражанне ад Усходу?

— Аман — вельмі маладая, сучасная і багатая краіна, дзе жыве вельмі шмат замежнікаў. У апошні час з'явілася шмат школ і каледжаў. Працуе ўніверсітэт. Амаль усе мясцовыя жыхары (нават таксісты) размаўляюць па-ангельску. Тут можна жыць без ведання арабскай.

Галоўны мінус — спякота! Зразумела, у кожным памяшканні ёсць кандыцыянеры. Але ж часам даводзіцца выходзіць на вуліцу. Калі ўзімку слупок градусніка падымаецца да 25—30 градусаў, то ўлетку — да 50!

Ніхто з мясцовых жыхароў не ходзіць пешшу. Усе перасоўваюцца на машынах. Таму ў дарог ёсць толькі праезджая частка, а тратуары адсутнічаюць. Калі мы з мужам часам ідзем пешшу ў краму, то на вуліцы больш нікога няма.

— Чым жа вас прыцягвае Аман?

— Толькі працай. Там я зарабляю 1,5 тысячы даляраў у месяц. Муж, выкладчык англійскай ва ўніверсітэце — 4000 (праўда, кожны з нас аддае 500 даляраў за нашу кватэру). Сумняваюся, што мне прапануюць такія ўмовы ў Беларусі. Пры гэтым кошты на прадукты ніжэйшыя, чым у Мінску. Кожны раз, прыязджаючы дадому, пераконваюся: Беларусь — вельмі дарагая краіна.

Спачатку думала, што хутка паеду з Амана. Чужое асяроддзе, усе іншае, мала вучняў. Першы час займаліся ўсяго 2—3 дзяўчынкі. Астатнія прыходзілі на адныя-двое заняткаў і сыходзілі. Казалі: «Мы думалі, балет — гэта весела. А тут сумна». У нейкі момант зразумела, што такое доўгае навучанне, як у нас у каледжы, нікому не трэба. Практычна ніхто з маіх вучаніц-аманак ужо не стане балерынай. У 16 гадоў кожная з іх надзене абаю — верхнюю вопратку, якая цалкам схавае іх постаць ад мужчынскіх вачэй. Таму трэба хутка тлумачыць ім элементы танца, прыспешваць наперад і выпускаць на сцэну. Каб дзяўчынкі выступалі ў канцэртах і атрымлівалі задавальненне. А тэхніку можна нагнаць потым. Так з'явіліся новыя вучні. Выкладаю ў двух груп дзяўчынак: 8—11 і 11—16 гадоў. У класах дзеці ўсіх нацыянальнасцяў (еўрапейцы, амерыканцы, арабы). Адна амерыканка марыла стаць балерынай. Калі яе бацькоў перавялі ў Арабскія Эміраты, па-ранейшаму прыязджала да мяне на заняткі.

— Статус заслужанай артысткі Беларусі, прымы Вялікага тэатра оперы і балета дазволіў вам высока каціравацца на Усходзе?

— Зразумела, нашы званні ім ні пра што не кажуць. Аманцы разумеюць: калі «заслужаны», значыць, чагосьці дамогся. Але не болей за тое. А вось узгадка пра Вялікі тэатр выклікае ў іх захапленне. Справа ў тым, што рускі балет і закладзеныя ім класічныя традыцыі вельмі высока цэняцца ва ўсім свеце. Паміж танцоўшчыкамі з Беларусі, Украіны і Расіі аманцы не бачаць розніцы. Таму магу колькі заўгодна тлумачыць, што танчыла ў Вялікім тэатры не Масквы, а Мінска, але ніхто не будзе слухаць.

— Якія ўражанні ад мясцовых жыхароў?

— Больш стасуюся з рускамоўнымі. Так, адна мая добрая сяброўка працуе ў нафтавай кампаніі, другая — педагог англійскай мовы, трэцяя — акуліст. Калі казаць пра вучняў, то хутка знайшла кантакт з еўрапейкамі і амерыканкамі. А вось з мясцовымі часам узнікае бар'ер у зносінах. Яны вельмі закрытыя. Індусы наогул успрымаюць нас праз колер скуры. Часам здаецца: калі яны бачаць «белага», як быццам ўнутрана «згортваюцца».

З боку аманцы здаюцца добрымі і чулымі, але пры гэтым наіўнымі людзьмі. Ім бракуе эрудыцыі, начытанасці. Зусім па-іншаму, чым мы, разумеюць мастацтва. Падчас паказу «Рамэа і Джульеты» яны могуць смяяцца там, дзе мы плачам. Падчас паказаў у кінатэатры могуць размаўляць на ўсю залу. Калі казаць пра жанчын, то іх зачапіла еўрапеізацыя. Напрыклад, з'явіліся празрыстыя абаі або гэтае ж адзенне, але з наваротамі і капюшонамі.

— Вы згадалі балет. А хіба ў Маскаце ёсць тэатр?

— Аман — абсалютная манархія. Але султан Кабус бен Саід вельмі любіць мастацтва. Таму ў гэтай краіне (адзінай на Аравійскі паўвостраў) пабудавалі будынак тэатра. Яго плошча крыху перавышае плошчу нашага Опернага. Сваёй трупы ў Маскаце няма. Але пастаянна прыязджаюць знакамітыя гастралёры — American Ballet Theater, Марыінскі тэатр, трупа з Капенгагена, Ла Скала, якія паказваюць оперы, балеты, ладзяць канцэрты.

Аднойчы італьянцы прывезлі «Турандот». Султану так спадабалася сцэнаграфія, што ён купіў дэкарацыі!Цяпер яны захоўваюцца ў будынку тэатра. Цікава, што з пастановак смела выразаюць усе эратычныя сцэны.

Сезон пачынаецца ў кастрычніку і заканчваецца ў траўні. Квіток у тэатр на самыя дарагія месцы можа каштаваць да 100 даляраў. На месцы горшым — 40-50 даляраў. Наш заробак дазваляе глядзець усе лепшае.

— Кожнае лета вы наведваеце Беларусь, а значыць, і наш Оперны. Якія ўражанні?

— Шкада, што ў тэатры зараз няма Елізар'ева. Чалавека, які стварыў гэтую трупу. Шкада, што зараз здымаюцца ўсе яго балеты. У афішы няма «Жар-птушкі» і «Вясны свяшчэннай», практычна не ідуць «Спартак» і «Стварэнне свету». Не хачу падацца старой грымзай, але перакананая: калі нешта здымаць, то трэба ставіць лепш. Бачыла новую версію «Шчаўкунка». Яна моцна саступае елізар'еўскай. Так, у трупе ёсць тэхнічны выканаўцы — Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава. На жаль, моладзь я не ведаю. Так, яны вельмі тэхнічныя, але менш звяртаюць увагу на пластыку, драматызм, менш ужываюцца ў ролі. Зрэшты, многія маладыя танцоўшчыкі цяпер з'язджаюць з краіны.

У часы СССР было не важна, колькі артыст зарабляе. Цяпер — важна. Цяпер наогул не лепшы момант для мастацтва.

— Якія вашы планы надалей? Плануеце працаваць у Амане?

— Думаю папрацаваць яшчэ адзін сезон і вярнуцца. Калі б была адна — абавязкова засталася ў Беларусі. Але невядома, ці знойдзе тут працу мой муж. Мы пазнаёміліся з ім у Амане. Па нацыянальнасці ён рускі, але яшчэ ў савецкі час з'ехаў на Захад. Жыў у Нью-Ёрку, вучыўся ў Калумбійскім універсітэце. Па пашпарце — грамадзянін Канады. Але ў любым выпадку спачатку на некаторы час вярнуся на Радзіму. А там пабачым…

Каментары3

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт6

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт

Усе навіны →
Усе навіны

З мінскай міліцыі звольніўся найлепшы супрацоўнік падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі — і адкрыў сваю IT-кампанію15

Беларускі воблачны правайдар ActiveCloud паведаміў пра сур'ёзны збой праз кібератаку

У Мінску бабры перайшлі ў атаку на дрэвы8

Зяленскі заявіў, што Расія «спрабуе падзяліць Украіну па Дняпры»

Лукашэнка паляцеў у Расію1

Загінуў аўтаслесар-лудаман з Віцебшчыны. Грошы прайграваў у казіно, а зарабляць пайшоў на вайну4

Зяленскі гатовы сустрэцца з Пуціным нават у Антарктыдзе3

Скардзіўся на зубны боль і апынуўся ў рэанімацыі. Удава расказала пра раптоўную смерць мужа14

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт6

Беларуска год адпрацавала дальнабойшчыцай у Еўропе. Цяпер спрабуе паступіць у італьянскі ўніверсітэт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць