Навука і тэхналогіі2424

Хахулін лёс

Піша Сяргей Харэўскі.

Два тыдні таму было афіцыйна абвешчана пра знікненне ў Беларусі яшчэ аднаго віду нашай фаўны — хахулі, або, на лаціне, — Desmana moschata.

Хахуля, сучасніца мамантаў, захавалася амаль без зменаў цягам дзясяткаў мільёнаў гадоў. Найбліжэйшыя хахуліны суродзічы — вожыкі і буразубкі.

Беларуская назва «хахуля» ўтвораная ад старажытнаславянскага дзеяслова «хухаці» («смяр-дзець, тхнуць»), з якога ўтварыўся беларускі дзеяслоў «хукаць» (выдыхаць цёплае паветра, грэць, дыхаючы цёплым паветрам). Жывёла так была званая спрадвеку ў нашым народзе з-за характэрнага мускуснага паху. А яе лацінскае імя desmana можна перакласці як мускусны пацук.

Хахулі шырака жылі ў Пасожжы і ў Падняпроўі. Але ўжо ў 1951 яны вадзіліся толькі на рацэ Асцёр на Магілёўшчыне.
У 1955—1962 хахуляў інтрадукавалі, завозячы з Расіі і выпускаючы ў Глускім, Пухавіцкім, Чачэрскім раёнах. Але праз некалькі гадоў іх там ужо не выяўлялі. Праўда, у 1982 яе заўважылі на Пцічы. Хахуля як рэлікт нязменна мела асабліва ахоўны статус, з-за сваёй унікальнасці і надзвычайнай каштоўнасці футра і мускусных залозаў. Яна была заўжды ў Чырвоных кнігах СССР і БССР.

Зрэшты, як і ва ўсіх іншых выпадках, з якога краю ні вазьмі, словазлучэнне «ахоўваецца дзяржаваю» не нясе ў сабе аніякага сур’ёзнага сэнсу. Шмат у каго яно выклікае адно горкую іронію.

Драматычны вынік сваёй прыродаахоўнай дзейнасці канстатавалі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў: «Спецыяльных даследаванняў ніхто не праводзіў, але з Чырвонай кнігі звярка выключылі як зніклы від», — афіцыйна паведамілі чыноўнікі.

У Міністэрстве аховы навакольнага асяроддзя не сталі ўдавацца ў сутнасць сваёй ахоўнай дзейнасці, прыводзіць прыклады, аналізаваць тое, што рабілася для зберажэння ў Беларусі рэліктавай хахулі. А вось вінаватага знайшлі — амерыканскую норку!

Гэта справядліва часткова, бо таксама шкодзяць хахулі і андатры, але перадусім — людзі, якія каналізавалі рэкі, браканьераць з электравудамі, разбураюць берагі з норкамі хахуляў.

Тым часам у суседняй Расіі некаторыя захады, каб стабілізаваць папуляцыю хахуляў, робяцца. Найперш — гэта правядзенне шырокіх мерапрыемстваў па іх рассяленні. Заўважана, што хахулі выдатна пачуваюцца ў суседстве з бабрамі, бо сілкуюцца па-рознаму, а бабры пры тым адпужваюць хахульчыных канкурэнтаў. Бабры раздражняюць рыбакоў-браканьераў, якія не могуць паставіць свае сеткі паблізу ад іх хатак. А хахулям гэта вельмі дарэчы. Да таго ж, норамі баброў яны бяспечна падарожнічаюць паміж сваімі ўласнымі норамі. У сваю чаргу, хахулі ядуць слімакоў, якія з’яўляюцца носьбітамі небяспечных для баброў паразітаў. Дачыненні гэтых жывёлаў відавочна адзначаны ўзаемнай павагай: апісаны выпадак, калі хахуля забралася на спіну бабра, і той паблажліва цярпеў такога пасажыра...

А чыноўнікі яшчэ папярэдзілі, што амерыканская — шкодная — норка можа стаць вінаватай у знікненні яшчэ шэрагу відаў — еўрапейскай норкі, тхара, куніцы, белай курапаткі.
Вядома ж, было б жаданне, можна было і ўсе гэтыя віды, разам з хахуляй, вярнуць назад у нашую прыроду, як і колісь звычайных у нас дропата, лань, ляснога ката… Але жадання няма! Як няма жадання адбудаваць Фару Вітаўта ў Гродне.

Што Чырвоная кніга, з якой можна выкідаць любыя віды фаўны, што дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нічога не гарантуюць ні аб’ектам аховы, ні нам. Часам здаецца, што і беларусы, пакладаючыся на бяздзейнае і безыніцыятыўнае чынавенства, могуць, урэшце, паўтарыць лёс хахулі — знікнуць з уласнай зямлі.

***

    За апошнія сто гадоў з тэрыторыі Беларусі зніклі наступныя віды фаўны: хахуля, расамаха, лясны кот, чорны матыль Апалон, малюск Жамчужніца звычайная, балтыйскі асетр, выразуб, дропаты. З’явіліся — амерыканская норка, андатра, янот-паласкун, янотападобны сабака.

Каментары24

Цяпер чытаюць

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла2

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Усе навіны →
Усе навіны

Сцвярджаецца, што кіраўнік Butikavto Іван Лябейка ўжо на свабодзе2

У Беларусі могуць павялічыць мінімальную суму аліментаў3

Лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада вярнулася на радзіму10

У грузавы цягнік, які ехаў у Гомель, трапіў дрон. Загінуў машыніст7

Вакол рэзідэнцыі Пуціна паставілі яшчэ 16 вежаў СПА — агулам іх ужо больш за 5014

У аграгарадку на 500 чалавек адкрылі манікюрны кабінет5

Пуцін заявіў, што Еўропа не можа прывіць мігрантам сваю культуру, бо сама яе страціла13

Мінчук паказаў, як разам з суседзямі прывёў у парадак пад’езд18

9 модных сукенак гэтага сезона восень-зіма5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла2

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць