Архіў

Гары Куманецкі. Падораная вайна

№ 09 (130) 1999 г.


Падораная вайна

 

Вайна 1831 году дзеліць гісторыю нашае культуры на да і пасьля. Да існавалі ўнівэрсытэт, кляштары, магнацкія рэзыдэнцыі, пры якіх былі калегіюмы, школы, бібліятэкі, тэатры, музэі, шпіталі... Пасьля ўсяго гэтага ня стала. Засталася дата — 1831 год і пытаньні. Першае зь іх — як называць тую вайну?

У Польшчы яе называюць Лістападаўскім паўстаньнем, маючы на ўвазе лістапад 1830 году. У Беларусі яна пачалася толькі ў сакавіку 1831-га, а скончылася ў 1833-м. Палякі змагаліся за сваю канстытуцыю й дзяржаўнасьць. Яны мелі аўтаномію, сэйм і нават войска... Беларусы ня мелі нічога і змагаліся «за нашу і вашу свабоду»... Стары расейскі слоўнік Бракгаўза спасылаецца на кнігу нейкага Пузырэўскага «Польская война 1831»... Гэтак яна і ўвайшлі ў эўрапейскую гісторыю. Чужая вайна... Але кроў была наша. Атрымалася, што беларусы падарылі тую вайну палякам, якія пасьпелі эміграваць, французам, супраць якіх Расея не адправіла войскаў, Каўказу, зь якога тыя войскі таксама былі адцягнутыя ў наш край. Беларусы сталі героямі... Безь перамогі, бяз славы, без імёнаў.

Паспрабуем усё ж пэрсаніфікаваць вайну 1831 году. Сёньня б тых змагароў назвалі інтэлігентамі. Прафэсар Яўхім Лялевель, філёляг і гісторык, колішні загадчык катэдры ў Віленскім унівэрсытэце, стаў ідэйным правадыром для паўстанцкай моладзі. Уся культурная эліта Беларусі спрычынілася да вайны. Адныя яе рыхтавалі і былі сасланыя крыху раней, другія ў эміграцыі зьбіралі апошнія сілы й апошнія грошы, трэція біліся са зброяй у руках... Кампазытары Агінскі і Абрамовіч, вучоныя Балінскі й Дамейка, літаратары Ходзька і Гарэцкі, мастакі Сухадольскі і Дмахоўскі ды шмат, шмат іншых... Хто стаў героем? Паэтка й зьбіральніца беларускага фальклёру, дваццаціпяцігадовая графіня Эмілія Плятэр камандавала паўстанцамі. Міхал Валовіч, малады філёзаф і эканаміст, студэнт Лялевеля браў у вайне чынны ўдзел, эміграваў у Парыж, тэарэтычна абгрунтаваў адмену прыгону і стварэньне Беларуска-Літоўскай рэспублікі. У сакавіку 1833 году вярнуўся нелегальна ў Беларусь. Вёў агітацыю на Слонімшчыне й Навагарадчыне, стварыў партызанскі сялянскі атрад. Напрыканцы траўня атрад разьбілі. Гэта быў апошні, трагічны акорд вайны. Валовіч ва ўзросьце 27 гадоў быў павешаны. Дзьве згаслыя зоркі — дзяўчына й хлапец...

Дзе ж слава? Адам Міцкевіч прысьвяціў падзеям тае вайны сваю паэму «Дзяды». Магутным творам, зьвязаным з вайною, стаў палянэз «Разьвітаньне з Радзімаю» Агінскага, напісаны ў 1831 годзе. Сусьветная клясыка... Большага ў беларускай культуры пра тыя падзеі не сказана й да сёньня. На пачатку ХХ стагодзьдзя «Наша Ніва» згадала аднаго з натхняльнікаў таго вызвольнага руху, Сымона Канарскага, расстралянага ў Вільні. А зусім нядаўна скульптар Павал Лук стварыў невялікі барэльеф у гонар Эміліі Плятэр. Колькі словаў у кнігах Мальдзіса, Александровіча, Тарасава... Вось, бадай, і ўсё.

Чаму? Па-першае, усё ж польская традыцыя, узьнятая на шчыт «вялікай эміграцыяй», аказалася вызначальнаю. Гэта было на руку й расейцам, якія разьдзімалі «польскую ідэю», пераконваючы тым самым беларусаў у тым, што іхная гісторыя — зусім ня іхная, а чужая, польская. Менавіта пасьля тае вайны расейцы забаранілі нават згадваць назвы Беларусь і Літва. Па-другое, за савецкім часам гэтая вайна таксама атаясамлялася са шляхецкім закалотам, але выстаўлялася чужою нам ужо з сацыяльных прычынаў.

Чым стала вайна для нашай культуры? Наступствы паразы былі катастрафічныя. Тысячы людзей былі расстраляныя, павешаныя, сасланыя на катаргу. Дзясяткі тысячаў былі пазбаўленыя маёмасьці і шляхецкіх правоў. У князя Яўстаха Сапегі канфіскавалі маёнткі ў Ружанах і Дзярэчыне. Там былі велізарныя кнігазборы і ўнікальныя мастацкія калекцыі. Пры канфіскацыі толькі сьпіс карцінаў склаў 22 аркушы, а ювэлірных вырабаў з срэбра — 18...

Былі скасаваныя й выгнаныя ўсе каталіцкія кляштары. Ліквідаваная царкоўная Унія. Спынена дзеяньне Вялікага Статуту і зруйнаваныя многія старасьвецкія ратушы. Зачынены Віленскі ўнівэрсытэт. У мусульманаў скасавалі ўсе правы, забараніўшы нават рамантаваць мячэты. Палова нашых татараў загінула ў той вайне. Даверлівых сялянаў напаткаў прыгон новых, расейскіх паноў і рэкрутчына ў «маскалі»... Культурны й духоўны фон зьмяніўся непазнавальна менавіта пасьля 1831 году. Тыя калясальныя страты нічым не замененыя да сёньня...

Гары Куманецкі


Каментары

«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы74

«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы

Усе навіны →
Усе навіны

Кулеба бачыць падрыхтоўку беларускай арміі да вайны. Але гэты мілітарысцкі тэатр прызначаны толькі для аднаго гледача — Крамля26

Праз канфлікт з Папам Трамп пачаў страчваць падтрымку выбаршчыкаў. У Вашынгтоне загаварылі пра прымірэнне14

У Томску знеслі помнік рэпрэсаваным: сярод іх былі дэпартаваныя з Беларусі палякі, а таксама беларусы, якіх прымушалі змяняць нацыянальнасць18

Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца14

«Парваў сабе дыяфрагму і кішкі, наноў вучыўся хадзіць». Унук аўтара «Калыханкі» Васіля Раінчыка распавёў, як трапіў у страшную аварыю3

Новая лідарка Венесуэлы пад кантролем Белага дома правяла чысткі ва ўладзе пасля звяржэння Мадура11

Літовец, які шпіёніў на карысць рэжыму Лукашэнкі, падаў у суд на прэзідэнта Літвы, бо яго не абмянялі на беларускіх палітвязняў5

Журналіст-расследавальнік: «Паўночны паток» падарвала былая ню-мадэль з Кіева5

Прэм'ер-міністр Іспаніі спрабуе аб'яднаць левыя сілы ў сусветную кааліцыю супраць трампаўскай MAGA17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы74

«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць