Тэатр

У Брэсцкім тэатры паставілі спектакль па Быкаву

Ці можа «мірнае пакаленне» асуджаць антыгерояў вайны?

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы паказаў першую ў новым сезоне прэм’еру. Спектакль паводле аповесці Васіля Быкава «Пайсці і не вярнуцца» прадставіла гледачу рэжысёр Валянціна Янавец.

— Шмат у чым да гэтай тэмы мяне падштурхнулі маладыя акторы, — расказала спадарыня Валянціна. — Напэўна, гэта цікава маладым — сутыкнуцца з прозай Быкава, які ніколі не пісаў пра вайну пафасна. Пра сваю аповесць «Пайсці і не вярнуцца» сам аўтар казаў, што яна не пра вайну, а пра каханне, пра тое каханне, калі ад кахання да нянавісці адзін крок. Быкаў — і за гэта яго ў свой час вельмі крытыкавалі — заўсёды пісаў незавершаны фінал. Гэта важна для разумення таго, як ён ставіўся да сваёй прозы. Мы не хацелі адыходзіць ад прынцыпаў класіка. Наш фінал — не дыдактычны. Ён адкрыты. Кожны можа не толькі ацаніць абставіны гэтай гісторыі па-свойму, але і «ўгадаць» фінал.

Васіль Быкаў скончыў аповесць «Пайсці і не вярнуцца» ў 1978 годзе. Тады яшчэ не глядзелі на Вялікую Айчынную як на Другую сусветную.
Для пакалення 70-х вайна яшчэ не стала гістарычнай падзеяй, яна была «нашай» вайной, і большасць пісьменнікаў таго часу проста не маглі расцэньваць мінулае з пазіцый агульначалавечых каштоўнасцяў. Быкаў таму і стаў класікам пры жыцці, што здолеў не асудзіць, а перахварэць разам са сваімі героямі. Персанажы Быкава ніколі не былі носьбітамі ідэі, яны былі людзьмі, якія часта не вытрымлівалі маральных выпрабаванняў вайны.

…Юная разведчыца Зося Нарэйка і яе старэйшы таварыш па атрадзе Антон Галубін пражываюць на сцэне 4 дні. Другая палова лістапада 1942 года — пачатак бітвы за Сталінград. Гэтая бітва змяніла ход гісторыі, яна ж змяніла адносіны Зоські і Антона, перавярнула іх душы і прымусіла закаханых узненавідзець адно аднаго. Пакаленням, што не трапілі ў жорны гісторыі, дзіўна думаць, як вялікія падзеі могуць адбіцца на лёсе чалавека, чый шлях не цягнуўся далей за раённы цэнтр.

А ўсё выдатна пачыналася: Антон мімаходзь пачуў, як кіраўніцтва партызанскага атрада адправіла ў небяспечны шлях Зоську — дзяўчыну, якая спадабалася яму на вясковай вечарыне. Яму стала шкада някемлівую дзяўчынку — абавязкова трапіць у бяду. Жаданне выратаваць Зоську ад смерці прымусіла Антона пайсці на рызыку: у самаволку — за каханай. Першы лістападаўскі снег, першы пацалунак, першы раз разам — гэты дзень мог бы стаць пачаткам гісторыі кахання. Але…

Зоська і Антон ішлі па лесе, выконваючы партызанскае заданне, а лёс выпрабоўваў іх. Неяк Антон пачуў размову двух сельскіх паліцаяў: гаварылі ціха, здаецца, гаворка ішла пра Сталінград — горад, які нельга было аддаваць немцам. Гэта Галубін добра разумеў. Паліцаі былі ў прыўзнятым настроі, а значыць, немцы ўзялі верх, вайна скончылася, і ўвесь партызанскі атрад абавязкова расстраляюць. Ён прапанаваў Зосьцы прабірацца да знаёмага, які працаваў паліцаем у немцаў у невялікім Скідзелі, і пад крылом прыяцеля выратавацца ад расправы.

Галубін — моцны і валявы чалавек, які бачыў смерць і навучыўся ваяваць за восем месяцаў барацьбы з фашыстамі, уздрыгнуў… Яму нясцерпна захацелася жыць і любіць, нараджаць дзяцей і сядзець ля сямейнага ачага. А Зоська здзівілася здрадлівай логіцы каханага. Для яе было важным зусім іншае: не здрадзіць сваёй зямлі, сястры, маці. Зосьчына шчасце заключалася ў простай формуле: родная зямля без фашыстаў. І гэтая праўда давала ёй сілы. Наіўнасць 19-гадовай дзяўчынкі ў чатыры дні выспела ў маральную пазіцыю: свабода ці смерць. Гэтыя ж «жорны лёсу» прывялі Антона да іншага: жыццё любымі шляхамі.

На малой сцэне брэсцкага тэатра гісторыю разыгрывалі двое актораў — Аляксей Шчарбакоў і Таццяна Васількова. Для Таццяны, якая грае ў тэатры ўсяго трэці сезон, гэтая роля стала сапраўдным выпрабаваннем. У малой зале граюць часцей за ўсё масцітыя артысты — тут не схаваешся: ты нібы сам-насам з гледачом, з кожным з іх. Нельга дапусціць ніводнай фальшывай ноты і пры гэтым больш за гадзіну заставацца на сцэне. Тым не менш Васільковай не толькі ўдалося сапраўды трапіць у вобраз, але і паказаць сябе артысткай, за творчасцю якой цікава назіраць.

Аляксей Шчарбакоў паказаўся з нечаканага боку. Апошнім часам актор заняты ў шматлікіх пастаноўках тэатра. Аднак такой вялікай і складанай ролі яму, мабыць, граць не даводзілася. Сталыя гледачы тэатра адкрылі для сябе новага Шчарбакова. У дуэце з маладой актрысай яму, несумненна, шмат чаго даводзілася «браць на сябе».

Самае галоўнае, што ўдалося рэжысёру і выканаўцам, — пазбавіцца ад павучальнага тону, размыць межы паміж «добрым» і «дрэнным» і не даць гледачу падставы для асуджэння герояў.
Драматычная балада «Пайсці і не вярнуцца» — гэта далікатная размова з тэатральнай публікай. Мабыць, пакаленне 70-х яшчэ магло безумоўна асуджаць «слабых» людзей, што спалохаліся ў экстрэмальных абставінах. Нам жа — грэх.

Таму і такая разгубленасць публікі… Калі паддацца закарузлым поглядам, то і гадаць не давядзецца, на чыім баку пакінуць сімпатыі. Гнаць такіх вось галубіных з грамадства, а іншых, хто памятае пра Радзіму ў халодным лесе, адразу запісваць у героі… Але пасля спектакля гледачы выходзілі з залы прыціхлыя. Здавалася, кожны задае сабе адно і тое ж пытанне: на чыім баку апынуўся б я? «Мірнае пакаленне» на такое пытанне не адкажа шчыра: мы ж сябе зусім не ведаем.

Каментары

Цяпер чытаюць

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос20

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская пра ліст часткі былых палітвязняў: Такія адкрытыя лісты трэба пісаць Лукашэнку37

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна50

Вынеслі прысуд былому рэктару віцебскага ВНУ, які прыдумляў студэнтаў — вельмі лагодны

На выбарах у ЗША прайграла кангрэсвумен-украінка, якая галасавала супраць падтрымкі Украіны11

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска5

НАТА рыхтуе стратэгію ўдараў у глыбіню Расіі на выпадак атакі Пуціна4

Венгрыя праз 36 гадоў адкрыла архівы інфарматараў камуністычнай эпохі15

«Ён можа актывізаваць свае кантакты з Пуціным». Эксперты ацанілі наступствы паразы Трампа для Украіны і Еўропы4

Памёр Цінта Брас8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос20

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць