Краіна трэці год запар займае першае месца ў рэйтынгу.

Яна стала лідарам адразу ў дзвюх катэгорыях — «Праца за мяжой» і «Асабістыя фінансы», піша Бі-бі-сі.
87% экспатаў (людзей, якія пераехалі ў Панаму), кажуць, што задаволеныя жыццём у краіне. Для параўнання, у сярэднім па свеце так адказваюць 70% апытаных.
Яшчэ адзін паказчык, па якім Панама апярэджвае многія іншыя краіны, — даступнасць жылля: 90% апытаных кажуць, што знайсці яго тут лёгка.
Арыэль Барыёнуэва пераехаў з Аргенціны на карыбскае ўзбярэжжа Панамы восем гадоў таму. Неўзабаве ён заўважыў, што стаў лепш спаць, прачынацца адпачылым і ў цэлым пачувацца лепш.
Спачатку ён думаў, што гэта проста эфект адпачынку, але з часам зразумеў: справа ў самім месцы.
«Тут жывуць ва ўласным рытме», — распавядае Арыэль.
Цяпер ён кіруе гатэлем La Coralina Island House на востраве Калон.
Кожны дзень ён гуляе каля акіяна або ў трапічным садзе і слухае спевы птушак.
«Гэта просты рытуал, але ён нагадвае мне, чаму я выбраў жыццё менавіта тут», — кажа Арыэль.
Паводле яго слоў, жыць у Панаме танней, чым у Аргенціне. Ён таксама цэніць стабільную эканоміку краіны — дзякуючы гэтаму яму прасцей планаваць будучыню і весці бізнес.
Рэза Моталебпур пераехала ў Панама-Сіці з Канады.
Паводле яе слоў, працаваць дыстанцыйна тут нескладана: добры інтэрнэт ёсць і дома, і ў каворкінгах. Банкаўскімі паслугамі яна таксама карыстаецца без праблем. Асабліва зручна, што ў краіне можна разлічвацца доларамі.
Спачатку цэны могуць здацца канадцам высокімі праз курс валют, адзначае яна.
Але камунальныя паслугі, страхаванне і падаткі на нерухомасць тут адносна невысокія, таму ў цэлым выдаткі на жыццё цалкам апраўданыя.
Вядома, ёсць і свае мінусы. Арыэль Барыёнуэва згадвае затрымкі з дастаўкамі і надвор'е, якое на востраве можа ў любы момант змяніць усе планы.
Але ён не шкадуе, што абраў больш спакойны рытм жыцця. Наадварот, раіць паспрабаваць яго і турыстам, і тым, хто задумваецца пра пераезд.
Сярод месцаў, якія ён раіць наведаць, — пляж Блаф. Яшчэ ён прапануе купіць свежыя садавіну ў прыдарожнага прадаўца, а потым правесці дзень, назіраючы за сёрфінгістамі на пляжы Паунч.
«Я прыехаў, думаючы, што пераязджаю ў прыгожае месца. Але цяпер разумею, што насамрэч выбраў іншы спосаб жыцця — дзе час важнейшы за хуткасць, уражанні важнейшыя за рэчы, а зносіны з людзьмі — за пастаянную занятасць».
Міжнародная арганізацыя InterNations апытала тысячы людзей, якія жывуць у розных краінах, і склала рэйтынг з 31 краіны — ад Панамы і Мексікі да Сінгапура і Люксембурга.
Іх ацэньвалі паводле якасці жыцця, лёгкасці адаптацыі, магчымасцяў для працы, асабістых фінансаў, даступнасці жылля і іншых важных для паўсядзённага жыцця крытэрыяў.
Топ-10 краін у 2026 годзе: Панама, Мексіка, Тайланд, ААЭ, Бразілія, Іспанія, Сінгапур, Партугалія, Малайзія, Люксембург.
Каментары
А вот это спорный аргумент:" доступность жилья: 90% опрошенных говорят, что найти его здесь легко." Жилье найти легко в 2 случаях: депрессивный район, оно никому не нужно и пустует (например, бывшие военные городки в Прибалтике), либо цены задраны так, что пустуют из-за ценовой недоступности для местных. Но ты как экспат приехавший работать на хорошую должность, можешь себе это позволить