Максімальныя 400 балаў набралі выпускнікі з Баранавічаў, Светлагорска і Ліды
Стала вядома пра першых выпускнікоў, якія набралі рэкордны вынік па выніках ЦЭ, ЦТ і сярэдняга бала атэстата. Выпускнікі ў Баранавічах, Светлагорску і Лідзе набралі па 400 балаў — гэта максімальны вынік з усіх магчымых, піша Times.by.

Аляксей Плешкуноў са Светлагорска атрымаў «соткі» на ЦЭ па фізіцы і рускай мове і на ЦТ па матэматыцы. У выпускніка гімназіі — залаты медаль і адны дзясяткі ў атэстаце, піша «Настаўніцкая газета». Юнак плануе стаць праграмістам і паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
У Баранавічах рэкордныя 400 балаў пакуль у двух выпускнікоў, піша раённая газета «Наш край». Гэта выпускнік ліцэя № 1 Раман Яцук. У яго, акрамя залатога медаля, «соткі» па рускай мове, фізіцы і матэматыцы. Малады чалавек захапляецца праграмаваннем. А ў выпускніцы баранавіцкай сярэдняй школы № 19 Ульяны Гусціновіч таксама 400 балаў. Дзяўчына атрымала максімальны вынік на ЦЭ па хіміі і рускай мове і на ЦТ па біялогіі.
Яшчэ адзін рэкардсмен — выпускнік сярэдняй школы № 17 Ліды Кірыл Каскевіч. У яго па 100 балаў на ЦЭ па рускай мове, фізіцы і ЦТ па матэматыцы, пішуць «Прынёманскія весці». Юнак хоча стаць праграмістам і плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, на праграмную інжынерыю.
Каментары