Хутка павінна пачацца чарговая рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. У сувязі з гэтым архітэктар-рэстаўратар Раман Забела прапануе адмовіцца ад звыклай, але ўтылітарнай белай фарбы і вярнуць галоўнаму храму Полацка яго сапраўднае, каляровае гістарычнае аблічча сярэдзіны XVIII стагоддзя.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Раман Забела адзначае, што сённяшні беласнежны вобраз Сафійскага сабора, які многія паэтычна параўноўваюць з «белым лебедзем», часта памылкова ўспрымаецца як аўтэнтычны. Насамрэч гэты выгляд — вынік утылітарных рамонтаў ХІХ стагоддзя і рэстаўрацыйных падыходаў 1980‑х гадоў.
«У другой палове ХІХ стагоддзя будынак быў двухкаляровы; пасля ён быў пабелены, але дах быў цёмны, а не такі актыўна зялёны. Дый гістарычныя вапнавыя пабелкі ніколі не давалі такога трывалага ў часе яркага колеру, які адлюстроўвае святло і робіць фасад аптычна «плоскім»», — піша даследчык.

Спецыяліст тлумачыць, што сутнасць перафарбоўкі барочных фасадаў у адзін светлы колер у часы Расійскай імперыі — гэта выключна практыка танных рэгулярных рамонтаў і ўніфікацыі.
Паводле тагачасных імператарскіх загадаў фасады ў гарадах павінны былі фарбавацца кожныя 3‑4 гады і мець прыглушаны пастэльны тон. Гэта прыводзіла да страты ўнікальнай адметнасці аб’ектаў. У рэстаўрацыйнай метадалогіі такі рамонтны этап не лічыцца каштоўным і не павінен вызначаць новае аблічча помніка.
Барока павінна быць каляровым
На сёння Сафійскі сабор мае закончаны выгляд барочнага храма сярэдзіны XVIII стагоддзя, у які далікатна інтэграваны рэшткі храма ХІ стагоддзя. Рэстаўратар падкрэслівае, што пасля гэтага ніякіх новых аўтарскіх і стылістычна закончаных змен не адбывалася, таму вяртанне першапачатковага барочнага каларыту з'яўляецца абсалютна лагічным крокам.

Тое, што Сафійскі сабор быў каляровым, даўно не сакрэт для спецыялістаў. Гэта пацвердзілі яшчэ стратыграфічныя даследаванні фарбавальных слаёў 1979 года, а таксама больш познія даследаванні 2002 і 2011 гадоў. На падставе гэтых даных Раман Забела прапанаваў умоўную графічную рэканструкцыю колеравага рашэння сабора, дзе фасад набывае цёплыя вохрыстыя адценні з тэракотавымі акцэнтамі на дэкаратыўных элементах, такіх як абрамленні вокнаў, гірлянды на пілястрах, заглыбленыя паясы цокалю (падобна да адсылкі барочных архітэктараў да паласатай муроўкі «са схаваным радам», якой да апошняга трымалася полацкая школа дойлідства — НН).
«Дагэтуль часта сустракаю аргументы супраць аднаўлення гістарычнага каларыту: «людзі прызвычаіліся», «а раптам не зразумеюць», «не трэба рызыкаваць».


Насамрэч аднаўленне барокавага каларыту — не нешта новае і ў беларускай рэстаўрацыйнай практыцы. Адпаведныя працы ў розны час і ў рознай ступені ўжо былі праведзеныя на брыгіцкім касцёле ў Гродне, паезуіцкім касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, пабернардынскім касцёле св. Язэпа ў Менску; цяпер вядуцца на бернардынскім касцёле Беззаганнага Зачацця ў Слоніме. Вынік як для гарадскога асяроддзя, так і для ўспрымання саміх помнікаў… выключна станоўчы», — даводзіць эксперт.


Што неабходна зрабіць?
Напярэдадні новай рэстаўрацыі архітэктар заклікае сфармаваць дакладны запыт на паўнавартаснае даследаванне гістарычнага каларыту помніка.
Паводле яго слоў, з кожным новым рамонтам інфармацыі для вывучэння на фасадах становіцца ўсё менш.
Даследаванні трэба праводзіць не толькі праз вывучэнне маленькіх проб у лабараторыі, але і праз паслойныя расчысткі на самім фасадзе кожнага элемента мастакамі-рэстаўратарамі, як гэта паспяхова рабілася на касцёле ў Нясвіжы і касцёле Святога Іосіфа ў Мінску.
Акрамя каляровага рашэння, Раман Забела лічыць неабходным больш выразна экспанаваць аўтэнтычныя рэшткі муроў ХІ стагоддзя на ўсходнім і заходнім фасадах, а таксама падняць пытанне вяртання гістарычнай вышыні канька даху. Усё гэта дапаможа вярнуць Полацку не ўтылітарна-белую, а сапраўдную гістарычную Сафію.
З лета пачнецца рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. Можа змяніцца і ягоны выгляд
Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні
Як шукалі сапраўдны колер касцёла Святога Язэпа, рэстаўрацыя якога выклікала спрэчкі?
Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі
Каментары
и выдается теперь за "лучшее решение" именно теми, у кого до сих пор нет мозгов.
только в цвете они все имеют законченный вид. а белые - убогие пенопластовые макеты.
Але той выгляд, які мы маем зараз, стаў ужо легендарным. Так што не вельмі ўпэўнены, што трэба аднаўляць гістарычная колеры.
А "сапраўдную Сафію" ўжо не вернеш, бо яна была знішчана падчас акупацыі Полацка Пятром I.