Дактары з Украіны і Беларусі з цяжкасцю здаюць польскі медыцынскі экзамен. Праўда, палякі з замежным дыпломам спраўляюцца не лепш
Пры гэтым у беларусаў вынікі найлепшыя. Польскае выданне Rzeczpospolita расказвае пра цярністы шлях беларускіх і ўкраінскіх дактароў да вяртання ў прафесію.

Пасля пачатку пандэміі Covid-19 Польшча сутыкнулася з недахопам медыцынскіх кадраў і адкрыла спрошчаны доступ да прафесіі для дактароў з краін па-за межамі Еўрасаюза, у тым ліку з Беларусі і Украіны. Каб пачаць працаваць, ім не трэба было праходзіць усю доўгую працэдуру прызнання дыпломаў і кваліфікацыі, якая дзейнічае для іншых замежных спецыялістаў.
Гэтыя рашэнні з самага пачатку разглядаліся як часовыя. Цяпер пераходны перыяд заканчваецца. Выдача ўмоўнага права на прафесійную дзейнасць тэрмінам на пяць гадоў была спыненая яшчэ ў кастрычніку 2024 года.
Другая схема, якая дазваляе замежным дактарам працаваць на падставе індывідуальнай згоды міністра аховы здароўя ў вызначаным месцы і на вызначаны тэрмін, павінна быць скасаваная да канца гэтага года. Так што ўжо ў найбліжэйшы час усім, хто хоча працягваць працу ў Польшчы, давядзецца пацвярджаць свае веды і кваліфікацыю на агульных падставах.
Як піша Rzeczpospolita, адзін са шляхоў — здача спецыяльнага экзамену для пацвярджэння кваліфікацыі дактароў (Lekarski Egzamin Weryfikacyjny — LEW), які быў уведзены ў 2021 годзе як адзін з этапаў праверкі ведаў замежных спецыялістаў. Другі — настрыфікацыя дыплома. Абодва шляхі могуць расцягнуцца на гады і патрабуюць не толькі пацверджання прафесійных ведаў, але і выканання шэрагу іншых умоваў.
Экзамен
Экзамен уяўляе сабой тэст з 200 пытанняў. Для паспяховай здачы неабходна набраць не менш за 120 балаў, аднак медыяна вынікаў у беларусаў сёлета склала 107 балаў, а ва ўкраінцаў — 99, палякаў, якія адвучыліся за мяжой, — 87.
У першай сёлетняй сесіі, якая прайшла 26 мая, прынялі ўдзел 92 дактары з Беларусі (здалі 28 чалавек, ці 31,5%), 89 з Украіны (здалі 12 чалавек, альбо 8,8%) і 28 палякаў з замежнымі дыпломамі (здалі толькі двое). Сярод тых, хто пісаў тэст, былі і адзінкавыя прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку 4 расіяніны (усе яны праваліліся).
Агульная статыстыка за ўсе гады існавання экзамену яшчэ больш паказальная: беларускія дактары падыходзілі да тэста 1925 разоў, але поспеху дасягнулі толькі ў 14,5% выпадкаў (280 чалавек). Сярод украінскіх дактароў сітуацыя яшчэ больш сумная: з 1928 спроб удалымі былі толькі 165, што складае 8,5%. Нават палякі, якія вучыліся за мяжой, здаюць гэты тэст толькі ў адным выпадку з дзесяці.
Прычыны такіх нізкіх вынікаў эксперты бачаць у самой структуры адукацыі. Як тлумачыць Даміян Патэцкі, каардынатар аддзела навучання Вышэйшай медыцынскай палаты (Naczelna Izba Lekarska), польская сістэма працуе паводле «прускай мадэлі». Яна вызначаецца жорсткімі патрабаваннямі да працэдур, дакументацыі і адсутнасцю месца для адвольнасці.
Настрыфікацыя
Альтэрнатыўны шлях — настрыфікацыя дыплома — з’яўляецца яшчэ больш складаным і фінансава затратным. Кожная спроба яго здачы каштуе каля 5 тысяч злотых (каля 1370 даляраў).
Акрамя прызнання дыплома, неабходна пацвердзіць і веданне польскай мовы. Для гэтага трэба здаць экзамен у Вышэйшай медыцынскай палаце, які ўключае дыктоўку па медыцынскай тэрміналогіі і вусную частку. Пасля гэтага кандыдат павінен прайсці паслядыпломную стажыроўку і здаць выпускны экзамен для дактароў (Lekarski Egzamin Końcowy — LEK).
Пры гэтым дактарам, якія ўжо некалькі гадоў працуюць у польскіх бальніцах па спрошчанай працэдуры, не заўсёды даводзіцца праходзіць стажыроўку нанова: адпрацаваны час можа быць залічаны ў стаж.
Пры гэтым узнікаюць праблемы і з прызнаннем спецыялізацыі. Напрыклад, калі ва Украіне інтэрнатура па хірургіі доўжыцца 3 гады, то ў Польшчы аналагічнае навучанне ў рэзідэнтуры займае 5 гадоў.
У выніку, як заўважае Даміян Патэцкі, у Польшчы дактары ва ўзросце за трыццаць звычайна маюць адну спецыялізацыю; ва Украіне — чатыры. Аднак, гэта не спецыялізацыі ў разуменні еўрапейскай сістэмы, дзе доктар спачатку павінен прайсці стажыроўку, потым пачаць спецыялізаванае навучанне, здаць экзамен і прадставіць дакументацыю, якая пацвярджае выкананне некалькіх тысяч працэдур.
Польскія камісіі старанна параўноўваюць навучальныя праграмы, колькасць лекцыйных гадзін і — што самае важнае — колькасць і тып самастойна выкананых аперацый. Калі выяўляюцца адрозненні, доктара могуць накіраваць на дадатковую стажыроўку ў польскіх клініках, якая звычайна доўжыцца ад аднаго да двух гадоў.
Моўны сертыфікат
Аднак пытанні прызнання дыпломаў і спецыялізацый — не адзіная перашкода, з якой сутыкаюцца замежныя дактары ў Польшчы. Як заўважае Rzeczpospolita, у апошнія месяцы ў цэнтры ўвагі апынулася яшчэ і праблема пацвярджэння ведання польскай мовы.
Прэзідэнт Польшчы наклаў вета на закон, які павінен быў падоўжыць тэрмін падачы моўных сертыфікатаў (узровень B1) для медыкаў з-за межаў ЕС, якія працуюць у Польшчы па спрошчанай працэдуры, да 1 мая 2027 года. У выніку рэгіянальныя палаты пачалі ануляваць умоўныя дазволы на працу тым замежным дактарам, якія своечасова не прадставілі дакумент, які пацвярджае веданне польскай мовы.
Паводле дадзеных Вышэйшай медыцынскай палаты, якія прыводзіць Rzeczpospolita, да 11 чэрвеня права працаваць у Польшчы страціў ужо 441 медык з краін па-за Еўрасаюзам. Найбольш такіх рашэнняў было прынята ў Ніжнесілезскай палаце ва Уроцлаве — 129, у Варшаўскай акруговай палаце — 99, у Вармінска-Мазурскай — 52 і ў Вялікапольскай — 42. Паводле ацэнак, гэтая лічба можа павялічыцца яшчэ на 800 чалавек.
Гэтая сітуацыя прывяла да адкрытага канфлікту паміж Вышэйшай медыцынскай палатай Польшчы і Міністэрствам аховы здароўя. Першая настойвае, што абавязана пазбаўляць права на працу тых замежных дактароў, якія не пацвердзілі веданне польскай мовы ў вызначаныя законам тэрміны. Міністэрства ж паставіла пад сумнеў такія дзеянні і звярнулася ў праваахоўныя органы. У выніку да спрэчкі ўжо падключылася пракуратура.
Каментары