Музыка11

«Многія не ведаюць, што мы беларусы». Музыкі з Серабранкі заспявалі па-французску і сталі зоркамі

«Гурт з Серабранкі, які робіць сінці-поп на французскай» — гучыць як пачатак анекдота. Як нешта, дзеля чаго было прыдумана слова «нішавы». Як нешта, за што, па прызнанні саміх удзельнікаў калектыву, «на раёне раней маглі б пабіць». Але вось вам афіцыйны факт: гэта Parade of Planets — адзін з самых прысутных на радыё беларускіх гуртоў, які грае на буйных пляцоўках краіны. І многія з вас напэўна хаця б раз чулі іх песні, але вам нават да галавы не прыходзіла думка, што яны «нашы», піша «Анлайнер».

Пяшчотная і рамантычная музыка ад двух хлопцаў і дзяўчыны, якія раней гралі на разагрэве ў The Prodigy і рубілі «роцк» на байкерскіх фестывалях. Вытанчаныя і недасяжныя вобразы ад тых, з кім можна і «пiўка на картанах» папіць. З гэтых дзіўных супярэчнасцяў сатканы адзін з самых яскравых беларускіх калектываў. 

Французская школа, The Prodigy і дэпрэсія

Журналісты сустрэліся з Parade of Planets на іх рэпетыцыйным пункце на Партызанцы, у будынку, які нясмела замахнуўся на лаўры архітэктурнага помніка савецкаму футурызму. Дзіўна, як нават у зеленаватым святле шклоблокаў на лесвіцы гэтыя хлопцы і дзяўчына ўмудраюцца выглядаць па-французску элегантна.

На сцяне ў студыі вісяць залатыя і плацінавыя дыскі. Над імі — неонавы надпіс на французскай.

— А што там напісана?

— «Вер у сваю зорку».

— А вы проста рамантыкі…

— Ну… Гэта так, каб зірнуць на яе, калі сядзіш тут увесь у мыле і трыццаты раз пераводзіш трэк, — аджартоўваюцца яны.

Міша, Юля і Лёша — ніводнай фрыкатыўнай «р» у імёнах, ніводнага багета на паліцах у студыі, прапіскі ў пашпартах у асноўным з назвамі серабранскіх вуліц. Як так атрымалася, што яны ствараюць французскі сінці-поп?

— Мы вучыліся з Мішам у адной школе з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, яшчэ ў дзяцінстве ездзілі ў Цьер, Клермон-Феран, жылі ў французскіх сем'ях. Там хочаш не хочаш, а прыйдзецца загаварыць. Школа дала вельмі крутую базу. Мая класная кіраўніца аж да апошняга альбома дапамагала нам з тэкстамі — мы ёй нават спецыяльныя падзякі на буклетах пакідалі.

Дзеля справядлівасці: французскі сінці-поп з'явіўся не адразу. Кожны з іх дастаткова пайграў у розных праектах, перш чым яны знайшлі адзін аднаго. Юля яшчэ ў 16 са сваімі «папсовымі песенькамі» трапляла ў чарты «Хіт FM». Пазней, ужо з Лёшам, гралі ў даволі вядомай рок-групе U.G.oslavia. У Мішы ж сітуацыя была яшчэ цікавейшая.

— У мяне быў свой брэйк-біт-праект The Playfellow. Дзесяць гадоў мы каталіся па гастролях, разагравалі The Prodigy ў Мінску, потым турылі з іх былым удзельнікам Ліроем Торнхілам — ёсць нават відэа, дзе ён у бэкстэйджы танцуе свой фірмовы танец пад наш трэк. Карацей, я пісаў жорсткую альтэрнатыўную электроніку і ні пра якія сінці-попы нават не думаў.

— Які Лірой у жыцці? Вам удалося пасябраваць?

— Вельмі просты, добры і адкрыты хлопец. Не магу сказаць, што мы так ужо сталі сябрамі, але ён граў нашы песні, мы часта збіраліся пагутарыць на гастролях. Мне падабалася, з якім натхненнем ён расказваў пра пачатак кар'еры The Prodigy і рэйвы дзевяностых. Калі шматтысячны натоўп на адной хвалі з імі танцуе, вакол толькі любоў, ніякай агрэсіі — ваў. А яны ж з глыбокай брытанскай правінцыі, дзе акрамя гэтых рэйваў нічога толкам і не было. Уяві вось, што ў нас нехта раптам ператварыў Жодзіна ў сталіцу электроннай музыкі. Вось у іх было так.

Як зрабіць хіт з рыпення арэляў

З часам Юля стала разумець, што перарасла праект U.G.oslavia. Гэтак жа сама шчыра і задорна, як раней, скакаць на сцэне пад рок-н-рол ужо не атрымлівалася — дома і ў машыне дзяўчыны гучала зусім іншая музыка. Лёша прызнаўся, што адчувае тое самае.

— Я зразумела, што выходжу на сцэну і граю. Я ўжо не тая пухленькая дзяўчынка-вар'ятка. Захацелася памяняць усё кардынальна, пайсці ў электронны гук. Я ўспомніла пра Мішу. Апошні раз мы спрабавалі пісаць музыку разам у дзявятым класе.

— Атрымалася так сабе, дарэчы: у мяне да гэтага часу ёсць гэтая дэмка, але я спадзяюся, што яе ніхто ніколі не пачуе.

— Ага. Але я ведала, што ты цяпер ну вельмі круты электроншчык з кучай выступаў і табе, хутчэй за ўсё, не да нас. Таму патэлефанавала, каб проста нясмела даведацца, ці няма ў цябе прыдатнага чалавека.

— Вельмі своечасова патэлефанавала. Я, насамрэч, тады сядзеў у дэпрэсіі і не разумеў, што мне рабіць. Мой праект раптоўна скончыўся, а напарнік пайшоў у гульнявы саўнд-дызайн, чым да гэтага часу і займаецца. А я застаўся адзін, без канцэртаў і перспектыў. Я па натуры камандны гулец, мне патрэбен нехта яшчэ, я не адзінокі ваяр. Таму я пагадзіўся не гледзячы.

Міша прыехаў, паслухаў дэма Юлі і Лёшы, пакруціў носам і пачаў усё перарабляць. Яны тыднямі сядзелі ў яго кватэры: стары ноўтбук хрыпеў, калі ў аранжыроўцы з'яўлялася больш за тры інструменты, у Мішы тузалася вока, з забаў — схадзіць пакурыць на балкон. Гэта было дзесяць гадоў таму. Неўзабаве гэтыя хрыплыя дэмкі стануць першым альбомам. Потым народзяцца яшчэ тры, і іх французская загучыць на радыёстанцыях у 31‑й краіне свету (Італія, Германія, ЗША, Вялікабрытанія і гэтак далей), а на канцэрты дома і ў суседніх краінах будуць стабільна набівацца прыстойныя залы.

Забаўна ўсведамляць, як людзі проста дазволілі сабе рабіць тое, што з іх прэ, даверыцца выпадковасці, — і ўсё атрымалася. Нават назва гурта была некалі прыдуманая Юляй з паветра, і толькі потым яна ўсвядоміла, што, увогуле, у яе на руцэ даўным-даўно была набітая татуіроўка з выстраенымі ў шэраг планетамі.

— Ёсць яшчэ гісторыя з разраду класных выпадковасцяў. Якраз да пытання «А дзе ж Серабранка ў нашай творчасці?» Пішам другі альбом у Лёшы дома. Ён выйшаў на балкон, пакуль я працаваў над бітам трэка Flash, і раптам пачуў, як у двары хлопчык гушкаецца на арэлях і яны па-серабранску пранізліва рыпяць. І гэта так крута кладзецца! У выніку гэтыя арэлі сталі гукавым эфектам у прыпеве, а Юля напісала туды тэкст пра дзяцінства.

— Гэта вельмі важная для нас песня. У мяне тады памёр дзядуля, і я зразумела, што маё дзяцінства на гэтым скончылася. Французская мова дапамагае мне быць больш шчырай — на ёй я магу сказаць настолькі асабістыя рэчы, якія на рускай пабаялася б вымавіць.

— Галоўнае не ўспамінаць, што дэма гэтай песні ў мяне на кампе называлася Boobs, — жартуе Лёша і разраджае абстаноўку. — Адэкватна называюць дэмкі толькі неадэкватныя людзі.

— А вам не шкада, што большасць вашых слухачоў не разумее закладзеных сэнсаў? Французская ўсё ж такі…

— Якраз наадварот: мне прыемна, што ёсць людзі, якія трацяць час, каб паглыбіцца і перакласці тэксты. Гэта не патрабуе шмат намаганняў сёння, але робіць такога чалавека больш каштоўным для нас. Ды і што дзіўна ды прыемна, зараз на канцэртах першыя рады падпяваюць усе словы. У Піцеры ўмудраліся нават бэк-вакалы крычаць дзе трэба — мы былі ў шоку.

— Некаторыя дзякуюць і кажуць, што праз нас пачалі вучыць французскую ў цэлым. Адна дзяўчына нават прыйшла на канцэрт са сваім рэпетытарам: кажа, яны пастаянна на занятках разбіраюць нашу лірыку. Ідэя спяваць на французскай калісьці прыйшла сама сабой — проста таму, што мы яе ведалі. І не бегаць ад сябе ў гэтым плане было самым правільным рашэннем.

Яны паказваюць падарункі з іх апошняга аншлагавага канцэрта ў Prime Hall. Вось гэтае дзіва дрыжачымі рукамі ўручыла ім фанатка на Meet ‘n’ Greet. Журналісты жартуюць, што падобныя яны тут не вельмі, але гэта ўсё адно ваў.

— Фанаты ў нас, вядома, бываюць цікавыя. Ёсць дзяўчаты-блізняты, якія прыязджаюць літаральна на кожны канцэрт, стаяць у першых шэрагах, б'юцца за нас у каментах. Нехта сказаў, што Юля нястыльная, — бам, і яны ўжо навальваюць няшчаснаму. Але самы кранальны момант быў, калі хлопец расказаў, што наша песня дапамагла яму перажыць смерць сястры. Ён слухаў трэк на паўторы і ўспамінаў усё добрае, што было з ёй звязана. У такія моманты разумееш, што робіш усё не дарэмна.

Выступленні на школьных партах і эфіры на радыё па ўсім свеце

Зараз Parade of Planets — вялікія радыёзоркі. Яны афіцыйна з'яўляюцца адным з самых прысутных на радыё беларускіх гуртоў, так што напэўна ў машыне, па дарозе на працу вы хоць раз ды натыкаліся на іх музыку. І, хутчэй за ўсё, не зразумелі, што яны беларусы.

— Ёсць у нас такая праблема. Вельмі часты фідбэк ад людзей: «У сэнсе беларусы! Выглядаюць як французы, гучаць як французы — якая Серабранка?» Юлі нават пішуць, што ў яе парыжскі акцэнт.

— Ну, гэта трэба сказаць — дзякуй маёй рэпетытарцы: яна францужанка, актыўная такая, зараджаная, любіць нашу творчасць і вельмі моцна дапамагае з тэкстамі і вымаўленнем.

— Размаўляючы з вамі, разумееш, што вы дастаткова простыя, свае людзі. Але вось гэты французскі лор, вашы касмічныя гарнітуры ад Наталлі Ляхавец і сцэнічныя вобразы ды кліпы робяць вас як быццам недасяжнымі. Няма такога адчування?

— Ох, ведаў бы ты, як іх трэба нацягваць… Мы іх вельмі любім, але я пад гэты камбінезон нават бялізну надзець не магу. Надзеў — трэба як след «на картанах» пасядзець, нагамі памахаць, каб усё правільна села. Гэта на сцэне мы такія вытанчаныя. За кулісамі мы трошкі панкі.

— Я таксама да гэтага часу не магу прыняць, што людзі ў першых шэрагах проста дрыжаць на сустрэчах перад канцэртамі, падбягаюць да Юлі і пытаюцца з прыдыханнем: «Божа, што ў вас за парфума такая была, яна цудоўная!» Хочацца падысці, прыабняць, супакоіць. Гэта прыемна, але нам самім няёмка: мы не небажыхары. Мы звычайныя людзі — з намі і піўка дзёрнуць можна.

— Але, можа, хай усё застаецца так, як ёсць. Навошта разбураць чыюсьці казку.

Яны ўспамінаюць свой самы негламурны выступ.

— Гэта было ў Жылічах, на адкрыцці мясцовага палаца. Усе былі вельмі мілыя, сам канцэрт прайшоў класна, але, напрыклад, грымёрку нам далі ў памяшканні з пяццю вокнамі, якія выходзяць проста на глядзельную залу. А мне, каб улезці ў касцюм, трэба проста ўсё зняць. І Лёша з Мішам штосілы цягалі шафы, спрабавалі неяк мяне прыкрыць. А самім ім на сцэну замест дыджэйскіх стоек паставілі школьныя парты — было вельмі забаўна глядзець, як Лёха граў, сагнуўшыся над ёй. Але ўсё прайшло выдатна.

Падчас далейшай размовы высветлілася, што Лёша ў вольны час грае на басе ў адным з самых вядомых кавер-бэндаў Мінска — «Наталля Лаўрэнцьеўна». Там па класіцы раскачваюць стары добры рок-клуб TNT — без прыгожых касцюмаў, у рабоча-сялянскім «адзіку». Міша з цеплынёй успамінае электроннае рубілава дзесяцігадовай даўніны на легендарным Kazantip, Юля — з усмешкай байкерскія рок-фестывалі. Але ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што ганарацца тым, што робяць разам.

— Доўга было адчуванне, што мы штурхаем гэты праект у гару з апошніх сіл. І вось нарэшце зараз яно, здаецца, пакацілася само. І мы за гэта вельмі ўдзячныя. І галоўнае, што мы абсалютна шчырыя ў тым, што робім. Няма больш далікатнага і рамантычнага ў душы чалавека, чым той, хто выхоўваўся на цяжкім метале і жорсткай электроніцы. У «Парадзе Планет» мы ўжо дзесяць гадоў раскрываем гэты свой уразлівы бок. І калі гэта адгукаецца такой колькасці людзей, то мы ўсё робім правільна.

На магнітнай дошцы за спінамі яшчэ не сцёртыя напісаныя маркерам назвы песень з новага альбома. Усяго кампазіцый было аж 30, але для пласцінкі адабралі 11. Адна з іх ужо паспела стаць хітом, мяркуючы па праслухоўваннях, што ляцяць у неба. Літаральна ўчора яны выклалі лайв гэтай песні з перапоўненага Prime Hall.

Дзелімся з вамі гэтай прыгажосцю — каб наступны раз, пачуўшы песню па радыё, вы павярнуліся да суседа па машыне і здзівілі яго сваім «О, а ты ведаеш, што яны нашы, серабранскія?!»

Каментары1

  • генацыд
    13.06.2026
    ну вось ,іх ведаюць па-за межамі Беларусі,выступаюць ,а на нашы фестывалі хэдлайнерамі запрашаюць нейкіх з масковіі

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная ЗША з буйным лікам перамагла Парагвай1

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць17

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць