Культура66

Закаханы ў беларускую мову матэматык і святар, які вывучыў англійскую па дэтэктывах Агаты Крысці. 100 гадоў Аляксандру Надсану

8 жніўня споўнілася б 100 гадоў Аляксандру Надсану — выбітнаму беларускаму асветніку, грэка-каталіцкаму святару і заснавальніку Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. У лонданскім выдавецтве «Скарына» выходзіць кніга Уладзіслава Гарбацкага пра слыннага беларуса. Радыё Свабода пагаварыла з аўтарам кнігі і даведаліся раней невядомыя факты

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў у «Імёнах Свабоды» называў айца Аляксандра Надсана (сапраўднае прозвішча — Бочка) узорам святара і патрыёта. Чалавекам, які ўсё жыццё «сніў сны аб Беларусі» і пакінуў нязгасны запавет: «За ўсякую цану нам трэба застацца беларусамі».

Новая кніга Уладзіслава Гарбацкага прысвечаная інтэлектуальнай спадчыне Аляксандра Надсана, — гэта такі, як кажа сам аўтар, «інтэлектуальны партрэт лонданскага беларуса». Аўтар і выдавецтва стараліся выдаць яе акурат да стагоддзя айца Аляксандра, аднак не паспелі. Пакуль рабочая назва выдання — «Партрэт лонданскага беларуса. Сэнсы выгнання айца Аляксандра Надсана» — так прэзентуе сваё даследаванне пісьменнік, дацэнт ЕГУ Уладзіслаў Гарбацкі.

Мова як другая рэлігія

У 2019 годзе да Уладзіслава Гарбацкага звярнулася ўдзельніца Апякунскай рады Скарынаўскай бібліятэкі Караліна Мацкевіч. Яна прапанавала напісаць кнігу да юбілею айца Аляксандра Надсана, узгадвае даследчык.

«Я спачатку здзівіўся, меркаваў, што кнігу пра Надсана павінны пісаць людзі, якія яго больш ведалі: тая ж Караліна Мацкевіч, Ірына Дубянецкая, Ігар Іваноў, Наталля Гардзіенка. Але яны вырашылі, што пісаць кнігу павінен чалавек, які менш эмацыйна-пачуццёва быў звязаны з айцом Аляксандрам.

Караліна ведала маю зачараванасць айцом Аляксандрам. Быўшы яшчэ студэнтам ЕГУ ў Менску ў канцы 1990-х, я чытаў шмат артыкулаў айца Надсана, мне вельмі сімпатызавала яго крытычнасць у рэцэнзіях, яго моцныя інтэрв’ю, аргументы за беларускую мову. Ён быў святаром, але не гэты аспект мяне зачароўваў, а менавіта мовазнаўчы аспект, я б сказаў, яго сацыялінгвістычныя тлумачэнні маргінальнасці беларускай мовы. Я пагадзіўся, але адразу зразумеў, што гэта і гонар, і адказнасць», — кажа Гарбацкі.

Аляксандр Надсан з гуманітарнай дапамогай каля Хойніцкай раённай бальніцы, 1990‑я гады. Фота: vytoki.net

Матэрыялы для кнігі ён збіраў з 2019 года, апошнія паўтара года пісаў інтэнсіўна, каб паспець скончыць працу да 100‑гадовага юбілею. Кансультаваўся, удакладняў многія моманты, тэмы, у якіх не быў спецыялістам.

«Напрыклад, пра святарства Надсана, бо ён перадусім быў святаром. Ён сам пісаў, што «гэта першасная мая іпастась, ідэнтычнасць, я выбраў гэта». І для многіх айцец Надсан быў найперш святаром.

А для многіх ён быў найперш беларусістам-даследчыкам. Лонданскі прафесар Арнольд Макмілін казаў пра Надсана, што «ён быў найвялікшым беларусістам стагоддзя». Важна было спалучыць дзве такія іпастасі.

Я пазнаёміўся з айцом Аляксандрам ужо пад канец яго жыцця, тройчы сустракаўся з ім перад яго смерцю. Мы сышліся менавіта на моўным пытанні, для айца Аляксандра гэта было вельмі важна: для яго чалавек, які размаўляе па-беларуску, — яго сябар. Для айца Аляксандра мова была другой рэлігіяй», — узгадвае аўтар кнігі.

Дзве скрыні з-пад тэлевізара

Цягам 6 гадоў Уладзіслаў Гарбацкі вывучаў спадчыну Надсана, збіраў інтэрв’ю, працаваў у архівах. Толькі ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане ў героя яго кнігі было некалькі тысяч лістоў — дзве вялікія скрыні з-пад тэлевізараў.

Старшыня Рады БНР (1982—1997) Язэп Сажыч, Аляксей Анішчык і а. Аляксандар Надсан у Вільні, 1993 год. Здымак з архіва Беларускага музея ў Вільні.

«Гэта была эпоха, калі яшчэ не было інтэрнэту і людзі ліставаліся на паперы. Я называю Надсана ў кнізе апошнім беларускім эпісталярнікам. Ён ліставаўся з беларусамі ўсяго свету, з даследнікамі-беларусістамі ў Новай Зеландыі, Аўстраліі, Ізраілі, Францыі. Усё гэтае ліставанне захоўваецца ў Скарынаўцы, але яно не было сістэматызаванае. Я двойчы прыязджаў у Лондан, каб упарадкаваць яго і, безумоўна, каб скарыстацца гэтым каштоўным матэрыялам. Я сабраў 116 тэчак, кожная тэчка — гэта адзін чалавек», — расказвае Гарбацкі.

Асабліва ўразіла даследніка творчасць Надсана ліставанне яшчэ «за савецкім часам», у 1960— 70‑я гады, з Акадэміяй навук БССР.

Дом у Гарадзеі ў Нясвіжскім раёне, дзе жыў Аляксандр Надсан 

«Аляксандр Надсан пісаў лісты беларускаму прафесару Аркадзю Жураўскаму (які працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР), што ў Беларусі і СССР выходзяць кнігі па-англійску, але «вы няправільна транслітаруеце прозвішчы, геаграфічныя назвы», дасылаў правілы Міжнароднай лінгвістычнай асацыяцыі, паказваў, як трэба рабіць. Гэтая праблема актуальная і цяпер — мы бачым, што робяць улады. Надсан не маўчаў яшчэ тады. І вельмі хваліў тады яшчэ зусім маладую навукоўку Валянціну Лемцюгову, якая за гэта ўзялася. Надсан пісаў вельмі далікатна, але настойліва — ён заўсёды шукаў дыялогу», — падкрэслівае спадар Гарбацкі.

Валянціна Лемцюгова стала прафесаркай, выбітнай мовазнаўцай, пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб найменнях геаграфічных аб’ектаў, у якім юрыдычна замацаваная практыка першаснага прысваення геаграфічным аб’ектам назваў на беларускай мове, перадача іх лацінкай, а таксама ў іншых мовах.

Аляксандар Надсан пісаў прафесару Жураўскаму: «Усе беларускія прозвішчы і геаграфічныя назвы перадаюцца ў гэтых кнігах у форме, якая не адпавядае іх сапраўднаму гучанню. У прыватнасці, ненаціскное «а» перадаецца праз «о», «дзеканне і цеканне» зусім адсутнічаюць, «г» пішацца як «g», «ў» як «у», а «ы» пасля «р» перадаецца праз «і». Пасылаю лістоўку з сістэмай транслітарацыі, якая ўжываецца ў Брытанскім музеі. Нельга сказаць, што гэтая сістэма дасканалая (дый ці існуе такая?), але ў ёй прынамсі зроблены высілак захаваць асаблівасці кожнай мовы, у тым ліку і беларускай. Ці не варта звярнуць на гэта ўвагу кампетэнтным асобам?».

«Інтэрв’ю трэба было рабіць хутка, бо людзі сыходзілі»

Другая істотная частка працы Гарбацкага была ў архівах — з газетамі, часопісамі, шматлікімі тэкстамі айца Аляксандра, напісанымі на розных мовах: па-ангельску, па-італьянску, па-французску, па-нямецку.

Паводле даследніка, Надсан быў чалавекам «рэнесансавай культуры, сапраўдны асветнік, якіх адзінкі». Таксама было шмат інтэрв’ю з людзьмі, якія ведалі айца Надсана.

Аляксандр Надсан падчас візіту ў Беларусь разам з сям'ёй Уладзіміра Арлова

«Я разумеў, што інтэрв’ю трэба было рабіць хутка, бо людзі сыходзілі. Узяў больш за 40 паглыбленых інтэрв’ю ў людзей, якія ведалі яго. Некаторыя адмаўляліся, некаторыя паабяцалі мне і, на жаль, памерлі. Так здарылася з Адамам Мальдзісам, які памёр у 2022 годзе. Так адбылося і з Аляксеем Каўкам, які жыў у Маскве (спачатку перашкодзіў ковід, потым ён хварэў і памёр у 2024 годзе). Але захавалася шмат тэкстаў гэтых людзей, успаміны, якія друкаваліся, ліставанні з імі.

На жаль, ліставанне ўваходзіць у кнігу толькі цытатамі, бо гэта тысячы і тысячы лістоў. Мы вырашылі, што пасля гэтай біяграфічнай кнігі будзем рыхтаваць асобныя кнігі ліставання айца Аляксандра з беларусамі, а таксама з замежнымі даследнікамі: брытанцамі Джымам Дынглі, Арнольдам Макмілінам, выбітным амерыканска-ўкраінскім мовазнаўцам Юр’ем Шэрахам ды іншымі», — расказвае аўтар кнігі.

9 моваў

Уладзіслаў Гарбацкі падкрэслівае, што пры ўсім гэтым айцец Надсан не быў прафесійным мовазнаўцам. Паводле першай вышэйшай адукацыі ён быў матэматыкам — скончыў у 1953 годзе матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. Але потым выбраў святарства. У Рыме, у Грэцкай калегіі, атрымаў грунтоўную гуманітарную адукацыю, стаў магістрам багаслоўя. У 1958 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.

Айцец Аляксандр Надсан паказвае макет будучай беларускай царквы, якую пасля пабудавалі ў Лондане

«Айцец Аляксандр ведаў 9 моваў. Ён і гісторык, і літаратуразнаўца, і перакладнік, і кітабіст — стаяў ля вытокаў кітабістыкі (вывучэння тэкстаў татараў ВКЛ. — РС). Знайшоў тэксты, напісаныя беларускімі татарамі на татарскай мове, гэта каштоўны матэрыял. Надсан вывучыў татарскую і турэцкую мовы — вымушана стаў кітабістам. «Трэба — значыць, вывучу і гэтыя мовы», — вырашыў ён. Вось гэта ўразіла.

Ён быў цудоўным гісторыкам (прычым не толькі гісторыкам рэлігіі). На гэта звяртаюць увагу і Генадзь Сагановіч, і Наталля Гардзіенка, і Дарота Міхалюк, і Яўген Мірановіч. Гэта быў крытычны гісторык, які мог адключаць у сабе функцыю святара, а ўключаць рацыянальныя падыходы і функцыю даследніка.

Надсан быў яшчэ і цудоўным літаратуразнаўцам. Дарэчы, дзякуючы дэтэктывам Агаты Крысці ён палепшыў сваю ангельскую мову, калі перабраўся на Захад», — кажа спадар Гарбацкі.

І дадае, што айцец Надсан праяўляў сябе вельмі часта як літаратурны дэтэктыў, — пра гэта ён таксама піша ў кнізе.

«Ён праводзіў свае даследаванні і многіх савецкіх і беларускіх літаратуразнаўцаў крытыкаваў за тое, што яны «ідэалагічна няправільна» падаюць інфармацыю. Напрыклад, калі ў БССР перавыдалі творы Максіма Багдановіча, ён указаў, якія памылкі былі зробленыя, як толькі кнігі выйшлі.

«БССРаўскія даследнікі хавалі інфармацыю пра ліставанне Максіма Багдановіча з некаторымі дзеячамі, якія лічыліся «буржуазнымі». І замест прозвішча часцяком ставілі літару «Х» або нейкія абрэвіятуры. А Надсан гэта выкрываў і казаў, што тут павінна быць такое і такое прозвішча (Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі і г. д.)», — іранізуе Уладзіслаў Гарбацкі.

«Махінацыі» дзеля перадачы тэкстаў з савецкай Беларусі

Айцец Аляксандр у савецкі час спрычыніўся да самвыдавецтва, да стварэння патаемных каналаў, якімі рукапісы з Савецкага Саюза, з БССР перадавалі на Захад, а потым яны там друкаваліся.

Напрыклад, такім чынам быў апублікаваны вядомы тэкст «Ліст да расейскага сябра» Аляксея Каўкі. Гэта вядомае палемічнае эсэ беларускага гісторыка, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Аляксея Каўкі, напісанае ў 1976—1977 гадах. Тэкст прысвечаны вострай праблеме становішча беларускай мовы, русіфікацыі і парушэнню моўных правоў у савецкай Беларусі, а таксама размежаванню беларускай і расейскай культурных і нацыянальных ідэнтычнасцяў.

«Айцец Аляксандар Надсан з Юр’ем Туронкам стваралі цэлыя «махінацыі», схемы, як з Беларусі, з СССР перадаць тэксты на Захад — праз дыпламатычную пошту, дасылалі трэцім асобам у Швейцарыю, а потым адтуль забіралі гэтыя дакументы. Гэта цікавая тэма, якая часта ігнаруецца. Маўляў, беларускае дысідэнцтва — што гэта такое? Не параўнаць ні з польскім, ні з літоўскім, ні з украінскім. Так, не параўнаць. Але яно было, існавала. І да гэтай гісторыі меў дачыненне айцец Аляксандар Надсан, які дапамагаў выдаваць тыя тэксты. Таццяна Астроўская, сучасная гісторык, пра гэта пісала ў сваёй нядаўняй публікацыі», — апавядае Уладзіслаў Гарбацкі.

Фота Аляксандра Надсана у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Здымак У. Гарбацкага

І дадае, што гэта такія кропелькі, перлінкі, якіх у новай кнізе багата. І абяцае шмат адкрыццяў для шырокай публікі.

Кніга «Партрэт лонданскага беларуса. Сэнсы выгнання айца Аляксандра Надсана» павінна выйсці на пачатку восені ў Лондане. Купіць яе можна будзе анлайн.

Каментары6

  • Гарадзея
    08.08.2026
    "сніў сны аб Беларусі" можна ж тады было павярнуцца у́ Беларусь на старасць год
  • Багатая біяграфія
    08.08.2026
    Быу́ юнаком у СБМ, быу́ курсантам мінскай афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны. З 1944 года — на эміграцыі. Летам таго ж года быў далучаны да 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС, перайшоў на бок саюзнікаў, быу́ удзельнікам Руху Супраціўлення ў Францыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса ў Італіі, быу́ паранены.
  • немецкий
    08.08.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

У Беларусі знайшлі копію швейцарскіх Альпаў — але турыстаў там не чакаюць

У Беларусі знайшлі копію швейцарскіх Альпаў — але турыстаў там не чакаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Вучыч заявіў, што свет стаіць на парозе значна больш маштабнай вайны4

Расіі не падыходзіць варыянт замарожвання канфлікту ва Украіне3

Падмаскоўе, Крым, Ніжнякамск і Растоўская вобласць падвергліся атацы ўкраінскіх беспілотнікаў

У Нясвіжы з вялікай зніжкай прадаюць стогадовую вілу польскіх чыноўнікаў. За што яе хвалілі міжваенныя крытыкі?1

Украінскі падлетак, які лічыўся зніклым без вестак, аказаўся ў шэрагах расійскай арміі і ваюе супраць Украіны12

Тысячы фанатаў Раналду памылкова прыйшлі на чужое вяселле2

У Беларусь вярнуліся яноты, і гэта трывожыць навукоўцаў3

Беларусы сабраліся ў Варшаве пад бел-чырвона-белымі сцягамі2

Упершыню за доўгі час паказалі новага вярхоўнага лідара Ірана Маджтабу Хаменеі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі знайшлі копію швейцарскіх Альпаў — але турыстаў там не чакаюць

У Беларусі знайшлі копію швейцарскіх Альпаў — але турыстаў там не чакаюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць