Усяго патроху11

У гарах Балгарыі за тыдзень знайшлі шэсць трупаў. Мяркуюць, што трое забілі іншых траіх. Але хто тады забіў іх саміх?

На турбазе ў гарах спачатку знайшлі тры трупы. Потым, праз тыдзень, у аўтадоме — целы яшчэ траіх, якіх лічылі падазраванымі. Напярэдадні смерці адзін з загінулых даслаў загадкавую смс маці. Сярод версій як сетка педафілаў, так і масавае самагубства.

Фота: Балгарскае нацыянальнае агенцтва навін

На працягу ўсяго аднаго тыдня ў Заходніх Балканах (Балгарыя) адбылася серыя загадкавых смерцяў, якая дагэтуль не мае адназначнага тлумачэння і выклікала ў краіне сапраўдную масавую істэрыю. З падрабязнасцямі знаёміць балгарскае выданне «Капітал».

Усё пачалося ў нядзелю, 1 лютага. Івайла Калушаў, стваральнік грамадскай арганізацыі «Нацыянальнае агенцтва па кантролі за ахоўнымі тэрыторыямі» (НАКЗТ), даслаў сваёй маці дзіўнае развітальнае паведамленне:

«Нішто з таго, што ты пачуеш, не будзе праўдай — нават драбніца. Але ў нас больш няма сіл змагацца з гэтым свінарнікам… Гэта нават не прычына, гэта проста апошняя кропля, што перапоўніла чашу для ўсіх нас, — чарговая шчырая спроба дапамагчы аднаму хвораму дзіцяці (гэта не ХХХ) — гэта дзяўчынка, у твой гонар:)))

Прабач мне. Дзякуй табе ад шчырага сэрца. І калі знойдзеш сілы (ці калі табе стане лепш), проста скіруй сваю думку да мяне — і ты мяне знойдзеш. Гэты свет — усяго толькі вельмі трывалы сон. Няма сэнсу ператвараць яго ў кашмар. Зрабі ўсім насуперак, зазірні ўнутр сябе і ўсміхніся. Я вельмі цябе люблю. Будзь вольнай».

Падобныя паведамленні атрымалі і іншыя блізкія Калушава. А 16:07 таго ж дня ён апублікаваў у фэйсбуку верш Хрыста Боцева «Барацьба» — патрыятычны твор пра нязломнасць духу. Пасля гэтага яго тэлефон і тэлефоны яго спадарожнікаў замаўчалі.

Не здолеўшы звязацца з сынам, маці Калушава папрасіла знаёмага з суседняй вёскі праверыць турбазу. Той паспрабаваў дабрацца туды ўвечары ў нядзелю, але праз штармавы вецер вярнуўся і зайшоў унутр толькі раніцай у панядзелак. Там ён убачыў тры целы з агнястрэльнымі раненнямі ў галаву.

Па дарозе назад мужчына сустрэў патруль Памежнай паліцыі, які параіў яму афіцыйна званіць на 112. У выніку на месца трагедыі спачатку прыехала не паліцыя, а супрацоўнікі Дзяржаўнага агенцтва нацыянальнай бяспекі (ДАНС — балгарскі аналаг КДБ), паколькі раён знаходзіцца ў памежнай зоне.

Хоць паліцыя не называла імёнаў, журналісты высветлілі, што загінулымі з’яўляюцца: Івайла Іванаў, паспяховы адвакат, які прадстаўляў інтарэсы «Расатама» ў міжнародных арбітражах; Дэча Васілеў, суўладальнік бухгалтарскай фірмы, і Пламен Стацеў, вядомы інструктар-спелеолаг. Усе яны ўваходзілі ў арганізацыю НАКЗТ, заснавальнікам якой з’яўляўся Івайла Калушаў — спелеолаг, экстрэмальны спартсмен і ўладальнік турбазы «Петрохан».

Нягледзячы на пажар, следчым удалося аднавіць фрагменты відэазапісаў з унутраных камер. На кадрах зафіксавана, як тры чалавекі, чые целы пазней былі знойдзены ў будынку, застрэльваюць сабак, рассыпаюць па пакоі паліўныя пелеты, разліваюць гаручую вадкасць і ўчыняюць падпал. Пасля гэтага мужчыны выходзяць з поля зроку камеры. Астатнія запісы, як сцвярджаецца, былі знішчаныя агнём.

Адначасова з гэтым паліцыя высветліла, што напярэдадні трагедыі на турбазе знаходзіліся яшчэ тры чалавекі — сам Івайла Калушаў, 22‑гадовы Мікалай Златкаў і 15‑гадовы Аляксандр Макулеў. Камера на падворку зафіксавала ўсю шасцёрку разам удзень 1 лютага. Гэта супадае з часам, калі маці Калушава атрымала паведамленне. Паколькі пасля пажару гэтыя трое зніклі на кемперы (аўтадоме), іх абвясцілі ў агульнанацыянальны вышук як галоўных падазраваных.

Тыдзень істэрыі

Пакуль паліцыя шукала тройцу, краіну ахапіў масавы псіхоз. Прадстаўнікі ўлады падлівалі алею ў агонь. Самую гучную заяву зрабіў выканаўца абавязкаў генеральнага пракурора Барыслаў Сарафаў. З’явіўшыся перад журналістамі разам з кіраўніцтвам спецслужбаў, ён не ўстрымаўся ад прамых аналогій:

«Выпадак у «Петрохане» вельмі нагадвае трылер «Твін Пікс». У гэтым доме ў гарах чыніліся сапраўдныя боганяўгодныя справы. Вы павінны чытаць паміж радкоў, што я маю на ўвазе. Асабліва гэта тычыцца дзейнасці гэтай арганізацыі ў дачыненні да дзяцей, якіх бацькі — што для мяне проста абуральна — самі аддавалі гэтым людзям».

Часовы кіраўнік ДАНС Дэнё Дэнеў прызнаў, што арганізацыю Калушава раней правяралі па сігнале аб педафіліі. Аднак журналісты высветлілі: сігнал сапраўды быў, але ён тычыўся сямейных разборак. Бабуля і дзядуля аднаго з дзяцей паскардзіліся на сваю дачку, якая аддала дзіця на навучанне да Калушава. Пазней сям’я памірылася, і заява была адкліканая. Ніякага крымінальнага расследавання па фактах гвалту над дзецьмі ў МУС ніколі не існавала.

Калушаў быў будыстам, жыў у Мексіцы і лічыў сябе «ламам». Ён арганізоўваў дзіцячыя лагеры і працаваў з адной са сталічных школ. Яго вобраз духоўнага лідара закрытай групы ідэальна клаўся ў тэорыю масавага самагубства.

Пакуль адны шукалі містыку, іншыя знайшлі палітыку. Высветлілася, што НАКЗТ мела пагадненні з Міністэрствам навакольнага асяроддзя, а сярод яе спонсараў былі мэр Сафіі Васіл Тэрзіеў і вядомая бізнес-лэдзі.

Палітычныя апаненты адразу абвінавацілі ўлады ў тым, што яны дазволілі «праваеннай групоўцы» выконваць функцыі дзяржавы. Журналісты знайшлі звесткі, што члены НАКЗТ паводзілі сябе ў гарах як гаспадары: насілі форму, патрабавалі ў турыстаў дакументы і самавольна перакрывалі горныя сцежкі.

Увесь тыдзень паліцыя заяўляла, што кемпер Калушава нібыта бачылі ў раёне Бургаса. Аднак у нядзелю, 9 лютага, яго знайшлі зусім у іншым баку — каля вяршыні Акольчыца, адносна недалёка ад месца першай трагедыі. Унутры былі целы Калушава і двух хлопцаў. Стрэлы прагучалі ўнутры машыны.

Бацька 15‑гадовага Аляксандра да апошняга быў спакойны. Высветлілася, што яго сын жыў з групай Калушава ўжо два гады праз праблемы ў сям'і, а старэйшы сын Макулева нават ездзіў з Калушавым у экспедыцыю ў Мексіку.

Нелагічныя факты і пытанні без адказаў

Нягледзячы на заяву паліцыі, што падазраваных больш няма і следства схіляецца да версіі калектыўнага самагубства, у гісторыі застаецца занадта шмат белых плям. Як растлумачыць версію самагубства, калі сярод загінулых былі людзі з паспяховым жыццём — адвакат, бухгалтар і прафесійныя спелеолагі?

Калі Калушаў быў забойцам, чаму ён не забіў двух маладых людзей адразу на турбазе, а цэлы тыдзень перамяшчаўся з імі ў кемперы, каб потым застрэліць іх і сябе?

Чаму паліцыя на працягу тыдня шукала машыну ў раёне Бургаса, калі яна ўвесь гэты час знаходзілася ў гарах непадалёк?

І нарэшце, ці не маглі гэтыя людзі, будучы спелеолагамі і часта бываючы ў дзікіх памежных раёнах, дзе дзейнічаюць кантрабандысты і нелегальныя перавозчыкі мігрантаў, убачыць нешта незаконнае, што і каштавала ім жыцця?

Следства пакуль не дало публічнага тлумачэння ні матываў, ні паслядоўнасці падзей. Вынікі аўтапсій і балістычных экспертыз дагэтуль не абнародаваныя.

Каментары1

  • Woodoo Cult
    11.02.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»22

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскім канфіскаце прадаюць рэдкі для Еўропы Nissan, ды яшчэ і з правым рулём. Колькі просяць?3

Ваню Сцяцэнку з Гродна нарэшце ўвялі даражэнны прэпарат

У Бабруйску каля «Белшыны» пасялілася сям'я курапатак ФОТАФАКТ2

Адкрыты гей стаў наймаладзейшым у гісторыі прэм’ер-міністрам Нідэрландаў13

У Вялікабрытаніі знайшлі мужчыну з трыма пенісамі — і ён мог пра гэта не ведаць2

Знік беларус, які працаваў у Польшчы. Неўзабаве яго знайшлі мёртвым

Украінскія дроны ўдарылі па нафтаправодзе «Дружба» ў Татарстане5

Зяленскі: Каб вызваляць беларускіх палітвязняў, трэба знайсці, на каго іх памяняць11

Зяленскі: Я не буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»22

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць