Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро
Адвакат Дзмітрый Лепрэтар, які абараняў галоўнага абвінавачанага ў тэракце ў мінскім метро Дзмітрыя Канавалава, у новым выпуску ТОКу згадаў, як праходзіў працэс па гэтай справе, і патлумачыў, чаму да сёння многія сумняваюцца ў высновах следства.
«Усім цікава было разабрацца»
Абаронцам Канавалава Дзмітрый стаў выпадкова, бо ў той дзень аказаўся дзяжурным адвакатам.
Юрыст прызнаецца, што пакуль ішло следства, ён адчуваў сябе ў горадзе спакойна. Аднак калі справа дайшла да адкрытага суда, яму стала не па сабе:
«Не мог на той момант прадбачыць, як будуць паводзіць сябе пацярпелыя, таму што Канавалаў пад вартай, а я ж па горадзе хаджу. Гэта адна з праблем прафесіі, калі нейкія думкі ці дзеянні твайго падабароннага аўтаматычна пераносяць на цябе, таму што ты абараняеш яго».

Абаронца ўспамінае, што ў пачатку працэсу нават баяўся карыстацца грамадскім транспартам і ездзіў на пасяджэнні на таксі.
«Але потым я зразумеў па рэакцыі пацярпелых, публікі, якая прысутнічала і маніторыла працэс, і прэсы ў зале, што ўсім цікава разабрацца», — падкрэслівае Лепрэтар.
Наяўнасць канспіралагічных тэорый вакол гэтай справы адвакат тлумачыць жахлівай камунікацыяй улады з народам:
«Была выбрана вельмі няўдалая стратэгія тлумачэння таго, што адбылося, як яно адбылося, як яно развівалася. Гэта проста камунікацыйны правал з боку дзяржавы. Гэты хуткі суд, гэта хуткае папярэдняе расследаванне… Людзям было важна самім разабрацца».

Парушэнні стандартаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва
Паводле меркавання Лепрэтара, празмерная паспешлівасць працэсу і выканання прыгавору з’яўляецца парушэннем стандартаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Ён звяртае ўвагу на тое, што справа налічвала 550 тамоў, якія трэба было вывучыць:
«Немагчыма ў такі кароткі тэрмін разгледзець матэрыялы крымінальнай справы, якія складаюць 500 тамоў. Зразумела, што там працэнтаў 70 смецця, таму што крымінальная справа складалася з некалькіх эпізодаў, і ўсе пастановы аб затрыманні, пратаколы ператрусаў тых людзей, якіх затрымлівалі пасля 2008 года, яны ўсе былі ў гэтых тамах. Каласальная колькасць непатрэбнай інфармацыі. Але ў любым выпадку, калі гэта выстаўляецца дзяржаўным абвінавачваннем у якасці доказу, гэта павінна быць даследавана».
Яшчэ адным сумнеўным аспектам працэсу юрыст называе замоўчванне часткі інфармацыі падчас пасяджэнняў:
«Былі моманты некаторых купюр, я бачыў, як [суддзя Аляксандр] Федарцоў рабіў купюры нейкіх рэчаў. Былі пацярпелыя, якія заўважалі ўсё гэта. (…)
Канавалаў адмовіўся даваць паказанні ў судзе, і таму агучвалі ўсе яго паказанні, дадзеныя на папярэднім расследаванні. І там пярэчылі пацярпелыя наконт таго, што не да канца прачытаны пратакол, выкінуты абзац і гэтак далей. Так, гэта было. І гэта якраз дадавала дроў у топку недаверу да таго, што адбываецца».
Таксама адвакат крытыкуе абыходжанне з абвінавачанымі ў зале суда:
«Гэтая сцэна, гэтыя клеткі, гэты завод абвінавачаных у позе «зю»… Гэта ўсё парушэнне стандарта права на справядлівае судовае разбіральніцтва — калі вам паказваюць першапачаткова, што гэтыя людзі вінаватыя».

А які матыў?
Недавер выклікала і афіцыйная фармулёўка матыву злачынства — «дэстабілізацыя абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». Дзмітрый Лепрэтар пацвярджае, што Канавалаў сапраўды часта паўтараў менавіта гэтую фразу. Аднак, паводле слоў юрыста, аднойчы абвінавачаны падрабязней расказаў пра свае прычыны, але гэта не было агучана публічна:
«Вось якраз адна з купюр Федарцова. Была купюра аднаго з допытаў, таму што, відаць, не захацелі пра гэта казаць публічна ўголас».
Гэты допыт праходзіў, калі Канавалаў знаходзіўся ў «Навінках» на стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызе.
«І ён там загаварыў пра матыў. Гэта быў сапраўды матыў, вось як ён казаў — «дэстабілізацыя грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». Але ён больш шырока патлумачыў, што мае на ўвазе пад гэтым матывам».
На просьбу прыадкрыць заслону над тым, як Канавалаў тлумачыў свой учынак, Лепрэтар адказаў так:
«Калі грамадзянскую супольнасць пачынаюць заганяць усё глыбей і глыбей, недзе спеюць вось такія людзі, якім гэта ўсё абрыдла. Яны там недзе ў любым выпадку ходзяць — і потым вось такое здараецца».

Каментары
Пакуль што ўся гісторыя з выбухам у менскім метро выглядае калькай з падпалу Рэйхстагу 27 лютага 1933, калі галандскі піраманьяк Марынус ван деэр Люббэ нібыта адзінаасобна падпаліў Рэйхстаг, ды так удала, што тый запалаў, як гіганцкі факел. Адметна, што пажар быў ліквідаваны даволі хутка за 1.5 гадзіны. Усё гэта адбывалася на фоне брутальных рэпрэсій нацыстаў супраць апазіцыі. Нацысты неадкладна абвінавацілі ў падпале камуніcтаў, а ў ужо назваўтра - 28 лютага Гітлер выдаў знакаміты указ аб "Абароне народа і дзяржавы", які па скасаваў базавыя грамадцкія правы. Дарэчы, ван дэр Люббэ на судзе сцвярджаў, што ён знаходзіўся ў будынку Рэйхстага не адзіны. У кампаніі з ван дэр Люббэ нацысты спрабавалі асудзіць некалькі камуністаў, але адкрытасць працэса не дазволіла ім гэтага зрабіць. У выніку толькі ван дэр Люббэ быў прысуджаны да смерці, але пасля таго Лейпцыгскага працэсу нацысты стварылі адмысловы карны орган - "Народную судовую палату" і ўсе палітычныя суды надалей былі зачыненымі.
Тэракт у менскім метро таксама адбыўся на фоне рэпрэсій пасля Плошчы-2010, да якіх у сакавіку 2011 дадаўся беспрэцэдэнтны валютны крызіс. І таксама ў 2011 рэжым абвінавчваў у тэракце апазіцыю. Пад час публічных здымкаў Канавалаў і Кавалёў казалі казённымі фармулёўкамі і хавалі нетыповы для іхнага становішча алімпійскі спакой. У выніку іх даволі хутка асудзілі да смерці, а рэчавыя доказы знішчілі. Тый працэс стаў кропкаў узлёту кар'еры будучага лукашэнкаўскага генпракурора і старшыні вярхоўнага суда Шведа, які даўно не патрабуе дадатковых каментароў.