Лідара апазіцыйнай партыі «Народны Фронт Азербайджана» Алі Керымлі арыштавалі на два з паловай месяцы па абвінавачанні ў падрыхтоўцы да гвалтоўнага захопу ўлады. Яму пагражае тэрмін ад 12 гадоў да пажыццёвага зняволення.

Сабаільскі раённы суд Баку ў панядзелак, 1 снежня, арыштаваў на два месяцы і 15 дзён старшыню нацыянал-дэмакратычнай партыі «Народны Фронт Азербайджана» (ПНФА) Алі Керымлі і члена кіраўніцтва ПНФА Мамеда Ібрагіма. Ім выстаўленыя абвінавачанні ў змове з мэтай гвалтоўнага захопу ўлады. Палітыкам пагражае тэрмін ад 12 гадоў да пажыццёвага зняволення, піша Deutsche Welle.
Керымлі быў затрыманы 29 лістапада. Паводле даных дзяржаўных СМІ Азербайджана, падчас вобшуку ў апазіцыянера былі знойдзены нейкія лісты за аўтарствам Раміза Мехціева, былога кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. У кастрычніку суд пастанавіў адправіць 87‑гадовага Мехціева пад хатні арышт на чатыры месяцы па шэрагу абвінавачанняў, уключаючы спробы дзяржаўнага перавароту і дзяржаўную здраду.
Керымлі адмаўляе сувязь з Мехціевым
Улады Азербайджана абвінавачваюць Керымлі ў атрыманні фінансавання з боку Мехціева. Лідар ПНФА адкідвае выстаўленыя яму абвінавачанні і лічыць іх палітычна матываванымі, паведаміў Reuters адвакат апазіцыйнага палітыка.
Керымлі ўзначаліў партыю «Народны Фронт Азербайджана» ў 2000 годзе, пасля смерці яе папярэдняга лідара, экс-прэзідэнта краіны Абульфаза Эльчыбея. На працягу 20 гадоў Алі Керымлі адмаўлялі ў выдачы замежнага пашпарта. У 2015 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) прызнаў, што такім чынам былі парушаныя правы Керымлі на свабоду перамяшчэння.
Узмацненне палітычных рэпрэсій у Азербайджане
Азербайджанскія праваабаронцы лічаць арышт Алі Керымлі часткай хвалі рэпрэсій і патрабуюць яго вызвалення. Колькасць палітвязняў у краіне, паводле звестак саюза «За свабоду палітвязняў у Азербайджане», у кастрычніку 2025 года дасягнула 392 чалавек — гэта самы вялікі паказчык за ўвесь 22‑гадовы перыяд прэзідэнцтва Ільхама Аліева.
Дзясяткі журналістаў, актывістаў і палітыкаў, якія выступалі з крытыкай азербайджанскіх уладаў, былі вымушаныя пакінуць краіну. У чэрвені суд у Баку вынес абвінаваўчыя прысуды журналістам выдання Abzas Media, якое апублікавала расследаванне аб бізнэсе Ільхама Аліева, а таксама рэпарцёру медыёкарпарацыі «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода» (РСЕ/РС). Сем супрацоўнікаў СМІ былі прысуджаныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад 7,5 да 9 гадоў.
Каментары