«Дай пяць, Павароці». У Італіі вакол помніка вядомаму тэнару залілі коўзанку
У Італіі разгарэўся скандал пасля таго, як у горадзе Пезара вакол бронзавай статуі славутага тэнара Лучана Павароці залілі калядную коўзанку. У выніку скульптура аказалася нібыта «па калені ў лёдзе» і абгароджаная сценкамі з оргшкла, піша Бі-бі-сі.

Удава спевакa Нікалета Мантавані жорстка раскрытыкавала мясцовыя ўлады, назваўшы рашэнне абсурдным і абразлівым для памяці чалавека, які праславіў Італію. Мэр горада Андрэа Б’янкані ўжо публічна папрасіў прабачэння і прызнаў, што яго каманда дапусціла памылку.
Але перад адкрыццём коўзанкі мэр нават выклаў жартоўны адрэдагаваны здымак, на якім статуя нібы гуляе ў хакей, з надпісам «Дай пяць, Павароці», што выклікала яшчэ большае абурэнне сям’і.
Статую ў Пезара паставілі ў красавіку 2024 года, на яе адкрыцці прысутнічалі ўдава і дачка музыкі. Павароці часта бываў у гэтым горадзе і меў там вілу, а таксама статус ганаровага грамадзяніна.
Мэр паведаміў, што спачатку яму казалі, нібыта праект катка не закране скульптуру, але пазней будаўнікі змянілі план. Цяпер перанесці статую або дэмантаваць каток немагчыма, але ўлады абяцаюць, што падобнага больш не дапусцяць.
Лучана Павароці лічаць адным з найвялікшых оперных спевакоў усіх часоў. Ён стаў сусветнай зоркай пасля выступленняў «Трох тэнараў» і легендарнага выканання Nessun Dorma. Памёр у 2007 годзе ад раку падстраўнікавай залозы. У яго засталіся чатыры дачкі, а другая жонка музыкі, Нікалета Мантавані, у 2020 годзе зноў выйшла замуж.
Чым жыве оперны спявак Сільчукоў, якога ў 2020‑м звольнілі з Вялікага тэатра за пазіцыю
«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве
Беларуска стала фіналісткай конкурсу оперных спевакоў у Італіі
«Гэта настолькі апаганіць святое!» Гледачы абураныя балетам у Вялікім тэатры, які паставіў запрошаны з Расіі балетмайстар
Каментары