Дзікабраз, якога бачылі пад Гомелем, уцёк з сядзібы ў Рэчыцкім раёне
Раней паведамлялася, што жыхары вёскі Зябраўка Гомельскага раёна заўважылі, што начамі хтосьці наведваецца на іх агароды і псуе ўраджай. Спачатку людзі думалі, што гэта нейкія мясцовыя звяры, але хутка высветлілася, што начным «злодзеем» быў экзатычны для нас дзікабраз. У Мінпрыроды правялі расследаванне і высветлілі, адкуль ён узяўся.

Каб высветліць, адкуль на іх агароды забрыла экзатычная жывёліна, мясцовыя жыхары звярнуліся ў Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пасля праверкі стала вядома, што гэты дзікабраз не дзікі, а свойскі — ён уцёк ад гаспадара яшчэ вясной. Жывёліна жыла ў сядзібе «Конны востраў» у вёсцы Гранаўка Рэчыцкага раёна і перш чым апынуцца ў Зябраўцы, здолела прайсці прыкладна 50 кіламетраў.
Як адзначылі спецыялісты, для гэтай невялікай жывёліны такая адлегласць вельмі значная. Дзікабраз не з’яўляецца тыповым відам для Беларусі, у прыродзе яны тут не жывуць. Гэты від, адпаведна, не ўключаны ў спіс жывёл, якія ахоўваюцца ў нас законам, таму яго не трэба было рэгістраваць у Міністэрстве прыродных рэсурсаў.
Цяпер улады і спецыялісты вырашаюць, як вярнуць дзікабраза законнаму ўладальніку. Пры гэтым кантрольныя службы павінны ўпэўніцца, што ў будучыні жывёліна будзе жыць у добрых умовах і пад належным наглядам, каб падобнае не паўтарылася.
Каментары