Грамадства8080

Акадэмію КДБ будуюць проста на Залатагорскіх могілках. З зямлі дастаюць парэшткі мінчукоў, якіх тут хавалі сотні гадоў

У гэтым месцы забаронена будаваць адразу двума законамі.

Дэмантажныя работы на тэрыторыі былых Залатагорскіх могілак. Фота: katolik.life

Як паведамляе выданне katolik.life, пры рыцці катлавану пад новабудоўлю былі парушаны пахаванні на каталіцкім могільніку каля касцёла Святой Тройцы на сталічнай Залатой Горцы.

Будаўнікам траплялася шмат чалавечых касцей, якія былі сабраныя і перададзеныя на экспертызу, правядзенне якой патрабуе закон пры адшуканні чалавечых парэшткаў. Аднак іншыя законы тут, відаць, перасталі дзейнічаць.

У парафіі пачалі асаблівую малітву, аб чым сведчаць штотыднёвыя аб'явы: «Каб парэшткі нашых продкаў, пахаваных на Залатагорскіх могілках, не былі знішчаныя».

Могілкі з двухсотгадовай гісторыяй

Каталіцкія могілкі з'явіліся ў гэтым месцы ў канцы XVIII стагоддзя. У 1840‑я гады іх тэрыторыя была значна пашырана, а пасля эпідэмій халеры 1848 і 1853 гг. на адасобленым пляцы з'явіліся халерныя могілкі. Могілкі былі закрытыя толькі пасля 1920 года, але ў час вайны на кароткі час пахаванні аднавіліся.

Залатагорскія могілкі на малюнку Чэслава Манюшкі, на якім бачныя касцёл і капліца Св. Роха. 1849 г. Фота: Wikimedia Commons

У пасляваенны час у Мінску і іншых буйных гарадах была знішчана большасць старых могілак, на якіх звычайна ўзнікалі скверы. Аднак знішчэнне могілак прадугледжвала толькі знос крыжоў, надмагілляў, капліц і агароджаў — бачных элементаў гістарычных пахаванняў, але не тычылася ўласна парэшткаў, якія застаюцца ляжаць у зямлі. 

План могілак у 1861 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Пра гэта сведчаць пастаянныя знаходкі чалавечых костак пры работах на тэрыторыі былых могілак, у тым ліку на Яўрэйскіх і Лютэранскіх могілках у Мінску ці на былых Саборных могілках у Магілёве. 

Касцёл Святой Тройцы на Залатагорскіх могілках у пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Не праводзіліся перапахаванні і на Залатагорскіх могілках, у 1980‑я гады там проста знеслі і вывезлі надмагільныя пліты, а зямлю разраўнавалі. Частка пахаванняў была знішчана пры пашырэнні вуліцы Казлова і будаўніцтве ў пачатку 1970‑х гадоў Палаца мастацтва, для якога быў зрыты пагорак. Але большая частка былых могілак заставалася незабудаванай да нашага часу.

Залатагорскія могілкі на нямецкім аэрафотаздымку, зробленым у 1943 годзе. Фота: Нацыянальны архіў ЗША

Сакрэтная будоўля КДБ

Узвядзенне новага аб'екта ў самым цэнтры сталіцы было праведзена так, каб ён застаўся незаўважаным, нават без грамадскага абмеркавання. На сайце адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска ёсць толькі паведамленне пра тое, што, згодна з праектам 1‑й чаргі аб'екта «Узвядзенне будынка шматфункцыянальнага па вул. Залатая Горка, 5 і 5а, у г. Мінску» высекуць 144 дрэвы і выдаляць цэлы гектар травянога покрыва.

Заказчыкам пазначана Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, а праекціроўшчыкам — Белдзяржпраект. Аднак нягледзячы на тое, што аб'ект узводзіцца дзяржаўнай арганізацыяй за бюджэтныя сродкі, ніякіх закупак, звязаных з ім, на адпаведных парталах не фігуруе. Адсутнічае ўчастак, на якім вядзецца будаўніцтва, і на Публічнай кадастравай карце.

На аэрафотаздымках, якія выкананы дзяржаўным прадпрыемствам БелПСГАГП і якія выкарыстоўваюцца ў якасці падложкі ў Публічнай кадастравай карце, амаль уся тэрыторыя квартала, уключна з касцёлам і Палацам мастацтва заблюрана, як і іншыя аб'екты сілавікоў.

Не выключана, што гэта звязана з тым, што на гэтым месцы стаяла адна з дзвюх мінскіх «глушылак», якія ў савецкія гады спецыяльна глушылі сігналы розных замежных радыёстанцый, што вяшчалі на тэрыторыю СССР — вышка была разабраная ў чэрвені гэтага года дзеля новага будаўніцтва.

Тэрыторыя, зачышчаная перад пачаткам будаўніцтва ад старой забудовы і савецкай «глушылкі». Фота: Яндэкс Карты

Дзеля будаўніцтва таксама была перакрыта вуліца Чырваназоркавая, але інфармацыю аб закрыцці вуліцы афіцыйныя крыніцы не падавалі.

Разгадка таго, што будуецца за Залатагорскім касцёлам, была дадзена ў верасні 2023 года, калі «Белпол» апублікаваў інфармацыю пра будаўніцтва новага корпуса Акадэміі нацыянальнай бяспекі, якая знаходзіцца ў ведамстве КДБ Беларусі. На будаўніцтва корпуса, у якім будуць навучальныя, адміністрацыйныя і дапаможныя памяшканні, а таксама інтэрнат на 150 месцаў, было вылучана 20 мільёнаў рублёў з бюджэту.

Гэта амаль уся інфармацыя, даступная пра новы будынак. Няма ніякай інфармацыі ні пра колькасць паверхаў корпуса Акадэміі нацыянальнай бяспекі, ні пра тое, як ён будзе выглядаць.

Пашпарт аб'екта са схемай будоўлі. Фота з сацсетак

Згодна з пашпартам аб'екта, размешчаным на будоўлі, праекціроўшчыкам ужо выступае Мінскпраект, вядомы сваімі праектамі для Лукашэнкі — ад Палаца Незалежнасці да сакрэтных рэзідэнцый. Аднак кантактнай асобай чамусьці засталася галоўны інжынер праекта Юлія Серада з Белдзяржпраекта. 

Згодна са схемай руху транспарту на будоўлі, пляма забудовы — то-бок месца, на якім, уласна, вырасце новы корпус, — займае амаль усю тэрыторыю квартала, вольную ад забудовы. Гэта значыць, што значная яго частка будзе пабудаваная непасрэдна на месцы каталіцкіх магіл XVII—XX стагоддзяў.

Тэрыторыя Залатагорскіх могілак (у белым контуры) станам на 1940‑я гады, у тым ліку частка могілак, знішчаная пад трасу вуліцы Казлова і будаўніцтва Палац мастацтва (цямнейшым колерам). Чырвоным контурам паказаная будаўнічая пляцоўка пад новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі, а чырвонай плямай — сам будынак, як ён абазначаны на пашпарце будоўлі. Калаж: Наша Ніва
Тэрыторыя Залатагорскіх могілак на нямецкім аэрафотаздымку 1943 года і месца будаўніцтва новага корпуса Акадэміі нацыянальнай бяспекі. Калаж: Наша Ніва

«Часам не да законаў»

Натуральна, што будаўніцтва на месцы могілак забаронена не толькі маральна-этычнымі нормамі, але і заканадаўствам.

Так, згодна з законам «Аб пахаванні і пахавальнай справе», выкарыстанне тэрыторыі былога месца пахавання пасля пераносу дазваляецца толькі пад зялёныя насаджэнні па заканчэнні дваццаці гадоў з моманту яго пераносу. Узвядзенне будынкаў і збудаванняў на гэтай тэрыторыі забараняецца.

То-бок нават калі зараз эксгумацыя парэшткаў мінскіх каталікоў адбываецца паводле закона, гэтую тэрыторыю нельга будзе выкарыстоўваць яшчэ дваццаць гадоў, а будаваць на ёй — увогуле ніколі.

Мясцовая парафія планавала ператварыць былыя могілкі ў паркавую зону. 2019 г. Фота: Wikimedia Commons
Плот будоўлі разрэзаў напалам тэрыторыю, якую мясцовая парафія хацела добраўпарадкаваць і ператварыць у дэндрапарк. Фота: Яндэкс Карты

Парк, які хацела зрабіць парафія на месцы былых могілак, адзіны законны варыянт выкарыстання гэтай тэрыторыі. Сёння ўжо высаджаныя кусты і дрэвы давялося тэрмінова перасаджваць у тыя часткі парку, якія засталіся за касцёлам, бо на іх наступае будоўля КДБ.

Гэта не адзіны дакумент, які забараняе будаваць у гэтым месцы. У 2018 годзе Міністэрства культуры зацвердзіла праект зон аховы для шматлікіх гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія размяшчаюцца ў кварталах на рагу праспекту Незалежнасці і вуліцы Казлова — касцёла Святой Тройцы (Святога Роха), жылой пасляваеннай забудовы, Вайсковых могілак і будынка Белдзяржфілармоніі.

Фрагмент схемы з праекта зон аховы. Бэжавым колерам абазначана ўласна ахоўная зона, дзе забаронена любое будаўніцтва, тлустым пункцірам асобна вылучана тэрыторыя каталіцкіх Залатагорскіх могілак, дзе забаронена нават пракладка інжынерных камунікацый.

Згодна з гэтым дакументам, участак на рагу вуліц Залатая Горка і Чырваназоркавай, дзе цяпер вядзецца будаўніцтва навучальнай установы для гэбістаў, уваходзіць у ахоўную зону, на якой «забараняецца будаўніцтва будынкаў і збудаванняў». Асобна вылучаныя былыя каталіцкія Залатагорскія могілкі, у межах якіх забаронена нават пракладка інжынерных камунікацый. 

Рэгламенты праекта зон аховы, якія тачыцца тэрыторыі Залатагорскіх могілак. 

Тым не менш нішто з гэтага не перашкодзіла КДБ пачаць будаўніцтва ў гэтым месцы. Беларускія чыноўнікі і праекціроўшчыкі працягваюць прытрымлівацца меркавання сваіх савецкіх папярэднікаў, што калі не бачна надмагілляў, то няма і могілак. Але яны ёсць.

Гэта сотні, а можа і тысячы парэшткаў людзей, чые імёны сцерлі савецкія бульдозеры. Гэта продкі многіх беларусаў, што жывуць цяпер — іх магілы будуць ізноў парушаныя і разбураныя.

Але ў гэтым ёсць пэўны сімвалізм: спадчыннікі арганізацыі, што вырасла на касцях беларусаў, перамолатых сталінскімі рэпрэсіямі, цяпер узводзяць сваю вучэльню літаральна на касцях — каб вучыць новыя пакаленні, як трымаць беларускі народ у страху.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары80

  • Петр
    01.11.2025
    Абсалютна сатанінская арганізацыя
  • 12
    01.11.2025
    Што хацець, бесау́ская праклята-крывавая кантора 😈🔥 нквдкгбфсбэээээ
  • @
    01.11.2025
    Ізноу́ здзекваецца пракляты лукашызм з католікау́, пратэстантау́

Цяпер чытаюць

Каб раздаць квіткі на Шамана, падключылі райвыканкамы. А ён запісаў відэа «Привет, Белоруссия!» і спяваў гімн Расіі78

Каб раздаць квіткі на Шамана, падключылі райвыканкамы. А ён запісаў відэа «Привет, Белоруссия!» і спяваў гімн Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

«Калі замерзнеце — заходзьце да нас пагрэцца». Бібліятэкарка з Магілёва расказала, як змагла знайсці сябе ў прафесіі ў Польшчы5

Пяць цікавых могілак Беларусі для наведвання на Дзяды

У Егіпце пасля дваццаці гадоў будаўніцтва адкрылі найбуйнейшы музей свету

«Я зразумеў, што ўсё, канец». Стваральнік фестывалю «Бульбамуві» вырашыў спыніць яго5

Тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Што паказвае гісторыя з шарамі на беларуска-літоўскай мяжы13

Жанчына набыла спартыўны касцюм беларускага брэнду за 600 рублёў і ў шоку ад якасці15

Беларусь стала папулярным аб'ектам для кібератак2

У Магілёве адзін бізнэсмен заказаў падпал машыны іншага

Як адзначаюць Дзяды3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каб раздаць квіткі на Шамана, падключылі райвыканкамы. А ён запісаў відэа «Привет, Белоруссия!» і спяваў гімн Расіі78

Каб раздаць квіткі на Шамана, падключылі райвыканкамы. А ён запісаў відэа «Привет, Белоруссия!» і спяваў гімн Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць