На могілках у Літве знайшлі выбухоўку. Польскія спецслужбы сцвярджаюць, што ГРУ рыхтавала напады ў трох краінах NATO
Расійская выведка ГРУ рыхтавала серыю тэрарыстычных актаў у краінах Еўропы, сцвярджаюць у Варшаве.

Для атак планавалася выкарыстаць дроны і бляшанкі кукурузы, дзе насамрэч была моцная выбухоўка. Бляшанкі знайшлі на могілках у Літве, піша «Свабода» са спасылкаю на Gazeta Wyborcza.
Польская спецслужба ABW і Нацыянальная пракуратура агучылі высновы, зробленыя на пачатку расследавання.
Газета цытуе суразмоўцу — прадстаўніка спецслужбаў:
«Адна з вылучаных версій кажа пра тое, што расійская спецслужба ГРУ рыхтавала тэрарыстычныя акты з ужываннем дронаў і бляшанак, у якіх быў магутны выбуховы матэрыял».
Тэрарыстычныя акты планавалі на тэрыторыі трох краін — Польшчы, Літвы і Германіі.
Спецслужбы затрымалі Уладзіслава Д. — меркаванага агента расійскай выведкі. Паводле версіі спецслужбаў Польшчы, ён меўся перавозіць бляшанкі з выбухоўкай. Пры ім знайшлі SIM-карткі і дэталі дронаў. Уладзіславу Д. пагражае пажыццёвае зняволенне.
Польскія спецслужбы праводзяць расследаванне, каб выявіць усіх, хто мог мець дачыненне да патэнцыйнай пагрозы бяспецы Польшчы.
Пракуратура Польшчы плануе скончыць расследаванне да канца 2025 года.
Каментары
[Зрэдагавана]