Грамадства3434

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Андрэй Стрыжак пакінуў «Байсол» пасля скандалу з дыкпікамі. Ён перадаў сваю пасаду заснавальніка арганізацыі Віталіюсу Моцкусу — літоўцу, практычна невядомаму ў беларускай супольнасці. Хто ж такі Моцкус і як апынуўся ў фондзе? 

Віталіюс Моцкус. Фота: Олег Головатенко / Facebook

«У семінарыі вучылі «Магутны Божа»

Віталіюсу Моцкусу 51 год, ён родам з літоўскай Ёнавы — гарадка на 27 тысяч чалавек, што пад Коўнам. У пачатку 90‑х Моцкус пераехаў у Вільню і прыняў праваслаўе, а потым вырашыў паступаць у семінарыю. Бліжэйшай да яго семінарыяй аказалася ўстанова ў Жыровіцах — так Віталіюс упершыню аказаўся ў Беларусі.

Ён успамінае, што да гэтага амаль не выязджаў з Літвы. Беларусь яго здзівіла:

«Памятаю сваё першае ўражанне. Я пачуў беларускую мову, і ў мяне нешта шчоўкнула ў галаве — як, куды? Я вучыўся яшчэ ў савецкай школе, то-бок ведаў, што ёсць тыя 15 савецкіх рэспублік і ў кожнай ёсць свая мова, але ніколі пра гэта не задумваўся.

А тут я пачуў, што шмат людзей гутараць па-беларуску. Больш за тое, у той час можна было і экзамены здаваць або па-руску, або па-беларуску. Я выбраў, вядома, рускую мову, бо яна мне ўжо была знаёмая.

У семінарыі мы нават вучылі той спеў, які сёння забаронены ў Беларусі, «Магутны Божа». Ён мне вельмі падабаецца».

Моцкус вучыўся ў Жыровіцах тры гады — з 1992‑га па 1995-ты. У семінарыі ён падвучыў беларускую мову, дагэтуль можа чытаць беларускія тэксты і памятае беларускія словы. Але ў нашай краіне ён знайшоў больш, чым мову і адукацыю — у Вільню Моцкус вярнуўся разам з жонкай-беларускай.

Далей было рукапалажэнне ў святары і шмат гадоў служэння ў Віленска-Літоўскай епархіі РПЦ. Усё скончылася ў 2022-м, калі Віталіюс Моцкус і яшчэ чатыры літоўскія святары РПЦ былі пазбаўленыя святарскага сану за «здзяйсненне цяжкіх кананічных злачынстваў» — так у тамтэйшай епархіі РПЦ назвалі тое, што гэтыя святары публічна выступілі супраць расійскага нападу на Украіну.

Фота: bernardinai.lt

У адказ святары звярнуліся да патрыярха Канстанцінопальскага, і той аднавіў іх у сане. Пасля гэтага ў Літве з’явіліся першыя прыходы Канстанцінопальскага патрыярхата, сярод якіх цяпер ёсць і беларускі прыход — той самы, у якім служаць святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта.

Як паўдзельнічаў у «маўклівых» пратэстах 2011 года

Пасля той семінарыі Віталіюс шмат вяртаўся ў нашу краіну, каб наведаць сваякоў жонкі і сяброў. У адзін са сваіх прыездаў у Беларусь ён паўдзельнічаў у «маўклівых» пратэстах 2011 года. 

Туды святар пайшоў са знаёмымі актывісткамі, на ўсякі выпадак яны прыдумалі легенду:

«Я быў у святарскай рызе — маўляў, я госць у Мінску, і дзяўчаты мне паказваюць горад. Спыніліся ля тэатра Янкі Купалы, расказваюць мне пра яго. Не прайшло і паўхвіліны, як падыходзіць чалавек у касцюме: калі ласка, праходзьце, тут нельга стаяць. А трэба ўлічваць, што я з Літвы і я ў рызе. Спытаў у яго, чаму там нельга стаяць, ён кажа — у сувязі з праходзячымі мерапрыемствамі.

Я яму адказваю, што мне было б вельмі цікава паўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах. А ён пачынае раздражняцца, дастае з кішэні дакумент і кажа: «Я вам сказаў, неадкладна сыходзьце!».

Я таксама трохі раздражніўся і сказаў фразу, якую я часта выкарыстоўваю ў такія моманты, яна мае для мяне пэўны сэнс: «З якога гэта часу нейкі тып халопскага паходжання будзе мне ўказваць, што рабіць? Пайшоў прэч!» Павярнуўся і сам пайшоў ад яго».

Фота: kp.by

Пазней Моцкус пабачыў у адным з беларускіх медыя сваё фота з таго дня з подпісам «Праваслаўны святар падтрымаў народ».

Тое, як жыве Беларусь, ён называе словам «тэатр»:

«Нібыта на сцэне ўсё добра, а потым ты рознымі спосабамі даведваешся, што адбываецца за кулісамі. Думаеш: «Як гэта так? Так нельга, трэба адкрыць тую заслону, каб усе бачылі, што там адбываецца!»

Тут, у Літве, я часам расказваю гісторыі беларусаў, якіх сам ведаю, гэта ўцекачы, нехта з іх выйшаў з турмаў. І нават тут ёсць кантынгент, які кажа: «Што вы кажаце? Вы напрыдумлялі! Усё там добра, каб усе так жылі, як у Беларусі жывуць!» 

Фота: Vitalijus Mockus / Facebook

Віталіюс дзеліцца, што ў 2020‑м беларусы для яго раскрыліся з новага боку:

«Склаўся такі стэрэатып, што беларусы, кажучы дыпламатычна, спакойныя — галоўнае, што няма вайны і бульба ёсць.

І тут у 2020 годзе раптам пратэсты такога маштабу. Для мяне гэта было пераключэнне і нейкая радасць — аказваецца, ёсць сілы, ёсць магчымасць арганізаваць людзей і ёсць людзі, якія думаюць пра гэта і жадаюць іншай краіны, жадаюць перамен».

«Часам мне кажуць — ты ж літовец, што ты робіш у «Байсоле»?»

Як літовец Моцкус трапіў у «Байсол»? Ён расказвае, што ў 2024‑м знаёмыя беларусы параілі яму месца ў фондзе:

«Там была вакансія на пасаду дырэктара з веданнем літоўскай мовы. Абавязкі — камунікаваць з дзяржаўнымі інстытутамі Літвы, весці дакументацыю, бухгалтэрыю. Калі са мной гутарылі, мне сказалі — вельмі важна, каб мы былі аднадумцамі. Было б дзіўна бачыць у камандзе чалавека, якому ўсё роўна да агульнай справы. 

Я сказаў — разумею ўсю сітуацыю і мяне не трэба пераконваць у пазіцыі, якую займае «Байсол» па дачыненні да цяперашніх беларускіх уладаў, я ў тым жа кірунку. Можа, у больш спакойным плане, бо я не палітык, я не магу недзе праяўляць гэта, але я заўжды разам з вамі ішоў».

Антываенная пазіцыя Моцкуса таксама адыграла сваю ролю:

«Мая пазіцыя — гэта была вяршыня ўнутранага супраціву рускаму свету як культурна-палітычнай гегемоніі аднаго народа над іншым. Апошнім момантам быў напад на Украіну. Было важна, што і «Байсол» мае такую пазіцыю». 

Працу ў фондзе Моцкус дагэтуль сумяшчае са святарскай справай. Асноўны прыход, дзе служыць Віталіюс, знаходзіцца ў Каўнасе, прычым дзеля таго прыхода яму давялося трохі падвучыць украінскую мову — на службы ходзяць украінцы, і для іх служаць на іх роднай мове. 

Таксама Моцкус служыць у іншых літоўскіх гарадах. Раз на месяц прыязджае ў Алітус, Шаўляй і Паневежыс, некалькі разоў на год служыць у Анікшчаі. На вялікія святы накшталт Вялікадня ці Калядаў трэба аб’язджаць усе прыходы: у такім выпадку ён за пару дзён праязджае разам з жонкай каля 1500 км і праводзіць па 20 гадзін на нагах.

«Часам мне кажуць — ты ж літовец, што ты робіш у «Байсоле»? Добра калі яшчэ дырэктар, гэта больш тэхнічная функцыя, але цяпер я атрымаў і статус заснавальніка.

Напэўна, у гэтым выпадку нацыянальнасць другасная, важныя ідэя, кірунак і мысленне. Мы маем агульную справу, гэта дапамога людзям, і ў такім выпадку не пытаешся, хто ты і якое тваё прозвішча», — разважае Моцкус.

Віталіюс падкрэслівае, што супрацоўнікі фонду — вельмі ідэйныя людзі: ён не сустрэў у «Байсоле» ніводнага чалавека, якога там не павінна быць. 

«Нармальным учынкам было б самому сысці»

У канцы верасня Моцкус пераняў у Андрэя Стрыжака пасаду зарэгістраванага заснавальніка «Байсола». Віталіюс дзеліцца, што для яго прапанова той пасады стала вельмі нечаканай, але цяпер ён бачыць у гэтым плюсы для фонду: маўляў, заснавальнікам стаў чалавек, які не мае ў гэтай справе асабістых інтарэсаў і не ўдзельнічае ў палітычных гульнях.

Згодна са словамі Моцкуса, ніхто ў камандзе фонду не быў супраць перадачы яму той пасады.

Цяпер новы заснавальнік «Байсола» збіраецца ў поўнай меры паглыбляцца ў дзейнасць фонду, бо раней яго не так моцна датычыліся справы каманды і гісторыі падапечных. «Байсол» чакаюць змены:

«Я стварыў працоўную групу па змяненні статута і рэформе нашай арганізацыі. Не ведаю, які будзе вынік, бо толькі пачалі. Будзем шукаць магчымасці ўдасканальвацца. Напэўна, гэта заўжды павінна адбывацца ў любой арганізацыі, калі з ёй нешта здараецца.

Тыя падзеі, якія адбыліся ў «Байсоле», выклікалі думкі — маўляў, што мы можам змяніць да лепшага, і не толькі каб прадухіліць такія сітуацыі, але і ў іншых пытаннях. Тыя падзеі былі ўзрушэннем не толькі для пацярпелых, але і для самой каманды, мы гэта бачым. Таму трэба працаваць і з камандай».

Моцкус разважае пра дзеянні каманды «Байсола». Калі камісія, створаная дзеля разгляду скандалу з Андрэем Стрыжаком і дыкпікамі, параіла спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком, большасць байсолаўцаў прагаласавала за працяг таго супрацоўніцтва.

Віталіюс дзеліцца сваім меркаваннем пра заблытаны шлях Стрыжака да адстаўкі, якая ўсё ж адбылася:

«Звычайна ў заходніх краінах ў такіх выпадках, і нават у выпадках, меншых па шкодзе, чалавек адразу ідзе ў адстаўку, прытым сам. Такіх прыкладаў багата ў Літве. Могуць быць дыскусіі, наколькі гэта трэба ці не, але такая склалася практыка. Таму ўжо ёсць чаканні, што такая адстаўка — гэта нармальна, чалавек бярэ адказнасць на сябе і не падстаўляе іншых.

Напрыклад, адзін паліцэйскі ў Літве трапіў у скандал у непрацоўны час. Хто пакінуў пасаду? Міністр унутраных спраў. Ён нават асабіста не ведаў таго паліцэйскага, але зрабіў той жэст, каб паказаць, што нясе адказнасць за персанал, які працуе ў яго. То-бок я адказны за тое, як працаваць з імі, каб яны сабе не дазвалялі недастойных рэчаў нават у непрацоўны час».

Каманда «Байсола» прагаласавала за іншы лёс для Стрыжака. Моцкус кажа, што ў гэтым магло праявіцца не зусім правільнае разуменне дэмакратыі: маўляў, дэмакратычныя падыходы — гэта не «што хачу, тое і раблю». Дэмакратыя мусіць быць унутранай закваскай у чалавеку, якая дае яму кірунак мыслення.

Скандалы накшталт таго, што адбыўся з «Байсолам», здараюцца не штодзень. Таму, лічыць літовец, падзеі вакол Стрыжака маглі выклікаць у байсолаўцаў разгубленасць — як дзейнічаць?

«Думаю, што ў гэтым выпадку каманда праявіла чалавечнасць, якая трохі пераважала над пачуццём абавязку перад арганізацыяй і пацярпелымі людзьмі. Я спрабую таксама зразумець тую логіку. Не за ўсе злачынствы бывае смяротнае пакаранне, часам бывае пажыццёвае зняволенне, а нехта мо хоча, каб пакаранне заўжды было смяротным.

І мо каманда палічыла, што за такое мусіць быць, кажучы ў пераносным сэнсе, не смяротнае пакаранне, а 25 гадоў зняволення. Андрэя, які быў у вытокаў арганізацыі, і раптам такое — мо яму хопіць меншага пакарання? Гэта таксама цяжка. Ён пакідае ўсе пасады, кіраўнічыя функцыі — і гэта колькі, якое гэта пакаранне?» — разважае Моцкус.

«Нармальным учынкам было б самому сысці, а не даводзіць да таго, што сваю рэакцыю выказалі і супрацоўнікі «Байсола», і донары, і іншыя арганізацыі, якія супрацоўнічалі з намі. Потым Андрэй зразумеў, што ўсё гэта не проста так, і прыняў правільнае рашэнне, але зрабіў гэта трохі пазней, чым трэба было».

Даваць такую ацэнку, прызнаецца Моцкус, яму няпроста, тым больш што ён далучыўся да каманды апошнім з усіх байсолаўцаў. Святар адназначна кажа — такіх учынкаў, як здзейсненыя Стрыжаком, быць не павінна, іх ніяк не апраўдаць. І цяпер, лічыць Віталіюс, трэба закрыць тэму і працаваць далей, у тым ліку над тым, каб такіх сітуацый у фондзе далей не было.

У фондзе збіраюцца працаваць з персаналам па спецыяльных праграмах, якія датычаць прадухілення гвалту.

«Байсол» працуе далей

Моцкус адказвае тым, хто сумняецца, што Стрыжак сапраўды сышоў з «Байсола»:

«Мы разумелі тую магчымую логіку і пагутарылі з камандай, што Андрэй адхілены і фармальна, і нефармальна. Хаця ў нас каманда і згуртаваная, заўтра ці праз год нехта сыдзе з каманды, мо будзе на нешта пакрыўджаны, і ўсім раскажа — глядзіце, Андрэя нібыта знялі, а ён жа там у іх застаўся на працы, як і быў. Мы гэта ўсведамлялі і казалі, што так не павінна быць».

Паперы пра тое, што статус заснавальніка перададзены Моцкусу, ужо падпісаныя. Фонд працуе далей:

«Магчыма, нешта трэба пераглядаць у плане маштабаў і магчымасцяў, бо нехта з донараў спыніў з намі адносіны, мы з разуменнем да гэтага ставімся. Мо нехта гэта перагледзіць, але мы ўсё роўна будзем глядзець на нашы магчымасці.

«Байсол» яшчэ да гэтага ўсяго прыйшоў на ўзровень, калі арганізацыя не роўная аднаму чалавеку, і гэта вельмі важна. Вядома, страта кожнага — гэта заўжды непрыемна, але наша праца так добра пастаўленая, што мы ідзем далей. Хаця апошнія два месяцы, і асабліва апошнія два тыдні, былі псіхалагічна вельмі цяжкія». 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары34

  • user
    05.10.2025
    Это финиш. Ничего умнее в голову BySol не пришло? Или вам "помогли" принять такое решение? В целом, Лукашенко может быть доволен - развал беларуских демократических структур за границей идет полным ходом.
  • Жвір
    05.10.2025
    Перастрахаваліся, адмыслова сьвятара знайшлі, бо гэты, імаверна(!), нічога такога дасылаць ня будзе... Але, гэта не дакладна.
  • Русафоб
    05.10.2025
    Шчыры дзякуй Віталіюсу за ягоную пазіцыю і падтрымку беларусаў і ўкраінцаў! І поспехаў на новай пасадзе!

Цяпер чытаюць

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?34

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Грузіі апазіцыя спрабавала штурмаваць прэзідэнцкі палац10

У Беларусі сцвярджаюць, што п'яны дальнабойшчык з Малдовы праходзіў беларускую мяжу цвярозым2

«Мяне часам заносіць у ідэях». Мінчукі купілі ўчастак на беразе Вячы і пабудавалі дом сваёй мары5

Гісторык з ЗША выдаў серыю кніг пра барацьбу Гітлера супраць партызан у Беларусі28

Беларускія памежнікі прапусцілі ў Літву моцна п'янага дальнабойшчыка2

Новую хуткасную чыгунку ў мінскі аэрапорт пачнуць будаваць ужо сёлета2

У Беларусі з'явіліся чыпсы са смакам КНДР2

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася17

Што пагражае магілёўскаму маньяку-ліфцёру? Юрыдычны казус, але максімум за восем трупаў — 15 гадоў калоніі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?34

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць