«Сакавітыя стравы ствараюць вайб утульнай сямейнай вячэры, дзе ёсць любімыя смакі, вабны драйв і крышку дзёрзкасці».

Папулярная сетка хуткага харчавання KFC пра запуск новага меню ў беларускім стылі афіцыйна аб’явіла 3 сакавіка ў сваіх сацсетках, прычым для поўнага заглыблення ў нацыянальную атмасферу зрабіла гэта на беларускай мове, заўважыў «Тэлеграф».
У новым меню сеткі — стравы, якія, на думку кампаніі, павінны стварыць «вайб утульнай сямейнай вячэры» з любімымі смакамі, «прывабным драйвам і шчопцю дзёрзкасці».
Ніводнае беларускае меню не можа абысціся без дранікаў. Дадала іх у сваё меню і сетка KFC: за 3 хрусткія блінчыкі з пяшчотным смятанна-грыбным соусам просяць 9,9 рубля.
Іншая беларуская альтэрнатыва дранікам — «Бульба-Бокс», у якім духмяную бульбу з усё тым жа смятанна-грыбным соусам падаюць адразу з 6 пікантнымі байтсамі (кавалкамі курынага мяса). Кошт такога набору — 12,9 рубля.
Ёсць у беларускім меню і звыклыя бургеры ў розных нацыянальных варыяцыях па 13,5 рубля, і курыная «класіка» з падвойнай курачкай замест звыклай бургернай булачкі, і беларускі варыянт фірменных Боксмайстроў (праўда, з усё той жа пшанічнай тарцілляй). Здаецца, адзінае адрозненне асартыменту беларускага меню — у наяўнасці таго самага смятанна-грыбнога соусу. Ну і яшчэ — ва ўпакоўцы, стылізаванай традыцыйным нацыянальным беларускім арнаментам, з пажаданнямі смачна есці па-беларуску.
А запіваць усю гэтую кулінарную разнастайнасць аматарам усяго беларускага KFC прапанавала асаблівым журавінавым напоем. Праўда, ён у меню з’явіцца крыху пазней — з 9 сакавіка.
Каментары