«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве
Аляксандр Патапаў нарадзіўся ва Украіне, але пераехаў на Віцебшчыну глядзець за маці. Цяпер, пасля адседкі ў беларускай турме па палітычным абвінавачванні, ён вярнуўся на гістарычную радзіму. Мужчына просіць праз «Байсол» дапамогі на лячэнне зубоў.

«Байсол» абвясціў збор, каб дапамагчы Аляксандру з уладкаваннем ва Украіне і пратэзаваннем зубоў. Паўдзельнічаць можна тут.
Украінец з беларускімі каранямі
Аляксандр пераехаў у Беларусь у другой палове 90-х. Яго маці і бабуля былі родам з паўночнай часткі Віцебскай вобласці.
Як і сам Аляксандр, яны зазналі рэпрэсіі:
«У савецкі час іх раскулачылі, забралі зямлю і выгналі з іхняга маёнтка. Яны тады трымалі коней, кароў. Бабуля выйшла замуж за багатага чалавека, майго дзеда, у яго таксама была зямля. А прыйшлі камуністы і забралі ўсё.
Бабуля потым жыла ў Расіі — спачатку ў Сібіры, потым у Падмаскоўі. Там яна пазнаёмілася з лейтэнантам, параненым у фінскую вайну, яны пабраліся [шлюбам]. А калі скончылася вайна з немцамі, ён забраў бабулю з сабой у Хмяльніцкую вобласць, дзе я цяпер і знаходжуся».
Аляксандр нарадзіўся ў 1954 годзе ва Украіне, скончыў там школу на ўкраінскай мове. Пасля школы трохі хадзіў у мора, потым працаваў на машынабудаўнічым заводзе ў Дняпры, быў у Чарнігаўскай вобласці трактарыстам і будаўніком. Акрамя працы, мужчына займаўся адзінаборствамі, працаваў спартыўным інструктарам.
У 1978‑м яго родныя ўсё ж вырашылі вярнуцца ў Беларусь. Тым часам Аляксандр стварыў ва Украіне сям’ю, у яго двое дзяцей. Але ў 1997‑м ягоная маці зламала шыйку сцягна, і мужчына перабраўся ў Беларусь. З жонкай на той час ён развёўся, а дзеці засталіся ва Украіне.
«Я чытаў кніжкі на беларускай мове, для мяне гэта не перашкода»
Аляксандр прыехаў да маці ў вёску Хатоля, што ў Віцебскім раёне. У Беларусі мужчына знайшоў сабе працу лесніка, а потым уладкаваўся мулярам на будоўлі.
У беларускіх публічных установах — напрыклад, у банку — мужчына выкарыстоўваў украінскую мову, дык успамінае, што часам яе прымалі за беларускую. А пазней ён і сам атрымаў беларускае грамадзянства.
«Беларускую мову я разумеў з самага пачатку, беларуская і ўкраінская мовы падобныя. Я чытаў кніжкі на беларускай мове, для мяне гэта не перашкода. Чытаў і празаікаў, і паэтаў.
Якія творы мне падабаліся? Чытаў Васіля Быкава, браў у бібліятэцы Цётку, мне вельмі падабаўся Янка Купала. Яшчэ Рыгор Барадулін, паэт з Віцебскай вобласці, ён добра пісаў», — кажа Аляксандр.
Дачка і сын Аляксандра жылі ў Дняпры, а ён сам так і застаўся ў Беларусі. Знайшоў сабе беларуску, атрымліваў пенсію і даглядаў свой вялікі агарод. Успамінае, як яму пашчасціла з зямлёй: ва ўсіх навокал, кажа Аляксандр, зямля была дрэнная, пясок, а яму дастаўся чарназём з былой панскай аранжарэі.

У апошнія гады мужчына хацеў перабрацца да дзяцей ва Украіну, але ж не паспеў — пачалася вайна, якую ён успрыняў цяжка. Але і да падзей у Беларусі суразмоўца не быў абыякавы:
«Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку. Спачатку ў мяне не было [беларускага] грамадзянства [і я не мог галасаваць], а потым я бачыў, што ён шмат абяцае і нічога не робіць. У 2020‑м я таксама галасаваў на выбарах, да мяне прыязджалі з той скрынкай. Я і тады казаў, што думаю. І калі вайна пачалася, казаў, што яна бесчалавечная».
Аляксандр выражаў сваю пазіцыю ў сацсетках і на пікетах. Успамінае, як у Віцебску, калі заходзіў у тралейбус, казаў «Слава Украіне» і ўключаў украінскія навіны:
«Людзі казалі: маўляў, мы з вамі. Толькі пенсіянеры пыталіся, што гэта я тут прапагандую, а маладыя людзі збольшага былі за Украіну і супраць вайны. Мяне тады ніхто не здаваў. На прыпынках транспарту я часта ўключаў украінскія навіны, людзі слухалі».
«Суддзя казала: «У мяне ўражанне, што я судзіла свайго бацьку»
Летам 2022‑га падчас абстрэлу Кіева загінула хросная дачка Аляксандра, а яе маленькая дачка засталася інвалідам. Пасля таго абстрэлу мужчына пакінуў некалькі каментароў у «Аднакласніках», за якія пазней стаў палітвязнем.
Аляксандр падкрэслівае, што тыя каментары выглядалі не так, як іх потым прадстаўлялі на судзе:
«Я люблю паэзію, магу шмат вершаў прачытаць на памяць. Але я ніколі не пісаў вершы, асабліва такія, як следчы выдумаў, нешта накшталт «Сашка-какашка». Разумееце, мне б за такое было сорамна! Я яшчэ на судзе казаў — маўляў, гэта не я, паглядзіце на дату, калі тыя вершы былі напісаныя, я тады ўжо быў у СІЗА».
Насамрэч, кажа Аляксандр, ён напісаў тады, што гэта варварская вайна, параўнаў Пуціна з Гітлерам, а таксама пажадаў яму смерці грубымі словамі і выказаўся пра аднаго з беларускіх прапагандыстаў. Таксама мужчына знайшоў чуткі ў сеціве, што бацька Пуціна прымаў прысягу пад сцягам РВА і апублікаваў гэта — за тое яго абвінавацілі ў распаўсюдзе свастыкі, бо сцяг РВА мае падобны да яе элемент.
Мужчыну затрымалі 25 жніўня 2022 года, судзілі ў лістападзе таго ж года. Час у СІЗА яму даўся складана. Вязняў рэдка выводзілі на шпацыры, і ў Аляксандра пачалі пухнуць ногі, на адной з ног у яго адкрылася язва. Медыцынскай дапамогі ён не атрымаў, хаця і ледзь хадзіў, толькі ў калоніі атрымалася залячыць нагу.

У апошнім слове на судзе Аляксандр пачаў гаварыць па-ўкраінску:
«Суддзя тады мяне спыніла, сказала, каб я гаварыў па-руску. Калі тая суддзя зайшла абвяшчаць прысуд, яна дзесяць хвілін сядзела моўчкі, збіралася з думкамі. Потым зачытала прысуд, хутка ўстала і пайшла.
А потым, мне расказвалі, яна казала: «У мяне такое ўражанне, што я судзіла свайго бацьку. У мяне бацька такога ж узросту, але я нічога не магу зрабіць, на мяне ціснуць».
У выніку Аляксандра асудзілі па артыкуле 368 (абраза Лукашэнкі) да двух гадоў за кратамі.
«Сказаў, што на Данеччыне няма соснаў — мяне за гэта адправілі ў ШІЗА»
Мужчыну адправілі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію №15. Там Аляксандр некалькі разоў трапляў у ШІЗА. Аднойчы яго суседам па ШІЗА быў Андрэй Паднябенны — 36‑гадовы палітвязень з Гомеля, які загінуў у той калоніі 3 верасня 2025 года:
«Мяне туды пасадзілі з высокай тэмпературай, 38 градусаў — сказалі, можна [у ШІЗА], не паміраю. Пазней перамералі, дык ужо было 40 градусаў. Паднябенны тады пачаў грукаць у дзверы, бо мне было дрэнна, каб да мяне выклікалі доктара. І тады мяне перавялі ў медчастку.
Я і іншыя разы сустракаўся з Паднябенным. Яго там дужа прэсавалі».
Таксама Аляксандр згадвае Сяргея Разановіча — святара, які адбывае прысуд у ПК-15 і якому там дужа цяжка:
«Я там мог і даць здачы, а ён за сябе пастаяць не можа. Там навокал ёсць розныя людзі, і да яго ў калоніі вельмі негатыўна ставіцца адміністрацыя».
Аляксандр прадстаўляўся іншым вязням па імені па бацьку — Фёдаравіч. Ён меў досвед у адзінаборствах і мог за сябе пастаяць, нягледзячы на ўзрост. У калоніі палітвязень, якому тады было 68 гадоў, прымаў удзел у спартовых спаборніцтвах — заняў першае месца ў катэгорыі вязняў 50+, але яго паставілі на шостае месца: маўляў, палітвязень не можа заняць першае месца.
З іншымі вязнямі ў калоніі Аляксандр размаўляў на ўкраінскай мове, а вось калі гутарка была з супрацоўнікамі ці каля іх, пераходзіў на рускую. Ён кажа, што за ўкраінскую мову яго ў калоніі каралі, ды і ўвогуле часта правакавалі. Збіраліся абмежаваць у спатканнях, але ў мужчыны і так не было ў Беларусі блізкіх сваякоў, а толькі ім дазволена наведваць вязняў у калоніях.
Аднойчы Аляксандр звярнуў увагу іншых вязняў на хлусню ў навінах, за што і пацярпеў:
«На мяне паскардзіліся, што я негатыўна стаўлюся да расійскай арміі. У навінах паказвалі Данбас і сосны — маўляў, баі праходзяць у сасновым лесе. Я кажу, што гэта брахня, на Данеччыне няма соснаў, там стэпы, тэрыконы. Сосны там ёсць толькі каля рэчкі Данец.
Мяне за гэта зноў адправілі ў ШІЗА, там я і пазнаёміўся з Паднябенным».
«Не буду адмаўляцца ад беларускага грамадзянства»
Аляксандр выйшаў на волю ў жніўні 2024 года. Спачатку вярнуўся жыць у сваю вёску. Як і шмат іншых былых палітвязняў, сутыкаўся з тым, што да яго часта прыязджалі сілавікі, каб «праверыць».

У кастрычніку 2024‑га яго пасадзілі на 15 сутак:
«У камеры нас было 15 чалавек, а нар было 9. Але на нарах мала хто спаў, збольшага спалі на падлозе, бо яна была драўляная, а нары — металічныя. У камеры была тэмпература, як на вуліцы, то-бок сем градусаў, а часам былі і замаразкі.
Штодзень нас пераводзілі ў іншую камеру. Заходзім у камеру — батарэі цёплыя, а потым яны робяцца халодныя».
У снежні Аляксандра зноў прыехалі затрымліваць, але ўсё ж пакінулі дома, бо ў 70‑гадовага мужчыны быў вельмі высокі ціск. Пасля гэтага Аляксандр рашыўся на эвакуацыю з Беларусі.
Спачатку ён перабраўся ў Тбілісі. У тамтэйшай украінскай амбасадзе Аляксандра прынялі, але загадалі пакуль чакаць рашэння ў пытанні яго далейшага лёсу. Тады дачка мужчыны звязалася з украінскімі праваабаронцамі, і праз месяц Аляксандру далі дазвол на выезд ва Украіну.
З 29 студзеня 2025 года ён жыве ў Хмяльніцкай вобласці ў стрыечнай сястры. Мае праблемы з зубамі: у Тбілісі яму мусілі паставіць імпланты, але праграма дапамогі скончылася, і мужчына шукае сродкі на пратэзаванне.
Аляксандр кажа, што хацеў бы некалі вярнуцца ў Беларусь:
«Усё-ткі я не буду адмаўляцца ад беларускага грамадзянства. У мяне там ёсць дом, хаця і невялікі і старэнькі, там жа ўсё засталося. Узяў з сабой толькі заплечнік з адзеннем і грашыма».
«Байсол» абвясціў збор, каб дапамагчы Аляксандру з уладкаваннем ва Украіне і пратэзаваннем зубоў. Паўдзельнічаць можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬДзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні
Палітвязень расказаў, што цяпер з Фядутам і Паротнікавым у калоніі
«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў
«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Каментары