У Кобрыне дзяўчына так шпурнула шкляны кубак у таварыша, што той аслеп на адно вока
У Кобрыне завершана расследаванне крымінальнай справы аб сур’ёзнай бойцы, якая скончылася цяжкімі наступствамі для аднаго з удзельнікаў — частковай стратай зроку.
Паводле даных следства, у канцы студзеня кампанія адзначала дзень нараджэння. Падчас застолля паміж гасцямі ўспыхнуў канфлікт. 29-гадовая жыхарка Кобрына ў парыве злосці шпурнула ў 27-гадовага мужчыну шкляны кубак.
Пасудзіна разбілася аб галаву пацярпелага, а аскепкі пашкодзілі яго левае вока. Нягледзячы на лячэнне, захаваць зрок не ўдалося — мужчына цалкам аслеп на адно вока.
Следчыя дапыталі сведкаў і прызначылі экспертызу, якая пацвердзіла цяжкасць траўмаў. Жанчына прызнала віну і патлумачыла свае дзеянні абразлівымі жартамі пацярпелага ў адрас яе сужыцеля.
Ёй выстаўлена абвінавачанне паводле артыкула аб наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ён прадугледжвае пакаранне аж да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Да суда дзяўчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Каментары