«Я зноў ратую людзей». Чэмпіёнка муай-тай восем гадоў працавала на «хуткай» у Беларусі, а цяпер робіць гэта ў Польшчы
Восем гадоў на хуткай дапамозе ў Менску і тытул чэмпіёнкі Беларусі ў муай-тай — у біяграфіі Анастасіі Калашнікавай, больш вядомай як Ася Махно, спалучаюцца, здавалася б, несумяшчальныя рэчы. Яна ратавала жыцці і выходзіла на рынг, перажыла пандэмію і жнівень 2020 года, страціла працу і з'ехала за мяжу. Сёння Анастасія зноў працуе ў «хуткай» — ужо на вуліцах Варшавы. У інтэрв'ю «Белсату» яна распавядае, што значыць змагацца і на выкліках, і на рынгу, і за права жыць без страху.

«Хуткая дапамога — гэта як ратавальнікі Малібу, толькі без купальнікаў»
Медыкам Анастасія вырашыла стаць не ў дзяцінстве, а ў той момант, калі пайшла працаваць санітаркай у прыёмны пакой Бальніцы хуткай медычнай дапамогі ў Менску. Там яна зразумела, што ратаваць чалавечыя жыцці — гэта і ёсць яе пакліканне. Пасля гэтага паступіла вучыцца, а неўзабаве выйшла на змены ўжо ў чырвонай форме фельчара.
— Як вы ўвогуле вырашылі стаць медыкам?
— Вельмі спантанна, я пачала працаваць як санітар у прыёмным пакоі бальніцы. А на фельчара я паступіла, таму што калі працавала ў прыёмным пакоі, мне здавалася — вось «хуткая», вось яны такія заходзяць у сваёй чырвонай форме, як ратавальнікі Малібу, толькі без купальнікаў. І яны такія класныя, проста вось як у кіно. Яны ўваходзяць, аж святло за іхнымі спінамі. Тады мне здавалася: божа, яны такія класныя, я таксама хачу быць такой, я буду ратаваць людзей.
— Пакуль вучыліся, вы працягвалі працаваць?
— Так, я ўвесь час працягвала працаваць. Я ўдзень вучылася, ноччу працавала. Я яшчэ два гады адпрацавала ў прыёмным пакоі бальніцы, на другім курсе я яшчэ сумяшчала з хірургічнай рэанімацыяй. А на трэцім курсе я трапіла ў «хуткую».
— Чаму вы пасля заканчэння медычнага каледжу пайшлі на хуткую дапамогу?
— Я туды пайшла, бо я планавала там застацца. Я пайшла працаваць на адну з падстанцыяў хуткай дапамогі і адпрацавала там восем гадоў.
— І як вам там працавалася?
— Жылося! 240 гадзінаў на месяц — гэта «жылося». За 240 працоўных гадзінаў на месяц я атрымлівала заробак, на які можна выжыць.

Ноч на Акрэсціна: што адбывалася на вачах у «хуткай»
2020 год стаў для Анастасіі і яе калег выпрабаваннем. Яна згадвае ноч з 11 на 12 жніўня, калі яе брыгаду адправілі да ізалятару на Акрэсціна.
— Што вы пабачылі, калі прыехалі?
— Мы заехалі проста праз браму. Першае, што ўбачылі, — газон, на якім ляжалі хлопцы тварам уніз або стаялі на каленях, з рукамі за галавой або за спінай. Іх было вельмі шмат. Іх білі проста на вачах у нас: дубінкамі, нагамі, гналі па коле. Нікога не збянтэжыла, што прыехала «хуткая», — людзі ў чорным працягвалі збіваць, не хаваючыся.
Анастасія некалькі разоў тэлефанавала на цэнтральную падстанцыю — яна прасіла даслаць дадатковую брыгаду і дазволіць застацца, каб забраць як мага больш пацярпелых.
— Ці ўдалося тады дапамагчы?
— Мы змаглі забраць толькі траіх. Аднаго збітага хлопца з падазрэннем на пералом таза. Яшчэ аднаго мужчыну з цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай: яго ванітавала ўсю дарогу да бальніцы, ён не мог сфакусаваць погляду, у яго былі зламаныя рабрыны, ступня і пальцы. Гэта была вельмі распаўсюджаная траўма — людзі спрабавалі закрываць галаву далонямі, і ім ламалі пальцы. Тыя, хто разумеў, абаранялі галаву локцямі і сціскалі кулакі. Трэцім стаў мужчына з гіпертанічным крызам.
Тады ж да «хуткай» з Акрэсціна вывелі двух падлеткаў. Ім было 18 гадоў, але выглядалі яны на пятнаццаць. Адзін плакаў, увесь час паўтараў: «Калі ласка, я проста міма праходзіў, адпусціце мяне». У аднаго быў пералом сківіцы, у другога — носа.
Падлеткаў забраць тады не ўдалося — яны не змяшчаліся ў машыну, а начальнік ІЧУ паўтараў, што яны «прыкідваюцца», і спрабаваў вярнуць іх назад.
Я не вытрымала і ўстала паміж ім і хлопцамі. Але за яго спінай я ўбачыла свайго калегу — ён паказаў галавой, маўляў, не рабі гэтага. І я зразумела: калі працягну настойваць, то адсюль ужо не з'еду, застануся на Акрэсціна.
Калашнікава ўсё ж дачакалася наступную брыгаду «хуткай» і перадала падлеткаў ім.
— Ці былі яшчэ выпадкі, якія вам запомніліся?
— Так, аднаго пацыента выпусцілі з Акрэсціна, і валанцёры падвезлі яго дадому. Але ўсе ягоныя рэчы і ключы засталіся ў сілавікоў. Мужчына проста сеў на лаўку каля падʼезда, і раніцай яго заўважылі суседзі. Знайшлі кантакты бацькоў, тыя прыехалі і выклікалі «хуткую».
Ён быў увесь сіні: шматлікія гематомы, апухлыя пальцы — падобна, пераломы. Адна рука амаль не падымалася, магчыма, зламаная плечавая костка. Нос таксама быў зламаны. Ніжэй паясніцы скура счарнела, на спіне распаўзалася велізарная сіняя пляма. Псіхалагічная траўма была яшчэ цяжэйшая: ён пазбягаў поглядаў, адказваў з цяжкасцю, пастаянна закладваў рукі за спіну і апускаў галаву. Такія рэфлексы не ўзнікаюць проста так — іх выпрацоўвае жорсткасць і гвалт, калі псіхіка вучыць арганізм: «рабі так — інакш не выжывеш».
Зняць кардыяграму ўдалося, але памерыць ціск было немагчыма: не засталося жывога месца, куды накласці манжэтку. Варта было дакрануцца — ён адхопліваў рукі і ногі ад болю. Мы рыхтаваліся да горшага, пакуль везлі яго ў бальніцу. Там ужо чакала каманда медыкаў, гатовых прыняць пацыента.
— Як на тое, што адбываецца, рэагавалі калегі?
— У нас 90 % супрацоўнікаў насілі бчб-бранзалеты з надпісам «Хуткая дапамога». Мне здаецца, гэта найлепшы паказнік.

Чэмпіёнка без федэрацыі: кошт подпісу ў 2020 годзе
На першы погляд здаецца, што спорт і праца на «хуткай» ніяк не звязаныя. Але для Анастасіі яе захапленне муай-тай стала сапраўднай абаронай.
— Здаецца, што хуткая дапамога і муай-тай — рэчы несумяшчальныя.
— Чаму ж? Ведаеце, колькі разоў мяне спрабавалі збіць пацыенты? — усміхаецца дзяўчына.
Яна ўспамінае выпадак, калі спартовыя навыкі напраўду выратавалі яе. Пʼяны 60-гадовы хранічны алкаголік ударыў ейную калегу, зачапіў і яе — але мімаходзь, Ася паспела ўхіліцца.
— Вы ж былі чэмпіёнкай. Якая перамога стала вашым асабістым гонарам?
— Напэўна, першая рэспубліка па муай-тай, у 2015 годзе.
Годам раней яна ўпершыню выйшла на бой па кікбоксінгу і прайграла. Пасля гэтага амаль год трэнавалася без перапынку. І вось на чэмпіянаце краіны па муай-тай здолела здабыць перамогу, якая стала пераломнай. Але пасля 2020 года ўсё змянілася. Па падпісанні адкрытага ліста спартоўцаў супраць гвалту Анастасія была выключаная з Беларускай федэрацыі кікбоксінгу і тайландскага боксу.
— Ці працягваеце вы займацца муай-тай у Польшчы?
— Так, хоць не так рэгулярна. Я жыву ў прадмесці Варшавы, да залы далёка. Працую, вучуся. Часам выбіраю сабаку замест трэніроўкі: магу правесці з ім тры гадзіны каля Віслы, а не марнаваць паўдня на дарогу. Але стараюся некалькі разоў на тыдзень бегаць або займацца ў зале. Гэта ўжо як звычка — каб не паміраць.
«У мяне хобі няма, са зборнай выгналі, дома сумна — магу бясплатна працаваць»
— Як адбылося вашае звальненне з «хуткай»? На вас ціснулі ці вы самі сышлі?
— Я ў той момант была ў адпачынку. Раптам тэлефануе старэйшая калега, і з крыкам: «Што ты зноў зрабіла?» паведамляе, што яе выклікаюць да галоўнага ўрача станцыі хуткай дапамогі.
Гэта было летам 2021 года. Незадоўга да гэтага мяне ўжо затрымлівалі — за тое, што пакінула кветкі на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Тады мяне не пасадзілі, а аштрафавалі. Я дагэтуль лічу, што выпусцілі толькі таму, што за мяне заступіліся трэнеры і знаёмыя.
Пасля таго званка некалькі дзён была цішыня. Калі я выйшла на працу, то проста спытала: «Ну што, калі мяне звальняюць? Адказ быў такі: нагоду прыдумалі, цяпер будуць угаворваць напісаць «на ўласнае жаданне».
— І вы пагадзіліся?
— Не. Я сказала: усё роўна, хай будзе запіс у працоўнай. Усе і так разумеюць, за што звальняюць. Нават жартавала: у мяне хобі няма, са зборнай выгналі, дома сумна — магу бясплатна працаваць.
У Менску тады склалі спіс «нядобранадзейных» працаўнікоў «хуткай»: камусьці не працягнулі кантракты, іншых вымусілі пісаць заявы. У мяне ж знайшлася «афіцыйная прычына» — першая за восем гадоў фармальная скарга. Прычым скардзіліся не пацыенты, а сваякі, якіх нават не было на выкліку. На падставе гэтай скаргі кіраўніцтва вырашыла перапыніць са мной кантракт.
У жніўні я сышла з «хуткай». Потым сталі зʼяўляцца размовы: спачатку намёкі, пазней ужо простым тэкстам — «збірайся і едзь». Я думала, што занадта дробная рыбка, што па мяне не прыйдуць. Але ў нейкі момант мяне папярэдзілі: калі не паеду, на волю выйду няхутка.
Ты разумееш, што зʼязджаеш «у нікуды»
Ася прызнаецца, што да апошняга адцягвала момант адʼезду. Урэшце зʼехала ў лістападзе 2021 года.
— Чаму вы так доўга не наважваліся?
— Бо гэта было вельмі цяжка эмацыйна. Ты разумееш, што з'язджаеш «у нікуды». Няма плану, няма ўпэўненасці, што атрымаецца. І ты пакідаеш частку жыцця там — бацькоў, сяброў, калег, звыклыя рэчы. Гэтае адчуванне пустэчы цісне наймацней. З аднаго боку, сыходзіць страх «заўтра могуць пасадзіць»» Але яго змяняе трывога іншага роду: як жыць далей?
— Як вашая сямʼя і блізкія паставіліся да пераезду?
— Напэўна, 50 на 50. Адны падтрымалі, з другім бокам у мяне практычна няма кантакту.
— У вас жа дагэтуль ёсць татуіроўка з Лукашэнкам?
— Безумоўна. Яна нікуды не падзелася.
— Зводзіць яе не хочаце?
— Ніколі не хацела. Гэта частка майго жыцця, майго мінулага. Яна перайначылася: я яе дапрацавала, і цяпер яна выглядае па-іншаму. Але прыбраць цалкам — не.

Першае сумоўе і праца ў Варшаве
— Чым вы заняліся ў Польшчы?
— Спачатку былі дробныя падпрацоўкі: прыбіранне, кухня. Потым удалося вярнуцца ў прафесію — здаць дакументы, прайсці сумоўе, уладкавацца на «хуткую». Гэта аказалася вельмі няпроста: новая мова, новыя правілы, новая сістэма. Але менавіта праца зноў вярнула мне адчуванне сэнсу. Як бы ні было цяжка, я разумела: я зноў ратую людзей. Я зноў раблю тое, дзеля чаго калісьці абрала медыцыну. Напэўна, толькі выйшаўшы на змену ў Варшаве, я ўпершыню за доўгі час адчула, што жыву далей.
— Як у Польшчы ўладкаваная працэдура атрымання дазволу на працу для фельчараў або медыкаў з Беларусі?
— У Польшчы прафесіі «фельчар» няма, таму дакументы падаюцца як на «медычнага выратавальніка» (ratownik medyczny). Ты збіраеш дыплом, пацверджанне досведу, медычную даведку, пераклады ў натарыуса і заносіш усё ў Міністэрства аховы здароўя. Камісія вырашае, ці падыходзіш ты на прафесію. Дазвол выдаецца на пяць гадоў, падоўжыць яго нельга. У мяне, напрыклад, прапісалі ўмову «працаваць пад кантролем», але насамрэч усе нашыя фельчары працуюць самастойна.
— А як вы ўладкаваліся на працу ў Варшаве?
— Выпрабавальнага тэрміну не было. Я сабрала рэзюмэ, дыпломы і сертыфікаты і пайшла ўдакладніць, які ўзровень мовы патрэбны. Каардынатар трохі распытаў аб працы і сказаў: «Ну мы ж адно аднаго разумеем». І прапанаваў паспрабаваць.
Вядома, спачатку было стрэсава, але калегі дапамаглі ўліцца. Спачатку я працавала на Празе (раён Варшавы), і там была выдатная каманда. Хоць некаторыя ставіліся скептычна: іншаземка, без польскага дыплому. Але пасля некалькіх зменаў са мной ужо хацелі ездзіць у брыгадзе.

— Як уладкаваная сістэма аплаты працы на «хуткай» у Польшчы?
— Заробкі аднолькавыя для медсясцёр і ратавальнікаў. Розніца толькі ў падрыхтоўцы: медсястра павінна тры гады адпрацаваць у экстраным аддзяленні, выратавальнік можа ісці адразу. У стацыянарах плацяць больш, чым на станцыі, стаўкі адрозніваюцца ад гораду да гораду. Але галоўнае — мы займаемся толькі выклікамі 112. Канцэрты, карпаратывы, перавозка пацыентаў — гэта праца прыватных фірмаў, а не дзяржаўнай хуткай дапамогі.
— Пацыенты ў Польшчы адрозніваюцца ад беларускіх?
— Я б не сказала, што моцна. Пацыенты ў любой краіне свету аднолькавыя: хтосьці разумнейшы, хтосьці дурнейшы, іншы ў паніцы і проста шукае дапамогі. Хтосьці дзякуе, хтосьці лаецца, хтосьці праяўляе агрэсію. У Польшчы, як і ў Беларусі, прасцей за ўсё набраць экстраны нумар. Далей усё залежыць ад таго, наколькі кваліфікаваныя людзі сядзяць у дыспетчарскай і як выбудаваная сістэма.
— А заробкі?
— Нават пры абмежаваным дазволе розніца каласальная. У лічбах: каля 9200 злотых (≈ 2300 долараў) чыстымі за 168 гадзінаў на месяц. Кватэра — каля 2800—3000 злотых (≈ 700—760 долараў) з камуналкай і інтэрнэтам. Звычайна працую 140—170 гадзінаў на месяц.
«Я ганаруся сваёй прафесіяй і хачу яе развіваць»
— Вы часта даяце медычныя парады ў сацсетках, выступаеце экспертам у медыях, у тым ліку і на «Белсаце». Не думалі атрымаць дадатковую адукацыю і стаць лекарам?
— Не магу сказаць, што гэта абавязкова. Што мне падабаецца ў Польшчы — тут прафесіі лекар, pielęgniarka (медсястра) і ratownik (фельчар, выратавальнік) прызнаюцца рознымі і раўнацэннымі. Кожная патрабуе вышэйшай адукацыі і кожная мае сваю спецыялізацыю. У ратавальнікаў таксама ёсць магістратура, цяпер нават можна пісаць доктарскую дысертацыю. Гэта не лекары, але гэта паўнавартасныя спецыялісты са сваёй сферай працы.
Вядома, дактары зарабляюць нашмат больш, але гэта не робіць іншых менш значнымі. Тут цэніцца камандная праца: доктар, медсястра і ратавальнік выконваюць розныя задачы і дапамагаюць адно аднаму. Мне 34 гады, і, калі шчыра, занадта позна пачынаць доўгі шлях у медыцыне, каб у 50 гадоў стаць доктарам. Гэта вельмі дорага і патрабуе велізарнай колькасці часу. Я люблю сваю прафесію і хачу развівацца менавіта ў ёй.
— Гэта значыць, для вас важна, каб прафесію фельчара ўспрымалі як самастойную, а не як «прыступку да лекара»?
— Абсалютна. У Беларусі часта бывае так: не паступіў на лекара — пайшоў на фельчара, каб перачакаць годзік. Гэтыя людзі нават не ўспрымаюць вучобу сурʼёзна. Я ганаруся сваёй прафесіяй. Заўсёды папраўляю пацыентаў: «Не называйце мяне доктарам або медсястрой, я фельчар». Гэта асобная прафесія, не менш важная.
«Вярнуцца — зноў пачынаць з нуля»
Размова пра будучыню немінуча прыводзіць да тэмы Беларусі.
— Ці вернецеся вы калі-небудзь у Беларусь?
— Складанае пытанне. Я не хачу загадваць і біць сябе ў грудзі са словамі «абавязкова вярнуся». Таму што жыццё тут пабудаванае з нуля: праца, дом, асяроддзе. Вярнуцца — зноў усё пачынаць з нуля. А калі рэжым у Беларусі зменіцца, то давядзецца яшчэ і падымаць краіну з руінаў: сістэма трымаецца на энтузіязме людзей, а потым усё гэта абрынецца. Я разумею, што не кожны гатовы да такога.
Больш за ўсё крыўдна, што ў мяне забралі магчымасць проста прыязджаць. Хачу, але не магу сесці і паехаць да мамы, да сяброў, да знаёмых. Вось гэтая немагчымасць вельмі цяжкая. Я сапраўды хацела б мець права хоць прыязджаць. З якой мэтай? Проста наведаць блізкіх.
Каментары