«Гэта быў момант крайняй безнадзейнасці». Беларускі журналіст распавёў, як турыстам паехаў у Іран і трапіў у турму
«Калі вярнуўся ў Мінск, жонка першы і апошні раз бачыла, як я плакаў».

На фоне масавых пратэстаў у Іране журналіст «Салідарнасці» пад псеўданімам Марк Дзюба ўспамінае, як апынуўся за кратамі ў гэтай краіне ў 2022 годзе.
Некаторыя абставіны падзей свядома не ўказаны — у сувязі з патэнцыйнай пагрозай для бяспекі людзей, якія дапамагалі аўтару ў Іране.
Як мне прыйшло ў галаву паляцець у Іран
У 2010‑х некалькі маіх сяброў і знаёмых падарожнічалі па Іране, і дрэнных уражанняў ад паездак у іх не засталося: гэта хоць і самабытная, але гасцінная краіна з даволі развітой інфраструктурай. Пабываўшы раней прыкладна ў чатырох дзясятках краін, у 2022 годзе я вырашыў, што час адкрыць для сябе і тэрыторыю былой Персіі.
Ускосна спрыяла такому кроку тое, што я ўсё яшчэ працаваў у Беларусі, дзе працягваліся масавыя палітычныя рэпрэсіі і на паўднёвай мяжы якой ішла вайна.
У той сітуацыі дэзарыентацыі было страшна не ў Іран ляцець, а жыць у роднай краіне.
Чаго я не змог улічыць, дык гэта таго, што да моманту палёту ў Іран там ужо адбываліся сутыкненні паміж пратэстоўцамі і сілавікамі праз гібель Махсы Аміні, затрыманай за «неналежнае» нашэнне хіджаба. Але квіткі на самалёт былі набытыя да гэтага, а ў СМІ пісалі, што сутыкненні ідуць у асноўным у правінцыях, тады як у сталіцы Тэгеране даволі спакойна.
Калі ўсё пайшло не так
Сам па сабе Тэгеран (далей за які я вырашыў не рыпацца) мяне не расчараваў. Палацавыя комплексы, рынкі, мячэці — усё было цікава.



У той вечар пасля насычанай паездкі мяне ад гасцініцы аддзяляла каля 15 хвілін язды. Сонца хілілася да гарызонту, мы спыніліся на скрыжаванні на чырвоны сігнал святлафора. Седзячы на заднім сядзенні аўто, праз левае акно я ўбачыў сілавікоў (у форме), якія стаялі і сядзелі на плошчы.
Машынальна прыпадняў тэлефон, але, здаецца, зрабіць фатаграфію нават не паспеў. Над правым вухам пачуўся крык. Калі азірнуўся, на мяне праз акно глядзеў раз’юшаны кіроўца скутара, а ўжо праз імгненне ён крычаў тым самым сілавікам, паказваючы на мяне пальцам.
Якраз загарэлася зялёнае, мы паехалі. На шчасце, я здагадаўся і пачаў выдаляць на тэлефоне фатаграфіі, зробленыя за дзень. Далей было «кіно» ў жанры «баявік».
Трэба сказаць, што з самай раніцы на тэгеранскіх вуліцах я назіраў з акна аўтамабіля за пратэстоўцамі, а таксама сілавікамі, якія спрабавалі з імі змагацца. Гэта былі дзяўчаты, якія дэманстратыўна гулялі без хустак. Групы хлопцаў і дзяўчат па 10—15 чалавек, якія раптоўна з’яўляліся са скандаваннем лозунгаў і бясследна раствараліся сярод іншых мінакоў пры з’яўленні паліцэйскіх аўто. Сілавікі на скрыжаваннях і нават стрэлы з помпавых стрэльбаў у паветра.
Усё нагадвала беларускія пратэсты 2020-га. Але я сядзеў унутры аўтамабіля. Стварылася ўражанне: не ўдзельнічаеш у пратэстах — няма пра што хвалявацца. Таму я хоць і быў у той момант турыстам, але, кіруючыся журналісцкім інстынктам, рабіў фатаграфіі…

Выдаліў небяспечныя здымкі, зайшоў у папку «нядаўна выдаленыя» (таксіст затармазіў, крык з пярэдніх вокнаў), «ачысціць» — у гэты момант дзверы побач адчыніліся, мяне выцягнулі на вуліцу. Таксіст ляжаў тварам на капоце, каля аўтамабіля было тры матацыклы і некалькі сілавікоў — але не ў форме, а ў цывільным.


Пасадзілі на матацыкл, давезлі да буса з завешанымі вокнамі, кінулі на сядзенне. Праз паўгадзіны прыбыў першы «следчы» — першы, хто ведаў акрамя фарсі англійскую мову.
Я распавёў усё як было (амаль) і стаў ціснуць: чаго вы мяне затрымалі?!
Дэтальна пералічылі маю наяўную валюту — вельмі ўзрадаваліся, калі знайшлі ў кашальку 150 долараў. Пакуль сілавікі (прадстаўнікі якой менавіта з некалькіх іранскіх службаў схапілі мяне — я так і не даведаўся) паводзілі сябе варожа, але межаў не пераходзілі.
Сцямнела. Праз некалькі гадзін дзверы буса адчыніліся: павязка на вочы, кайданкі на рукі. Пасадзілі ў легкавушку, і мы паехалі ў невядомасць.
«Пуцін ці Зяленскі?»
Скрыпнулі металічныя вароты. Вывелі з аўто, знялі з вачэй павязку — вулічны ліхтар ударыў у вочы. Завялі ў аднапавярховы будынак: фатаграфія каля сценкі, новы допыт — на англійскай.
Па пытаннях («ці былі ў ЗША?» і г.д.) было зразумела, што ўва мне хочуць «выкрыць» або «лялькавода», або «шпіёна», або кагосьці падобнага.
Затым «следчы» падабрэў: чай, кава, вада? Супакоіў («тэлефон правераць, і ўсё»), пачаў весці размовы на адцягненыя тэмы. «Пуцін ці Зяленскі?» Ага, падлавіць мяне захацеў: Іран жа паставіў Расіі «шахеды».
— Баіцца, — кіўнуў «следчы» калегам па кабінеце. — А я за Зяленскага.
Потым было чаканне на лаўцы на вуліцы (уся тэрыторыя агароджвалася высокай сцяной з ахоўнікамі каля варот).
Пад’ехала легкавушка: двое цывільных павезлі мяне па пустых вуліцах начнога Тэгерана, адмовіўшыся адказваць на любыя пытанні. Прытармазілі каля трох-чатырохпавярховага нічым не характэрнага дома. Увайшлі і спыніліся адразу за парогам. Новае здзіўленне: да нас спусціўся чалавек у адзенні, падобным на рэлігійнае — з чалмой на галаве.
Размова паміж ім і маімі суправаджаючымі атрымалася кароткай — усё на фарсі, я нічога не зразумеў. Зноў ужо знаёмы «ўчастак», толькі цяпер нікому да мяне не было справы.
Сілавікі сталі раз’язджацца па дамах, я патрабаваў адпусціць мяне ў гасцініцу: прапанавалі выбіраць — начаваць у бетоннай каморцы, падобнай на «стакан», або ў памяшканні, усланым дыванамі. Ніякай мэблі там не было, але быў ахоўнік каля дзвярэй. Выбар, як кажуць, відавочны.
Заснуць так і не змог: ляжаў на дыване, зноў і зноў пракручваў у галаве апошнія падзеі, спрабаваў зразумець, што адбываецца і што заўтра варта зрабіць. Усімі сіламі падтрымліваў унутры сябе надзею. Што самае страшнае яшчэ наперадзе, я і ўявіць не мог.
«Трое лебедзянят»
Раніцай «следчы» паклікаў да сябе: «Зараз зноў павязуць да суддзі, кажы праўду, усё будзе нармальна».
На лаўцы на вуліцы нас у чаканні сабралася некалькі чалавек. Я не ведаю яго імя, назавём яго «Масуд». Дык вось Масуд два разы дэманстратыўна прагуляўся міма нас, пастукваючы кайданкамі.
Мой «калега» па няшчасці сказаў: гэта для нас. Я стаў супакойваць: не можа быць, мы ж замежнікі і нічога не зрабілі.
Калі Масуд прыйшоў з напарнікам, то з мяне і яшчэ дваіх зрабілі «тройку», злучыўшы нашы рукі кайданкамі. А далей… а далей нас злучылі дадаткова, надзеўшы кайданкі на ногі. Я быў у цэнтры: мая правая і левая ногі былі счэпленыя з чужымі.
Так, у кайданках і кандалах, нас павялі да легкавушкі, якая пад’ехала, каб пасадзіць на задняе сядзенне. Нашы несінхронныя крокі адгукаліся балючымі ўколамі не столькі ў нагах, колькі ў душы. Я як быццам бачыў збоку гэта адначасова сумнае і смешнае відовішча: «тройка лебедзянят» — не інакш…
Па дарозе я прадумваў прамову перад суддзёй, у тым ліку як паважліва, але настойліва патрабаваць звязацца з амбасадай Беларусі. У судзе Масуд усміхаўся і пазіраў на мяне, пазбягаючы прамой сустрэчы вачыма. Яго нібы раздражняў мой, відаць, усё яшчэ спакойны і ўпэўнены выгляд.
Суддзю мы так і не ўбачылі. Масуд з радасным тварам выскачыў з паперай з кабінета.
Мы выехалі, але ад суда павярнулі не направа, адкуль прыехалі, а налева. Адчыніліся высокія металічныя вароты. Я пільна ўглядаўся ў акно, спрабуючы не страціць надзею. І раптам убачыў — нібыта ў запаволенай здымцы: людзі ў шэрай робе і з завязанымі вачыма ішлі гуськом адзін за адным.
Калі да гэтага былі эмацыйныя накдаўны, то цяпер быў накаўт.
Знаёмства з парадкам у камеры
Калі пераапранаўся ў турэмную робу, вочы засцілаў туман, у вушах шумела, было штосьці з пульсам і сэрцабіццем — праскочыла думка, як б не атрымаць удар у гэтым вагончыку. Стараўся глыбока дыхаць.
Без кайданкоў, але з завязанымі вачыма, павялі на другі ці трэці паверх, паставілі тварам да сценкі. Сказалася і доўгая адсутнасць сну: хацелася легчы проста ў калідоры.
Дактары ў медпункце зрабілі спачувальныя твары, але з іх слоў вынікала, што я сапраўды ўчыніў нешта страшнае, калі спрабаваў сфатаграфаваць сілавікоў на скрыжаванні.
Падняліся на наступны паверх, зайшоў у «камеру» — на мяне ўставіліся некалькі барадачоў… Але імгненна знайшліся тыя, хто гаворыць па-англійску. «Табе пашанцавала, што ты трапіў да нас, а не да іншых. Мы — браты». Атмасфера была добразычлівай — без гэтага было б у разы складаней.
«Старшы» павёў уладкоўвацца ў яго «пакой» — там быў тэлевізар і толькі двое суседзяў. Маладыя ж настойвалі: лепш да іх — хоць цеснавата (у пакоі іх 6), затое весела.
Апішу памяшканне, якое не ведаю як назваць, калі не словам «камера». Ад металічных дзвярэй ідзе кароткі калідор. Злева ад яго некалькі «пакояў». Першы — асобны душ/туалет з драўлянымі амаль суцэльнымі дзвярыма. Далей тры «пакоі» без дзвярэй — рознай змяшчальнасці. У калідоры — халадзільнік. На падлозе ў кожнага сваё месца для ляжання — у чалавечы рост, зробленае са складзеных пакрывалаў.
Ад зняволеных я даведаўся самую каштоўную інфармацыю на той момант: мы — у аналагу СІЗА, суда тут могуць чакаць як некалькі тыдняў, так і некалькі месяцаў.
За што тут апынуліся мае сукамернікі? Тыя, хто захацеў гаварыць, былі «палітычнымі».
Я прылёг і імгненна выключыўся — на тры гадзіны. Калі ўстаў — паклікалі глядзець матч чэмпіянату Іспаніі па футболе. Да канца першага тайма не дасядзеў, усё яшчэ моцна хацелася спаць. Быў у такім душэўным стане, пра які стараюся не ўспамінаць. Гэта быў момант крайняй безнадзейнасці.
Колькі мне дадуць — гады два ці больш? Як будзе ў калоніі — з людзьмі чужой культуры, з якімі нават не пагаворыш?.. Жонка і сын застануцца адны…
Ноччу мяне разбудзілі. Павязка на вочы, праход па калідорах, у кабінеце сядзелі двое — хто такія, вядома, не адказалі.
Адзін з іх гаварыў па-руску: «Мы вашы сябры». Добразычлівыя стасункі, за якімі хаваўся новы допыт. Самы ўедлівы з усіх — з акцэнтам на месца працы.
Да палёту ў Іран я падрыхтаваў «легенду» (нельга ж было пасля пратэстаў у Беларусі прадстаўляцца журналістам з незалежнага СМІ), але не настолькі ж дэтальную… Як быццам распавядаў пераканаўча. «Мы праверым, калі сказалі праўду — з вамі ўсё будзе добра». Сышоў з думкай: «Як вы праверыце беларускія кампаніі?..»
Надзея вярнулася. Толькі б не аднавілі фатаграфіі на тэлефоне… Акно прыадчынілася, ёсць шанец выпырхнуць.
Праз некалькі гадзін зноў разбудзілі — на выхад. Азірнуўся і паглядзеў на «братоў» па камеры… У тым жа вагончыку вярнулі адзенне і рэчы. Назаўтра — і тэлефон.
Ніводны чалавек у Тэгеране не даведаўся, кім я насамрэч працую, застаўся для ўсіх выключна турыстам. Свабода наступіла амаль праз двое сутак, якія былі напоўнены такой колькасцю стрэсу, што падаліся мне бясконцым серыялам.
…Калі вярнуўся ў Мінск, жонка першы і апошні раз бачыла, як я плакаў. Два месяцы кожную раніцу, калі прачынаўся, перажываў пачуццё шчасця. Калі праз акно прабіваліся сонечныя прамяні, падстаўляў пад іх далоні.
Затым эмоцыі сталі сыходзіць. У галаве колькасць пытанняў скарацілася да некалькіх. Як я мог быць такім самаўпэўненым? Чаму ў першую ноч суддзя не даў мне «вольную»? І што было б, калі б не паспеў у таксі выдаліць фатаграфіі?..
Праз паўгода з’явілася пачуццё, што ўсё, што адбылося, здарылася даўным-даўно — ці ў іншым жыцці, ці ў жорсткім розыгрышы. Але я памятаю пра вас, браты з камеры, і веру, што з вамі ўсё добра. Пазітыўныя думкі матэрыялізуюцца.
Па дадзеных Iran Human Rights, падчас пратэстаў у Іране ў 2022 годзе было забіта каля 500 чалавек. Па стане на снежань 2022‑га па афіцыйных даных толькі ў Тэгеране каля 400 удзельнікаў пратэстаў былі асуджаныя да турэмных тэрмінаў ад 2 да 10 гадоў. Да пачатку 2023 года ў іранскіх судах было вынесена сама меней 25 смяротных прысудаў, звязаных з пратэстамі.
Па стане на сярэдзіну студзеня 2026‑га колькасць ахвяр жорсткага падаўлення новых пратэстаў у Іране ацэньваецца праваабаронцамі ў 5000 загінулых. Рэальныя маштабы таго, што адбылося, яшчэ толькі трэба даведацца.
Каментары
Вообще возникают сомнения, был ли он туристом, либо изначально ехал сделать фотки для иностранной прессы. Кто в здравом уме едет в Иран туристом, ведь потом к такому туристу возникнут вопросы, когда захочешь поехать в США. Израиль или Европу