Джон Коўл: У канчатковым выніку мэта весці бізнэс з Беларуссю, вярнуць яе ў міжнародную супольнасць
Большасць беларусаў пачула пра Джона Коўла толькі ў чэрвені 2025 года: тады ён у складзе амерыканскай дэлегацыі, узначаленай спецыяльным пасланнікам Дональда Трампа Кітам Келагам, сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. З таго часу ён двойчы наведваў Мінск, заўсёды забіраючы з сабой вызваленых палітычных зняволеных, а таксама атрымаў статус спецыяльнага прадстаўніка ЗША па Беларусі. Падчас інтэрв'ю выданню «Люстэрка» журналісты спыталі ў яго, чаго менавіта Вашынгтон хоча ад Аляксандра Лукашэнкі, ці ёсць у ЗША «чырвоныя лініі» ў зносінах з ім і ці абмяркоўваецца спыненне рэпрэсій у Беларусі. Коўл пры гэтым заклікаў «аддаць належнае» Лукашэнку і адмовіўся адказаць на пытанне, ці лічыць ён яго дыктатарам.

«Гэта філасофія дыпламатыі Дональда Трампа: вы будуеце адносіны і глядзіце, куды можна рухацца далей»
— Вы казалі, што ў найбліжэйшай будучыні на волю могуць выйсці яшчэ 1000 палітвязняў. Цяпер цяжка ўявіць крок больш сур’ёзны за зняцце санкцый з калію. Ці гатовыя ЗША прапанаваць Лукашэнку што-небудзь яшчэ за вызваленне такой вялікай групы вязняў?
— Большасць санкцый былі ўведзеныя праз з’яўленне палітвязняў у 2020 годзе. Таму, калі многія будуць вызваленыя ў найбліжэйшай будучыні, прычына для абмежаванняў — або іх частка — знікне. Менавіта гэта я разглядаю як прапанову прэзідэнту Беларусі.
— Большасць з вызваленых 13 снежня 123 чалавек былі адпраўленыя ва Украіну. Ці стала гэта для вас нечаканасцю? Калі менавіта на перамоўным стале з’явілася пытанне пра ўкраінскі напрамак?
— Не, гэта не было нечаканасцю. Хутчэй гэта было звязана з лагістыкай, а не з чымсьці іншым. Вязні знаходзіліся фізічна бліжэй да Украіны. І наша пазіцыя была такой: нам усё роўна, дзе яны апынуцца пасля вызвалення. Мы забралі частку з іх у Літву, але большасць паехала праз Украіну. Гэта не было вялікай праблемай, гэта лагістыка. Украінцы вельмі годна прынялі ўсіх, і мы арганізавалі сустрэчу людзей. Некаторыя паехалі праз Польшчу, але наша праца — выцягнуць іх з турмы.
Пры гэтым былы палітвязень Павел Севярынец расказваў, што яго вывезлі з турмы ў Гродне, што на захадзе Беларусі, на мяжу з Украінай на поўдні краіны. Яго канваявалі больш за суткі з мяшком на галаве.
— У інтэрв’ю WSJ вы заявілі, што вам «усё роўна, з кім мы размаўляем. Гэта сапраўды ў стылі Трампа. Якая табе справа, з кім ты гаворыш, калі гэты чалавек можа даць табе тое, што ты хочаш — вось і ўсё, што мае значэнне». Чаго менавіта ЗША хочуць ад Лукашэнкі?
— Злучаныя Штаты хочуць вызваліць палітвязняў і развіваць нармальныя стасункі з вашай краінай. Гэта працэс, які зойме час, але мэта такая: у канчатковым выніку весці бізнэс з Беларуссю, вярнуць яе ў міжнародную супольнасць.
— Дзе для вас праходзяць чырвоныя лініі ў зносінах з Лукашэнкам? Ці ёсць рэчы, на якія вы ніколі не пойдзеце дзеля здзелкі з ім?
— Гэта пытанне пакуль не ўзнікала. На гэтым этапе я не ведаю. Але адна рэч, якая прапускалася ўвесь гэты час: я думаю, што Лукашэнку трэба аддаць належнае за вызваленне гэтых людзей, незалежна ад таго, дзеля чаго гэта робіцца або якія яго матывы. На волі ўжо апынуліся больш за 250 чалавек. І калі б Лукашэнка на гэта не пайшоў, яны ўсё яшчэ былі б у турме. Таму я мяркую, што трэба аддаць яму належнае. Было б цудоўна, калі б усе былі на волі, але на гэтым этапе я не знаходжуся ў гэтым пункце.
— Вы сустракаліся з Лукашэнкам ужо тройчы. Як вы ацэньваеце яго як перамоўніка? Ці адчуваецца, што ён сур’ёзна рыхтуецца да вашых сустрэч і добра арыентуецца ва ўсіх тэмах?
— У нас вельмі добрыя дыпламатычныя адносіны. Мы ладзім адзін з адным. І гэта тое, у што я веру. Паглядзіце, гэта філасофія дыпламатыі Дональда Трампа: вы будуеце дачыненні і глядзіце, куды можна рухацца далей. І менавіта гэта мы робім з Лукашэнкам. І гэта тое, што прэзідэнт Трамп робіць з усімі. Ён нават перапісваецца з мэрам Нью-Ёрка, які сацыяліст. Так што я думаю, што філасофія Трампа такая: калі сумняваешся — размаўляй.
— Пасля ўсіх вашых сустрэч лічыце вы Лукашэнку дыктатарам?
— Я не буду адказваць на гэта пытанне цяпер. Ведаеце, на гэтым этапе гэта не мне вырашаць.

«Калі яны арыштуюць новых людзей, то мы дабяромся да гэтага пазней, пасля таго, як вызвалім першую партыю»
— На вашу думку, павінна Беларусь заставацца ў арбіце Расіі ці краіна мае права выбраць іншы, заходні шлях?
— У самым пачатку [дыялогу] з Беларуссю мы вызначылі, што Злучаныя Штаты і я не будзем умешвацца ў яе адносіны з Пуціным або Расіяй. На гэты момант, як я ўжо казаў, наша праца — выцягнуць палітвязняў. Што будзе пасля гэтага? Пажывём — пабачым. Але мы не ўмешваемся ў дачыненні, якія ў Лукашэнкі з Пуціным ужо амаль 30 гадоў. Гэта не тое, чым я займаюся. Гэта не мая місія.
— У Беларусі дагэтуль пераследуюць грамадзян за іх палітычную пазіцыю. З моманту, калі вы вызвалілі 123 чалавекі, 40 новых былі прызнаны палітвязнямі. У 2025 годзе ў Беларусі па палітычных матывах асудзілі не менш за 1254 чалавекі. Рэпрэсіі ў нашай краіне не спыняюцца ні на хвіліну. Ці ёсць сярод патрабаванняў ЗША пункт аб іх спыненні?
— Я буду гаварыць з Лукашэнкам пра гэта, але наша пазіцыя — выцягнуць тых, каго пасадзілі ў 2020 годзе пасля выбараў. Гэта наша місія. Калі яны арыштуюць новых людзей, то мы дабяромся да гэтага пазней, пасля таго як вызвалім першую партыю. А гэта ад 900 да 1000 чалавек, усе тыя людзі, якія там. Мая місія — выцягнуць іх. Потым мы пагаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
— На якім этапе перамоў вы даведваецеся, каго менавіта вызваляць? У верасні вы казалі, што ЗША не фармуюць спісы, гэтым займаецца беларускі бок. Ці што-небудзь змянілася з таго часу?
— Мы працуем над спісам з Беларуссю. Зараз гэта ў працэсе. Але так, спіс існуе.
— У адным з апошніх сваіх запісаў у Х вы падкрэслілі, што вызваленне беларускіх палітвязняў — гэта цалкам заслуга ЗША. Тым не менш, Офіс Ціханоўскай ды іншыя палітыкі заяўляюць, што вы з імі кансультуецеся. Ці так гэта і з кім з дэмсіл вы або вашы калегі ў беларускім напрамку падтрымліваеце кантакт?
— Ёсць шмат людзей, якія заяўляюць, што я працую або кансультуюся з імі, але гэта не так. Злучаныя Штаты — вось на каго я працую. Я не ведаю, хто гэта сказаў, але я не кансультуюся ні з кім з гэтых людзей. Я кансультуюся з урадам Беларусі і ўрадам ЗША. Вось што я раблю.
«Пайшлі нах*й вы і ваш «Бацька», пі***асы!» П'яныя прыгоды зрабілі армяніна Ярванда палітвязнем. Цяпер ён змагаецца з праблемамі ў Польшчы
Латушка: Лукашэнка катэгарычна адмовіў ЗША ў просьбе дазволіць вызваленым палітвязням застацца ў Беларусі
«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі
Жонка палітвязня напісала, што яе мужа яшчэ не вызвалілі. Джон Коўл ёй адказаў
Цапкала адказаў Коўлу. І зрабіў выгляд, што яго не злавілі на хлусні
Цапкала: Мне пазваніў Коўл, і я параіў яму не сустракацца з Ціханоўскай
Каментары
Трампісты падобныя не тое што да імпульсіўных малых, а хутчэй на нейкіх жывёлаў, якіх вабіць усё бліскучае й вокаймгненнае, і якія не здольныя планаваць на два крокі ўперад.