Жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла расійскаму выданню «Новая газета», што падала ў міліцыю заяву, што яе муж пасля таго, як яго спрабавалі насуперак волі выдварыць з краіны 11 верасня, бясследна знік. Таксама яна расказала пра матывы ягонага выбару і чаму ён не мог зрабіць інакш.

— Марына, вы з Міколам калі-небудзь наогул абмяркоўвалі тэму магчымага ад'езду з Беларусі?
— Ніколі. У нас гэта імператыўна, па змаўчанні, немагчыма. І ў 2015 годзе, калі Мікола выйшаў пасля папярэдняга турэмнага тэрміну, велізарная колькасць людзей на вуліцах падыходзілі да яго, каб паціснуць руку, і ледзь не кожны пытаўся: «Ну вы ж не з'едзеце? Вы ж нас не кінеце?» Мікола заўсёды адказваў, што нікуды не з'едзе. І, натуральна, мы гэта нават не абмяркоўвалі.
— Як вы даведаліся, што Мікола больш не ў калоніі?
— Я даведалася пра гэта ад свайго сына Юры. Магчыма, гэта было яшчэ да першых паведамленняў у медыя. Ён напісаў мне ў месенджар: «Мама, гэта гамон». Я яму ператэлефанавала, і ён крычаў: «Мама, ён вяртаецца!» Я спачатку не зразумела: хто, што, куды вяртаецца?.. Юра сказаў: «Міколу вывозяць з краіны, а ён вяртаецца ў Беларусь».
Мікола, аказалася, тэлефанаваў мне з чужога тэлефона практычна адразу ж, як выскачыў з таго аўтобуса, але не датэлефанаваўся: нумар быў адключаны, я ў той момант знаходзілася не ў Беларусі. І тады ён патэлефанаваў Юру.
Увогуле, у выніку я прадыктавала Юру нумар дзяўчыны, якая знаходзілася побач са мной, і Мікола змог мне патэлефанаваць — з чужога тэлефона на чужы. Гэта было неверагодна — той жа голас, тая ж упэўненасць, тая ж любоў. Ён сказаў: «Нас спрабуюць вывезці, але я гэтага ім не дазволю, я вяртаюся ў Беларусь».
На жаль, мы змаглі пагаварыць вельмі коратка. Побач з ім, са слоў тых, хто знаходзіўся ў аўтобусе, стаялі двое гэбістаў — яны пісьменна стаялі, на камеры назірання не патрапілі. Іх не відаць.
— Вы не прасілі яго хаця б дзеля бяспекі гэтым разам пагадзіцца і з'ехаць?
— Не. Я толькі прасіла, каб ён мяне дачакаўся на мяжы. Я хацела яго абняць. Я гатовая была заставацца з ім на нейтральнай паласе столькі, колькі спатрэбілася б, хоць усё жыццё. Але не паспела.
Я разумела, што ён не будзе мяне чакаць. Гэта было б занадта невыносна. Потым я ідэнтыфікавала гэтае месца, дзе Мікола знаходзіўся: шлагбаўм, побач будка і перад шлагбаўмам бетонны адбойнік. Метр плошчы.
— І з таго моманту, калі ён вам патэлефанаваў, не было ніякіх вестак? Можа, нейкія неафіцыйныя «сігналы»?
— Ну, што вы. Я ўвогуле здзіўляюся, як яны такі пракол здзейснілі: паспрабаваць вывезці Міколу, улічваючы характарыстыкі яго асобы, — зусім бессэнсоўная задума. Не толькі для мяне, але і для іх павінна было быць відавочна, што вывезці яго не атрымаецца.
Калі пачаліся дэпартацыі пад выглядам вызвалення, асабліва пасля ўгоды з вывазам Сяргея Ціханоўскага, я больш за ўсё баялася, што з Міколам паспрабуюць зрабіць гэтак жа сама: ведала дакладна, як ён сябе павядзе. І яшчэ ён мне паспеў па тэлефоне сказаць: «Яны вывозяць патрыётаў. Што будзе з краінай?»
Яны ж сапраўды ўсю «старую гвардыю» сабралі на ноч перад дэпартацыяй у адной камеры СІЗА КДБ. Хлопцы, якія правялі ноч у гэтай камеры, казалі мне потым, што Мікола адразу сказаў: «Я нікуды не паеду».
— Колькі часу доўжылася інкамунікада Міколы? Ці можаце падлічыць час ад апошняга званка з калоніі да званка з нейтральнай паласы?
— У нас не было званкоў з калоніі нават да поўнай ізаляцыі. Быў адзін-адзіны званок у 2022 годзе — гэта ў іх па Крымінальна-выканаўчым кодэксе называецца выключнымі абставінамі: «смерць або цяжкае захворванне блізкага сваяка, якое пагражае яго жыццю». Спатканняў у калоніі ў нас не было наогул ні разу за тры гады і амаль тры месяцы, якія ён правёў у Глыбокім, — гэта адзіная ў Беларусі калонія асаблівага рэжыму.
Апошні раз я яго бачыла на кароткатэрміновым спатканні, якое нам далі пасля апеляцыі, 1 чэрвеня 2022 года. З тых часоў я Міколы не бачыла і не чула. А поўнае інкамунікада пачалося 9 лютага 2023 года і працягвалася два гады, сем месяцаў і два дні — да званка з мяжы.
З Міколы ўсё пачалося, потым у поўнай ізаляцыі апынуліся і іншыя палітвязні — увогуле, распаўсюджванне перадавога вопыту.
— І як вы трымаліся гэтыя два гады сем месяцаў і два дні, калі ніхто не ведаў, ці жывы Мікола наогул?
— Я ведала, што ён жывы. Паміж намі заўсёды ёсць сувязь — не ведаю, як гэта растлумачыць. Праз Бога, напэўна. Я заўсёды адчуваю, калі яму дрэнна, а калі добра. І я ўвесь гэты час проста разумела, што ён жывы.
Дарэчы, хлопцы, якія сядзелі з ім у тую апошнюю ноч у камеры СІЗА КДБ, сказалі, што ён падчас адседкі перанёс інфаркт. І я ўспомніла, як аднойчы мне стала невыносна дрэнна. Я проста качалася па падлозе і выла. І нядзельным вечарам рванула шукаць яго па турэмных бальніцах. Гэта было ў красавіку. Думаю, менавіта тады ў яго і быў інфаркт.
— Вы думалі, што ён можа проста выскачыць з аўтобуса?
— Безумоўна. Па-першае, ён абяцаў людзям. Па-другое, для яго Беларусь — найвышэйшая каштоўнасць. Па-трэцяе, для яго гэта азначала б здрадзіць самому сабе. І ўрэшце ён мусіў зламаць гэтую гульню.
— Паплечнік Міколы Яўген Вільскі, які прыязджаў у той дзень на мяжу і спрабаваў угаварыць Міколу паехаць у Літву, казаў, што ён адказаў: «Лукашэнка не будзе распараджацца маім жыццём».
— Не зусім дакладна. Ён казаў, што Лукашэнка ніколі не будзе вырашаць, дзе яму, Міколу Статкевічу, жыць. Яго жыццём Лукашэнка якраз можа распарадзіцца, але не свабодай, выбарам, каштоўнасцямі. Для Міколы застацца сабой заўсёды было важней, чым знаходзіцца ў бяспецы і на волі. Ён заўсёды казаў: «Нашы каштоўнасці каштуюць роўна столькі, колькі мы гатовыя за іх заплаціць».
Я за апошнія дні прачытала столькі ўсякага пра выбар Міколы, што каментаваць магу толькі матам: пра тое, што «чаго ён там даможацца, застаўся б на волі ў Літве і мог бы прынесці больш карысці».
— Колькі агулам Мікола адседзеў?
— Практычна 12 гадоў. Гэтым разам ён правёў за кратамі пяць гадоў тры месяцы і 12 дзён. І не проста за кратамі, а ў адзіночнай камеры. У мінулы раз — чатыры гады восем месяцаў і тры дні. Плюс два гады «хіміі», плюс СІЗА пасля Маршу Свабоды ў 1999 годзе. А адміністрацыйныя суткі нават падлічыць немагчыма.
Для мяне гэта вельмі балюча, калі нядбайна падаюць інфармацыю пра яго. Вось чытаю: «Пасля выбараў 2010 года Мікола Статкевіч адседзеў больш за чатыры гады». Што значыць «больш за чатыры»? А давайце вы адседзіце гэтыя восем месяцаў і тры дні, якія пазначылі невыразным словам «больш», і зразумееце, што гэта значыць.
— Цяпер, калі вы падавалі заяву ў міліцыю аб знікненні Міколы, вам не спрабавалі перашкаджаць?
— Не, заяву яны прынялі. Праўда, гэта было вельмі доўга, пратрымалі мяне тры гадзіны нядзельным вечарам. І пакуль я сядзела, назірала: там цяпер усе такія маладыя-зялёныя, што проста страшна.
— Якой рэакцыі вы чакаеце?
— Калі яны два гады і сем месяцаў маглі трымаць майго мужа ў поўнай ізаляцыі, то што можа прымусіць мяне думаць, быццам цяпер мне раптам патэлефануюць і скажуць што-небудзь? Я буду шукаць яго ўсімі магчымымі спосабамі.
Я вельмі спадзяюся, што ўгоду з амерыканцамі, у рамках якой палітзэкаў вывезлі з турмаў, рэжыму скасаваць ужо не захочацца. І гэта дае надзею, што Мікола жывы і вернецца.
Ціханоўская заклікала сусветную супольнасць патрабаваць вызвалення Міколы Статкевіча
Боты атрымалі новую метадычку пра Статкевіча
«Вызвалены» Статкевіч знайшоўся ў калоніі Глыбокага
«Дык гэта вызваленне ці новае катаванне? Падман!» Алексіевіч пракаментавала дэпартацыю 51 палітвязня і ўчынак Статкевіча
«Уяўляю раз'юшанасць Лукашэнкі ад учынку Міколы Статкевіча»
Спарыш: Статкевіч перанёс інфаркт
Дзе Мікалай Статкевіч? З мяжы яго забралі невядомыя ў масках. Што вядома на гэты момант
Каментары
Теперь далеко не факт, что мы ещё раз увидим его живым и в здравом уме. Каратели, они такие.