Армія Ізраіля ў ноч на аўторак пасля некалькіх тыдняў бамбардзіровак і авіяўдараў пачала наступ на горад Газа, піша Бі-бі-сі.

Jerusalem Post, сайт тэлеканала Аль-Джазіра і іншыя англамоўныя выданні перадаюць са спасылкай на палесцінскія крыніцы, што ізраільскія танкі ўвайшлі ў цэнтр горада.
Аль-Джазіра і газета Times Of Israel таксама паведамляюць, што ў апошнія гадзіны ізраільская армія ўзмацніла ўдары па Газе. Агенцтва AFP піша, спасылаючыся на мясцовых жыхароў, пра магутную бамбардзіроўку, якая не спыняецца, але нічога не паведамляе пра наступ.
Рашэнне заняць горад Газа ўрад Ізраіля прыняў больш за месяц таму, у пачатку жніўня. Паводле слоў прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху і яго міністраў, у Газе размяшчаюцца важныя апорныя пункты групоўкі ХАМАС, якую яны паабяцалі знішчыць.
Абвясціўшы пра намер заняць горад Газа на поўначы названага па ім сектара, ізраільцяне заклікалі жыхароў горада эвакуявацца ў цэнтр і на поўдзень сектара. Аднак, як пішуць многія выданні, паводле прыблізных ацэнак, эвакуяваліся каля 300 тысяч з прыкладна мільёна палестынцаў, што знаходзіліся ў горадзе Газа.
Каментары