Хто тая дзяўчына, што сядзела побач з Лукашэнкам на конкурсе «Міс Беларусь»? Раней іх не бачылі разам
Нядаўняя выпускніца БНТУ Надзея Тоўсцікава раней не з'яўлялася на публіцы разам з Лукашэнкам, але засвяцілася на многіх іншых мерапрыемствах.

Надзеі Тоўсцікавай 23 гады. Родам яна з Юрцава — буйной вёскі ў Аршанскім раёне. Адметная вёска найперш Палацава-паркавым ансамблем, створаным у 19 стагоддзі расійскімі дваранамі Любамірскімі.
Вучылася Надзея ў Юрцаўскім садку-школе. Ужо ў школе яна была актывісткай БРСМ і кіравала валанцёрскім атрадам арганізацыі. Сярод іншага, яны, напрыклад, дапамагалі дзіцячым дамам. Выпусцілася ў 2019 годзе з пачэснай граматай ад БРСМ.

Надзея паступіла ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «інжынер-будаўнік аўтамабільных дарог і аэрадромаў» факультэта транспартных камунікацый. Там яна таксама была актывісткай праўладных арганізацыяў — кіравала студэнцкай радай факультэта, актыўнічала ў БРСМ і на розных афіцыёзных мерапрыемствах.
У 2021 яна стала «Міс Viva Braslav». Пра сябе яна казала:
«Калі я знаёмлюся з хлопцам, то найперш гляджу на ягоны інтэлект. Калі ён ёсць, то шансаў у мяне мала».

У 2022-м годзе яна ўвайшла ў фінас конкурса «Міс БНТУ», але не выйграла. У тым жа годзе яе запрасілі на Навагодні баль у Палац Незалежнасці — штогадовае мерапрыемства, дзе прысутнічае Лукашэнка і куды запрашаюць усіх ягоных будучых фаварытак.
Па выніках 2022 года фота дзяўчыны павесілі на дошку гонару БНТУ і далі стымулюючую выплату савета БНТУ «за актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці».
Пра сябе ў інтэрв'ю BNTU Times Надзея казала, што любіць «актыўны адпачынак, мітусню, калі ўвесь дзень распісаны і ні на што няма часу… Разуменне, што далей болей і ты проста абавязаны даказаць усяму свету, што нечага варты». У вольны час, казала Надзея, яна любіць чытаць і страляць са зброі.
А ў 2023-м Тоўсцікава спачатку ўвайшла ў фінал, а пасля выйграла конкурс «Міс Мінск». Удзельнікаў вазілі па розных месцах — у Палац Незалежнасці, у Тэатр лялек, на розныя курсы па тым, як прамаўляць і трымаць сябе на сцэне.
Больш за ўсё Тоўсцікавай, па яе словах, спадабаўся Палац Незалежнасці: «Я ў захапленні ад таго, што мы наведалі залі, такія значныя для нашай дзяржавы, у якіх праходзілі неймаверныя падзеі для нашай дзяржавы і ўсяго свету». А ў Тэатры лялек яна ўзгадала, як яны ў школе рабілі батлейку да Раства.

У 2023-м годзе яна пайшла на конкурс «Міс Беларусь» і трапіла ў топ-10 удзельніц, але не выйграла. Але Тоўсцікаву ўсё роўна ўзнагародзілі — яна стала «Міс топ-мадэль Беларусі».

У 2023-м Тоўсцікава разам з іншымі прадстаўніцамі Нацыянальнай школай прыгажосці і Вадзімам Гігіным паехалі на палігон спецпадраздзяленняў унутраных войск МУС. Там іх апранулі ў форму, пафатаграфавалі і далі пастраляць.
«Уразіўшыся жалезнай дысцыплінай, выпраўкай і ўменнямі вайскоўцаў, яны прыйшлі да адназначнай высновы: кожны мужчына павінен абавязкова адслужыць у арміі, умець са зброяй абараняць Айчыну і быць сапраўдным патрыётам, менавіта ў такіх людзях яны бачаць надзейную апору і спадарожнікаў жыцця», — піша МУС пра гэта мерапрыемства.

У лютым 2024-га Надзея агітавала ўдзельнічаць у Адзіным дні галасавання. У красавіку сустракала першую касмічную турыстку з Беларусі Марыю Васілевіч. Пасля была на адкрыцці Усебеларускага народнага сходу.

Апошні раз яна з'яўлялася на публіцы ў сакавіку 2025-га — расказвала ўдзельніцам «Міс Мінск — 2025» пра тое, як правільна ўдзельнічаць у конкурсе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары