У Полацку на месцы, дзе будавалі радзільны дом, будзе аўтасалон
Сучасны перынатальны цэнтр, за які змагаліся гараджане і які ператварыўся ў даўгабуд, замяніла новая будоўля для продажу кітайскіх аўтамабіляў.

На ўездзе ў горад з боку Мінска, на скрыжаванні вуліц Петруся Броўкі і Максіма Багдановіча, там, дзе яшчэ апошняе дзесяцігоддзе тырчалі ржавыя бетонныя слупы даўгабуда-раддома, цяпер будуюць аўтамабільны цэнтр «ДжыМотарс» — афіцыйнага дылера Geely і Belgee.
Гісторыя пачыналася яшчэ ў снежні 2010-га, калі ў абласных газетах паведамлялі, што ў Полацку будзе ўзведзены сучасны радзільны дом, «вядучы перынатальны цэнтр рэгіёна». Праект уключаў два карпусы, трох– і чатырохпавярховы, агульнай плошчай 15 тысяч квадратных метраў, дзе мусілі размясціцца 80 ложкаў для пацыентаў у адна– і двухмесных палатах з сучасным абсталяваннем. Нават быў прадугледжаны падземны пераход праз дарогу.
Мясцовыя ўлады казалі пра адкрыццё ў красавіку 2012-га, максімум у 2013 годзе. Кіраўніцтва гарадской бальніцы разлічвала, што сюды будуць прымаць не толькі палачанак, але і жыхарак навакольных раёнаў.
Але ў канцы 2012-га палачане даведаліся, што акушэрскае аддзяленне ў горадзе закрываюць, а ўсіх жанчын накіроўваюць у суседні Новаполацк. Пачалася кампанія пратэстаў: у «Аднакласніках» стварылі групу падтрымкі раддома, па вуліцах хадзілі валанцёры са спісамі, тысячы людзей падпісваліся за яго захаванне.

У адкрытым лісце жанчыны звярталіся да ўладаў: «Мы маем права нараджаць у сваім горадзе. Калі жыццё жанчыны і дзіцяці залежыць ад кожнай хвіліны, патрачанай на дарогу, — прамаруджанне падобна да смерці». Але чыноўнікі далі адказ, што ў вялікіх гарадах адлегласць да раддома можа быць большай, чым адлегласць паміж Полацкам і Наваполацкам, а калі трэба — пусцяць больш рэйсаў паміж гарадамі.
Падмуркі засталіся стаяць, бетонныя слупы паступова ржавелі, у катлаване збіралася вада, і ўся будоўля ператварылася ў балота і сімвал безгаспадарнасці. За гэтыя гады з’яўляліся розныя абяцанні: перапраектаваць пад жыллё, аддаць пад інтэрнаты, прадаць з аўкцыёну. У афіцыйных адказах паўтаралася адно і тое ж: «працуем над рашэннем». У выніку рашэнне знайшлося толькі праз дванаццаць гадоў.

У красавіку 2024 года на пляцоўку прыйшоў наваполацкі трэст №16. Экскаватары асушылі нізіну, вывезлі арматуру і пачалі зносіць слупы. Работы ішлі ў паскораным рэжыме — трэба было «прыбраць» горад да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Мільёны старых рублёў, якія калісьці ўрачыста асвоілі тут, былі закапаныя ў зямлю разам з будаўнічым смеццем. Праз некалькі тыдняў на ўездзе ў Полацк засталася чыстая пляцоўка.

У снежні таго ж года райвыканкам вынес на грамадскае абмеркаванне новы праект: замест раддома — аўтасалон. Замест палат і кувезаў — шкляны шоўрум, сэрвісныя боксы і дзве паркоўкі. Інвестар уклаў у праект пяць мільёнаў рублёў.
Старшыня райвыканкама Ігар Марковіч нават асабіста прыходзіў на пляцоўку разам з кіраўніцтвам «БелДжы», каб агледзець, як ідзе нулявы цыкл.
Дагэтуль у Полацку няма свайго раддома. Усе жанчыны едуць у Новаполацк.
Каментары
От родильных домов - ОДНИ УБЫТКИ для лукашенко, а от автосалонов - ПРИБЫЛИ !
Правильно, рожениц свозить в один роддом, в палаты по 20 человеко-коек, так дешевле.