Меркаванні66

«Выстаўляючы прэтэнзіі да Трампа, я б параіў еўрапейцам азірнуцца назад, у люты 2015 года»

Напярэдадні маючых адбыцца на Алясцы перамоў гучаць самыя розныя прагнозы, збольшага песімістычныя. Дырэктар даследчай праграмы па ўсходнім суседстве ЕС і па Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошес у інтэрв'ю «Салідарнасці» параіў не панікаваць раней часу і нагадаў пра падзеі дзесяцігадовай даўніны, калі дакладна гэтак жа сама вырашаўся лёс Украіны, толькі перамовы ішлі паміж іншымі актарамі. 

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, федэральная канцлерка Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Мінску ў лютым 2015 года. Фота: Мікалай Лазарэнка / АР

— Да 16 жніўня яшчэ можа праявіцца столькі дэталяў, у якіх усё можа патануць, што загадзя я б не нагнятаў абстаноўку, — адзначае Аркадзь Мошэс. —

Зразумела, што Пуціну важны сам факт сустрэчы на дваіх. Для яго гэтага ўжо дастаткова, для яго гэта ўжо выйгрыш. Калі ўсё вырашаюць Расія і ЗША, а Украіна і Еўропа, адпаведна, абсалютна не суб'екты. За іх можна ўсё вырашыць, потым ім навязаць, а калі адмовяцца, сказаць, самі вінаватыя, мы ўсё так добра прыдумалі, а вас не задавальняе.

Адхіленне Еўропы ад стала перамоваў, за якім прымаюцца рашэнні, вельмі важнае. Тут прыніжаюць не толькі Украіну, але і Еўропу. І Пуцін гэтаму жудасна рады.

У сваю чаргу, перад Еўропай стаяць вялікія рызыкі, у тым ліку і рызыка паступовага развалу НАТА як дзейнай структуры. Таму гэтая сустрэча можа стаць не толькі паваротным момантам у расійска-ўкраінскай вайне, але і ў развіцці ўсёй сістэмы бяспекі ў Еўропе, калі яны паспрабуюць перакрэсліць і адмяніць усё тое, што служыла для гэтай бяспекі з 1945 года.

Аднак тут я б нагадаў пра саміт у Хельсінкі ў 2018 годзе, падчас якога Пуцін з Трампам выглядалі проста як найлепшыя сябры. Трамп казаў, што больш верыць Пуціну, чым уласным спецслужбам. Што-небудзь з гэтага абмену кампліментамі выйшла? Нічога. Да 2020 года яны спрабавалі перазапускаць расійска-амерыканскія адносіны, але выніку не было.

Аркадзь Мошэс

— А Беларусь можа згадвацца ў нейкім кантэксце падчас гэтых перамоў?

— Калі яны пойдуць паводле такога сцэнарыя, што Украіну даціснуць, «зліюць» у дыпламатычных адносінах, усё роўна, думаю, першыя буйныя палітычныя і стратэгічныя крокі з боку Расіі будуць тычыцца ўкраінскага Поўдня і Усходу. Пасля гэтага, безумоўна, надыдзе чарга такіх краін, як Малдова, Беларусь, Грузія і Арменія. Прычым, на мой погляд, першым кандыдатам усё ж такі будзе не Беларусь, а Малдова, таму што з ёй расправіцца будзе і фізічна прасцей, і стратэгічна важней, бо гэта адрэжа Украіну ад Румыніі і іншых краін ЕС.

Наогул забіваць цяпер рэсурсы на Беларусь для Пуціна няма сэнсу. Яму трэба заканчваць перамогай вайну ці першую серыю вайны ва Украіне. Ён кантралюе вайскова-палітычную сітуацыю ў Беларусі на 99,9%. Адна дзясятая — гэта і ёсць выступы Лукашэнкі, як ён сам кажа, тлумачэнне чагосьці там сябрам Трампа.

На жаль, калі Захад не зможа дастатковым чынам мабілізавацца і абараніць Украіну, нікога іншага ён абараняць не будзе. Там разумеюць, што гэта бескарысна. Гэта Украіна амаль 4 гады супраціўляецца, ніводная з пералічаных краін, уключаючы Беларусь, супраціўляцца не змогуць. А калі яны самі не змогуць, навошта гэта Захаду, ды і якім чынам ён можа нешта зрабіць?

Такі варыянт у тэорыі магчымы, пра яго трэба думаць, да яго трэба рыхтавацца, але казаць, што мы ўжо там, не варта. Таму што яшчэ і еўрапейцы могуць сказаць: мы гатовыя купляць больш зброі для Украіны. Ды і сама сустрэча можа сарвацца.

Справа ў дэталях. Пуцін ужо выставіў Трампа боўдзілам, калі той пасля сустрэчы свайго спецпасланніка з Пуціным заявіў, што паміж Расіяй і Украінай павінен адбыцца абмен тэрыторыямі.

— А калі Трамп раззлуецца? Можа такое быць?

— Вядома, ён можа раззлавацца, псіхануць і наогул усё абарваць. Аднак усё можа пайсці і па іншым сцэнарыі — бакі падпішуць нейкую дамову аб перамір'і. Але калі ў вас тысячакіламетровая лінія фронту, такая дамова патрабуе ўзгаднення вялізнай колькасці дэталяў, аж да таго, зброю якога калібру адводзіць на колькі кіламетраў. Павінна быць прадугледжаная тэхнічная магчымасць назіраць за перамір'ем. І там вельмі доўгі тэхнічны пратакол.

Таму першае: ці дамовяцца яны ў прынцыпе, таму што так, Трамп можа псіхануць. А другое: нават калі яны палітычна дамовяцца, ці змогуць выпісаць пакрокавы план увядзення гэтага перамір'я, таксама вялікае пытанне. Гэта значыць можа проста атрымацца адзін піяр, без канкрэтных дамоўленасцяў.

Трамп хоча ці хутчэй скончыць усё гэта, ці хаця б зняць са сваіх плячэй, пераклаўшы еўрапейцам. Ён хоча сказаць: я здолеў дамовіцца з Пуціным, ніхто з ім не дамаўляўся, а я дамовіўся.

— Ён нават пасля тэлефоннай размовы з Пуціным рэзка мяняў свае пазіцыі. Чым той усё ж такі яго бярэ: грашыма, кампраматам, умелай дыпламатыяй?

— Думаю, ліслівасцю і ўменнем прыгожа гаварыць з нагоды эканамічнага супрацоўніцтва. Сапраўды, ёсць расійская сыравіна, якая патэнцыйна патрэбная Амерыцы. Пуцін можа паабяцаць, напрыклад, нейкія эканамічныя працэсы ў Арктыцы, у здабычы карысных выкапняў, яшчэ дзесьці. Ён умее абяцаць, хоць абяцаць і не значыць ажаніцца.

— Вашы прагнозы ў цэлым не занадта абнадзейлівыя.

— Не хацелася б нагнятаць, але момант рэальна вельмі драматычны. Для Амерыкі гэта можа стаць момантам ісціны.

Трамп не разумее, што здача Украіны Расіі будзе азначаць для Кітая сігнал, што вось так і трэба сябе паводзіць з гэтымі гнілымі заходнікамі.

Але, выстаўляючы прэтэнзіі да Трампа сёння, я б параіў еўрапейцам азірнуцца назад. Памятаеце? Люты 2015 года, горад Мінск. Менавіта тады Меркель і Аланд дапамаглі Пуціну нават не ўламаць, а зламаць Парашэнку. Пасля гэтага было зразумела, што ніякага выканання гэтых дамоўленасцяў ад Кіева чакаць не даводзіцца.

Я лічу, што еўрапейцы тады проста здрадзілі Украіне. Усё вырашала ў асноўным Меркель, яна сказала: Пуціну трэба даць усё, што ён хоча. Ну і далі. 

У той час адбываліся трагічныя падзеі ў Дэбальцаве, дзе здарыўся тактычны поспех сепаратыстаў. Але еўрапейцы пагадненнямі «Мінск-2» ператварылі яго ў стратэгічную паразу ўкраінскай і сваёй заходняй дыпламатыі. Гэта значыць, сепаратысты парушылі дамоўленасці «Мінск-1», і іх за гэта яшчэ ўзнагародзілі. Гэтага не павінна было быць.

Таму цяпер, калі напярэдадні перамоў, некаторыя загадзя кажуць, маўляў, Трамп — здраднік, хачу сказаць: як зробіць Трамп, яшчэ невядома, але ў лютым 2015 года менавіта так зрабілі еўрапейцы. І гэта была вялікая памылка.

Цяпер могуць наступіць на тыя ж граблі, толькі ўжо не па-нямецку, а па-англійску, на жаль.

Каментары6

  • Госпадзе, зьмілуйся над намі!
    12.08.2025
    Божа, барані Ўкраіну ды ўвесь сьвет ад прагных вар'ятаў Пуціна й Трампа.
  • Ваш кэп
    12.08.2025
    Я не согласен с оценкой Минска-2. На тот момент надо было делать так, чтобы не было большой войны уже тогда. Соглашение дало Украине время построить армию и восстановить экономику, в 15 году она не смогла бы воевать так, как в 22. Сравнивать с нынешней ситуацией вообще нельзя, никто Пу тогда не отдавал территорий.
  • Уважлівы чытач
    12.08.2025
    "У той час адбываліся трагічныя падзеі ў Дэбальцаве, дзе здарыўся тактычны поспех сепаратыстаў" - калі чалавек называе сепаратыстамі расейскую армію, якая ваявала супраць ЗСУ ў 2015 годзе пад Дэбальцава, то ўсе астатнія яго словы - смецце.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»27

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

Блогерцы не прадалі рэчы ў Парыжы з-за беларускага пашпарта22

Генпракуратура заявіла, што ў лагеры смерці «Трасцянец» было знішчана 546 тысяч чалавек, што ў 2,5 разы больш, чым лічылася раней19

Галоўчанка выпусціў першую беларускую залатую манету з «беларускай сыравіны»4

У Гродне напісалі партрэт Караніка. Яго павесілі ў адной галерэі са Сталыпіным6

Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа38

Пачынае працаваць кругласутачная служба экстранай псіхалагічнай дапамогі па нумары тэлефона1

«Мінсктранс» адмяніў некаторыя аўтобусы Мінск — Вільня20

Не менш за 12 замежных добраахвотнікаў загінулі падчас ліпеньскага ўдару па вучэбным лагеры ва Украіне1

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»27

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць