Кіно44

«Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» — новы блакбастар з супергероямі і Педра Паскалем. Там згадваецца і Мінск

Пакуль новы «Супермен» скарае экраны, Marvel прадставілі свой адказ на супергеройскую сагу Джэймса Гана. У сусветным пракаце «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» (The Fantastic Four: First Steps) — перазапуск легендарнай гісторыі пра чатырох астранаўтаў, якія атрымалі ў космасе суперсілы. Да Беларусі фільм дойдзе ў пачатку жніўня — ці варта глядзець?

Фота: кадр з трэйлера

«Фантастычная чацвёрка» — не самая вядомая з марвэлаўскіх гісторый ва Усходняй Еўропе. Моцныя мужчынскія персанажы накшталт Чалавека-Павука ці Жалезнага чалавека доўгі час былі нам бліжэйшыя, чым навуковец Рыд Рычардс, яго каханая С’ю і сябры Джоні ды Бен. 

Кіношнікі пачалі падбірацца да «Фантастычнай чацвёркі» яшчэ ў 90-я, але першы вялікі фільм па гэтай гісторыі выйшаў толькі ў 2005-м. Атрымалася сумнеўна — хаця ён і сабраў 330 мільёнаў даляраў у пракаце, але быў апляваны крытыкамі. Наступная выніковая спроба экранізацыі была ў 2015-м, але тая стужка і ўвогуле правалілася ў пракаце.

У гэты раз Marvel надалі гэтым героям больш увагі. На галоўную ролю паклікалі Педра Паскаля. Пасля прарыўнай ролі ў серыяле «Апошнія з нас» (The Last of Us) гэты 50-гадовы чыліец не сядзіць без справы — паралельна з «Фантастычнай чацвёркай» у сусветным пракаце яшчэ два фільмы з яго ўдзелам, вестэрн «Эдынгтан» (Eddington) і камедыя «Матэрыялісты» (Materialists).

Герой Паскаля Рыд Рычардс — галоўны чалавек у камандзе пад назвай «Фантастычная чацвёрка». Гэта навуковец, здольны расцягваць сваё цела на любыя адлегласці. Яго каханая — С’ю Шторм (Ванэса Кірбі), жанчына, якая можа рабіць сваё цела нябачным. Яшчэ ў камандзе ёсць Джоні Шторм, малодшы брат С’ю: ён умее лётаць і пакрываць сваё цела полымем. І Бен Грым, персанаж са звышчалавечай сілай.

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Нам прадстаўляюць гэтую каманду праз чатыры гады пасля таго, як касмічныя прамяні далі ім суперздольнасці. За гэты час былыя астранаўты ператварыліся ў славутых абаронцаў чалавецтва, а Рыд і С’ю настолькі звыкліся са сваім сямейным жыццём, што ўжо збіраюцца стаць бацькамі.

Ідылічную карціну разбурае Срэбраная Сёрферка — іншапланецянка, якая папярэджвае зямлян, што хутка іх свет скарыць касмічны бог Галактус. Дарэчы, у сцэне з яе з'яўленнем стваральнікі стужкі падтрымалі трэнд заходняга кіно на згадванне Беларусі. Там пакажуць шыльду кінатэатра, дзе ў пракаце фільм Sunrise in Minsk (Світанне ў Мінску).

Так ці інакш, задача «Фантастычнай чацвёркі» — перашкодзіць апакаліпсісу. На шляху да яе будуць касмічныя падарожжы, палон у Галактуса і настолькі дзівацкая ідэя выратавання планеты, што не атрымаецца казаць хоць пра нейкую сувязь з рэальным светам.

Фота: кадр з трэйлера

У гэтым, адсутнасці сувязі з рэальнасцю і сапраўднымі эмоцыямі, «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» вельмі прайграе лепшым экранізацыям коміксаў. Гэты фільм застанецца цікавым для тых, хто даўно знаёмы з Рыдам Рычардсам і кампаніяй, дый проста для фанатаў Marvel. Як і заўжды ў свеце супергерояў, гэта фільм, які можна паглядзець з дзецьмі.

Але гэтай стужцы няма чым апеляваць да дарослых гледачоў, якіх не звязвае з Marvel дзіцячае мінулае. І ўсё праз недахопы сцэнара, які не могуць выратаваць моцныя акцёры накшталт Паскаля і Кірбі. 

Дарэчы, пра Паскаля і Кірбі. На экране яны гралі пару, але стварыць паміж сабой хімію ў іх так і не атрымалася. Цікава, што гэтая ж хімія паміж Педра Паскалем і Ванесай Кірбі цалкам прысутнічае ў рэальным жыцці, хаця Кірбі і чакае дзіця.

Вось як гэта выглядае на кадры з інтэрв'ю, якое выйшла тыдзень таму:

Фота: BuzzFeed UK / Youtube

Каментатары ў сацсетках шалеюць, будуючы тэорыі наконт адносінаў паміж акцёрамі, хаця тыя і кажуць, што іх звязвае толькі блізкае сяброўства.

Гэтую стужку цяпер часта параўноўваюць з «Суперменам» — мінулай супергеройскай прэм’ерай. У адрозненне ад яго, сцэнарысты цяперашняй «Фантастычнай чацвёркі» не здолелі стварыць персанажаў, за якіх хацелася б заўзець, і дастаткова захапляльную гісторыю. Ды і цэнтральны антаганіст атрымаўся недапушчальна бляклым для касмічнага бога, які пажырае планеты.

Пры гэтым фільм «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» зроблены ў якаснай стылістыцы рэтрафантастыкі. Гэта спроба паказаць будучыню такой, якой яе ўяўлялі ў 60-я, у час стварэння гісторыі пра «Фантастычную чацвёрку». Тым больш гэты час важны і для самой гісторыі, бо дзеянне адбываецца хаця і ў паралельным сусвеце, але ў першай палове 60-х.

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Гэтыя альтэрнатыўныя 60-я адноўленыя ў фільме з вялікім клопатам і далікатнасцю, і гаворка не толькі пра адзенне ды знешнасць. Вашай увазе — цэлыя вуліцы альтэрнатыўнага Нью-Ёрка, стылізаваныя пад 60-я такім чынам, што іншапланецяне і касмічны карабель выглядаюць у гэтым сусвеце так, нібыта на сваім месцы. І калі стылёвае кіно — гэта ваша, новую «Фантастычную чацвёрку» лепш не прапусціць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Ё
    29.07.2025
    “Там пакажуць шыльду кінатэатра, дзе ў пракаце фільм Sunrise in Minsk (Світанне ў Мінску).” Дык а дзе скрыншот ?
  • Film
    29.07.2025
    Смешна бачыць, як з актора, які фактычна стаў вядомы пасля адной мемнай сцэны, цяпер робяць нейкую суперзорку.
  • 911
    30.07.2025
    Film, кто виноват, что ты не в курсе, что до этой мемной сцены он лет 30 снимался в десятках сериалах и фильмах?

Цяпер чытаюць

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў14

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Іран пачынае «пасеў аблокаў», каб змагацца з наступствамі самай сухой восені за апошнія 50 гадоў1

Пад Мінскам пачалі будаваць дом з 18‑метровымі студыямі. Цэны стартуюць ад 35 тысяч даляраў2

Чыноўнікі пракаментавалі нашумелую навіну пра бальніцу ў Гомельскай вобласці. Кажуць, што не закрылі — проста перанеслі на 30 км2

Урад Літвы заўтра можа прыняць рашэнне аб мяжы з Беларуссю6

У Цэнтральным парку Нью-Ёрка ёсць лаўка ў гонар беларускі

Мінск і Вільня сёння правядуць перамовы па захраслых у Беларусі грузавіках1

Некаторым кіроўцам, пазбаўленым пасведчання, дазволяць кіраваць транспартам — як так?1

У выніку пажару на поўдні Казахстана загінулі дзевяць дзяцей1

Жанчына адкрыла халадзільнік узяць прадукты, а ён выбухнуў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў14

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць