Грамадства9797

Літоўскае тэлебачанне падкрэсліла, што ні Ціханоўская, ні яе прэс-сакратарка дагэтуль не валодаюць літоўскай мовай

Такі акцэнт быў зроблены на фоне абмеркавання няўдала сфармуляваных словаў Сяргея Ціханоўскага, але адлюстроўвае агульныя чаканні літоўцаў.

Святлана Ціханоўская. Архіўнае фота: Офіс Ціханоўскай

І прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, і міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс адрэагавалі на няўдала сфармуляваныя словы Сяргея Ціханоўскага ў ютуб-праграме «Жыццё-маліна».

Ціханоўскі, нагадаем, сказаў: «Я хачу жыць у Беларусі, у турме шмат пра гэта думаў. Калі беларусы не захочуць змагацца, не будуць верыць мне — няхай вераць камусьці іншаму, галоўнае, каб яны змагаліся, каб гэта дало вынік. Калі гэта не дае выніку… Я пачну ствараць такія астравы. У Расіі была такая нямецкая аўтаномная вобласць, нешта падобнае, была і яўрэйская. Мы можам развівацца і так. Краіна — гэта ж людзі», — гаварыў былы палітвязень.

Ціханоўскі пазней патлумачыў, што меў на ўвазе асяродкі, дзе б беларусы маглі камунікаваць, захоўваць сувязі, напрыклад, патлумачыў ён, «бізнэс-хабы для беларускіх прадпрымальнікаў, каб яны і іх сем'і размаўлялі паміж сабой».

Ціханоўскі, выглядае, проста не ведаў, што слова «аўтаномія» для літоўцаў будзіць трывожныя гістарычныя паралелі. У пачатку 1990-х, калі Літва ўзяла курс на незалежнасць, Масква спрабавала ў адказ стварыць на Віленшчыне аналаг Прыднястроўя — польскую, але савецкую па сутнасці аўтаномію. Гэтыя ініцыятывы праваліліся пасля распаду СССР.

І рэакцыі літоўскіх афіцыйных асоб, і запэўненні Ціханоўскага шырока асвятляліся літоўскімі СМІ і прыцягнулі вялікую ўвагу. СМІ цытавалі і рэакцыю Офіса Святланы Ціханоўскай, які запэўніў, што беларусы шануюць літоўскую культуру, мову, традыцыі.

«Беларусы заўсёды паважалі і будуць паважаць вашу дзяржаву, яе незалежнасць, культуру і мову. Запрашаю беларусаў вучыць літоўскую мову і сама планую запісацца на курсы літоўскай мовы», — летась казала сама Ціханоўская.

Аднак літоўскае грамадскае тэлебачанне LRT не прамінула звярнуць увагу пасля гэтай цытаты, што каментар даслала прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. Але: «Калі ёй адпісалі па-літоўску, адказ атрымалі па-расейску — яна напісала, што цяпер дрэнна размаўляе па-літоўску», — адзначылі ў вечаровай праграме «Панарама».

«Сама Святлана Ціханоўская, якая таксама не размаўляе па-літоўску, год таму казала, што моўныя курсы цяжкадаступныя, а ёй самой не хапае часу на вывучэнне, — працягвае LRT.

«Аднак абяцаю — пачаць вучыцца і інтэнсіўна», — запэўнівала яна. Аднак і пасля гэтай заявы падчас пазнейшых розных мерапрыемстваў С. Ціханоўская па-літоўску толькі чытала з аркуша», — акцэнтуе ўвагу LRT.

Літоўскі сцяг на беларускай дэманстрацыі ў Вільні. Архіўнае фота

Ад рэдактара «Нашай Нівы»

Першыя гады пасля вымушанай эміграцыі беларусы жылі з натуральным спадзяваннем і верай, што ўсё гэта ненадоўга, што хутка сітуацыя стане ранейшай, і неўзабаве ўдасца вярнуцца ў Беларусь.

Аналагічна, як і ўкраінцы, якія спадзяваліся, што вайна і бежанства — ненадоўга.

Але па меры таго, як сітуацыя кансервуецца, мяняецца і стаўленне тых грамадстваў, якія далі гнаным беларусам і ўцекачам ад вайны ўкраінцам прытулак.

У прыватнасці, літоўцы тактоўна даюць зразумець, што нягледзячы на няпростыя, маральна і матэрыяльна нестабільныя ўмовы жыцця на чужыне і няпэўнасць будучыні, вымушаным перасяленцам пара асвойваць літоўскую мову. 

Для многіх беларусаў вывучэнне літоўскай (ці польскай, партугальскай, ці дзе яшчэ раскідала нас па зямлі) мовы — гэта нібы рыса, падведзеная пад спадзяваннем на хуткае вяртанне на родную зямлю. Аднак без гэтага няможна.

Гэтага патрабуе павага да тых нацый, якія нас прынялі. Каму як не беларусам з іх досведам змагання супраць русіфікацыі разумець, як гэта важна для таго самага літоўскага народа.

А мы, дзякуючы вывучэнню новых моваў, узбагацім сябе, станем лепш разумець свет і суседзяў. 

Каментары97

  • Сум
    23.07.2025
    Ціханоўскі дык і беларускай не валодае, паглядзім, якую хутчэй засвоіць
  • Жора
    23.07.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Эдуард из Минска
    23.07.2025
    Литовцы считают, что Т. и ее команда неправильные беларусы, живущие в Литве, потому что не знают литовского. Некоторые беларусы живущие в Польше и Литве, считают беларусов неправильными если те не знают беларуского. Какие языки стоит выучить, что бы считаться правильным и удобным всем слоям населения?

Цяпер чытаюць

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў1

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Былую кандыдатку ад партыі Гайдукевіча пасадзілі за ўдзел у пратэстах1

У Віцебску работнікам памылкова налічылі лішнія грошы, а пасля прымусілі іх вяртаць. Ці законна гэта?

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ24

У Гомельскай вобласці ствараецца новая дэсантная брыгада3

Лукашэнка расказаў, як ён перажываў за Трампа8

Лукашэнка заявіў, што ў беспілотніку, які ўпаў у Мінску, было 59 кг выбухоўкі10

Лукашэнка вучыў Зяленскага: «Я хачу сустрэцца з Пуціным» — ну што ты крычыш пра гэта?»14

«Спала і прачнулася на абломках унізе». Гісторыя дзяўчыны, якая падчас атакі Расіі на Кіеў выпала з 9-га паверха і выжыла

Белы дом пераўтвараецца ў казачны палац: Трамп будуе бальную залу за 200 мільёнаў даляраў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў1

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць