Эканоміка

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

За месяц грузавыя чэргі на мяжы з краінамі ЕС скараціліся ў некалькі разоў. Але адбываецца гэта не праз тое, што грузы пачалі афармляць хутчэй. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пазітыўныя лічбы, якія не радуюць

Па стане на 1 кастрычніка, выезду з Беларусі ў суседнія краіны ЕС чакалі больш за 2700 грузавікоў. Найбольшае скапленне было на мяжы з Польшчай — 900—950 фур. На літоўскім кірунку — 700 у «Каменным Лозе» і 650 у «Беняконях». Выезду ў Латвію чакалі 425 грузавікоў.

За месяц сітуацыя з чэргамі кардынальна змянілася. 1 лістапада выезду з Беларусі ў ЕС чакала ўсяго 640 грузавікоў, супраць 2700 месяц таму.

Найбольшае скапленне на латвійскім кірунку — 260 фур, на мяжы з Літвой у «Беняконях» стаяла 240 грузавікоў, у «Каменным Лозе» — 150.

На мяжы з Польшчай чаргі з грузавікоў няма з сярэдзіны месяца.

Чаму так адбываецца?

На скарачэнне чэргаў на мяжы з ЕС паўплывалі як санкцыі ЕС, так і контрсанкцыі, уведзеныя беларускім бокам.

Новы пакет санкцый ад Еўрасаюза быў прыняты яшчэ 29 чэрвеня 2024 года, але, за некаторымі выключэннямі, абавязкі па кантрактах, заключаных да 1 ліпеня 2024 года, маглі выконвацца да 2 кастрычніка 2024 года.

Праз гэта імпарцёры намагаліся ўвезці ў краіну як мага больш тавараў падчас пераходнага перыяду. Калі санкцыі запрацавалі напоўніцу, спіс дазволеных тавараў скараціўся, што прывяло да зніжэння тавараабароту і адпаведна чэргаў на мяжы.

Яны паступова змяншаліся па меры таго, як фуры, якія прыехалі да 1 кастрычніка, выгружаліся і вярталіся ў ЕС.

Але на еўрапейскіх санкцыях абмежаванні не скончыліся. У адказ на абмежаванні з боку Еўрасаюза Беларусь увяла контрсанкцыі, забараніўшы ўвоз у нашу краіну шэрагу тавараў з «несяброўскіх» краін.

Гэтыя абмежаванні запрацавалі з 15 кастрычніка 2024 года. У спіс трапілі як пазіцыі, якія і без контрсанкцый нельга было вывозіць з ЕС у Беларусь, так і новыя. Напрыклад, сумкі і валізкі, папера, падгузнікі і пялёнкі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ці трапляе санкцыёнка ў Беларусь?

Як і ў папярэднія часы, значную частку санкцый пры жаданні можна абыйсці. Асабліва, калі гэта абмежаванні знешнія, а не ўнутрыбеларускія.

Тым не менш, кожныя рухі па абыходзе санкцый уплываюць на канчатковы кошт тавару.

Пазіцыі, якія цяпер нельга наўпрост завозіць з ЕС у Беларусь, цяпер дастаўляюць у нашу краіну альтэрнатыўным шляхам — часцей за ўсё праз Турцыю.

Праз гэта, па словах імпарцёраў, сабекошт санкцыённых тавараў з Еўропы вырас на 10-20% у залежнасці ад канкрэтных пазіцый.

Прычым, як адзначаюць бізнэсмены, цяпер менавіта Беларусь, а не Расія больш адчувае на сабе ўплыў ад гэтых санкцый, бо калі дастаўка ажыццяўляецца паўднёвым шляхам, груз спачатку трапляе ў Расію. У выніку атрымліваецца, што даставіць санкцыёнку ў Маскву крыху танней, чым у Гродна ці Брэст, якія знаходзяцца побач з краінамі ЕС. А Краснадарскі край дык наогул цяпер нашмат бліжэй для дастаўкі тавараў з ЕС, чым Беларусь.

Што кажуць перавозчыкі

Уплыў ад новых санкцый адчуваюць на сабе таксама і перавозчыкі. Праз тое, што дастаўляць з ЕС у Беларусь цяпер мала што дазволена, фуры часам даводзіцца адпраўляць загружанымі толькі напалову. Такім чынам тарыф на дастаўку грузаў з Еўропы ў Беларусь падае, але ёсць нюанс.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Бізнэсмен, які займаецца імпартам тавараў з Польшчы, падзяліўся назіраннямі, што калі замаўляеш дастаўку праз лагістаў, то тарыфы агучваюць тыя самыя, што і 2-3 месяцы раней, калі сітуацыя была іншая.

«Але калі дамаўляцца наўпрост з кампаніямі перавозчыкамі, то стаўкі за фрахт ужо пайшлі ўніз на 20-30%. Выглядае, што лагісты проста спрабуюць трымаць той самы тарыф для грузаадпраўляльнікаў і адначасова паніжаць для перавозчыкаў, каб самім зарабляць больш», — дзеліцца назіраннямі імпарцёр.

Стаўкі ўпалі, але не для канчатковага пакупніка

Падобную сітуацыю са стаўкамі на дастаўку можна назіраць і ў аўтамабільнай галіне, калі кампаніі-пасярэднікі працягваюць агучваць сваім кліентам ранейшыя расцэнкі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«У іх усё стабільна, якія былі для кліентаў цэны, такія і засталіся, хоць самі яны за перавозку даўно ўжо нам плацяць менш, чым было на піку, калі ўсе машыны ехалі праз Беларусь. Напрыклад, вясной нам кампаніі-пасярэднікі плацілі па 800-900 еўра за дастаўку з Клайпеды ў Мінск, а цяпер плацяць па 500-600 еўра.

Пры гэтым, калі паглядзець тарыфы на сайтах, па якіх яны дастаўляюць аўто кліентам, то там нічога не змянілася», — тлумачыць перавозчык.

Што ў выніку?

Праз новыя абмежаванні частка тавараў на прылаўках падаражэе, некаторыя цалкам знікнуць праз немэтазгоднасць дастаўляць іх альтэрнатыўнымі шляхамі або праз немагчымасць імпарту ўжо па прычыне контрсанкцый.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Непадсанкцыйныя тавары ў тэорыі могуць крыху патаннець за кошт больш таннай лагістыкі з ЕС у Беларусь. Але, як паказвае практыка, цэны растуць хутка і рэгулярна, а вось падаюць са скрыпам, нават тады, калі для гэтага ёсць перадумовы.

Уплываць на эканоміку Беларусі будзе таксама тое, што ў краіне застанецца нашмат менш кампаній і людзей, якія дзякуючы санкцыйнаму дыспарытэту паміж Беларуссю і Расіяй маглі зарабляць часам даволі вялікія грошы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Адзіны вядомы партрэт Васіля Цяпінскага аказаўся выявай французскага архітэктара4

Адзіны вядомы партрэт Васіля Цяпінскага аказаўся выявай французскага архітэктара

Усе навіны →
Усе навіны

Амерыканская паліцыя палюе на падпалкоўніка беларускай міліцыі, які стаў цэнтральнай фігурай у крымінальнай бандзе13

Джэй Дзі Вэнс: Амерыканскі мірны план накіраваны на тое, каб спыніць забойствы, захоўваючы пры гэтым суверэнітэт Украіны31

Адзін з супермаркетаў Мінска паставіў апарат для нарэзкі хлеба6

У Шчорсах зноў прадаюць «Мураванку Храптовічаў». Гэтым разам за 84 рублі5

Стылістка назвала топ-5 самых модных беларусак16

У Прыпяці злавілі гіганцкага сома-волата. Але праверыць гэта немагчыма

Трамп: У нас ёсць план, Зяленскаму ў пэўны момант давядзецца нешта прыняць13

Каманда маленькага карыбскага вострава Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі згуляе на чэмпіянаце свету па футболе. Што за востраў і як такое атрымалася?3

Навукоўцы выявілі, што ў ільвоў ёсць два тыпы рыку

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзіны вядомы партрэт Васіля Цяпінскага аказаўся выявай французскага архітэктара4

Адзіны вядомы партрэт Васіля Цяпінскага аказаўся выявай французскага архітэктара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць