Vizor Games, што стварыла канкурэнта EA Sports FC, больш няма ў Беларусі. Кампанія працуе пад іншым брэндам
Vizor Games — адзін з папулярных паблішараў з беларускімі каранямі. Раней у кампанію інвеставаў адзін з найбуйнейшых сусветных мабільных распрацоўшчыкаў Playrix.

Вядомы мабільны распрацоўшчык Vizor Games змяніў імя кампаніі ў Беларусі. Цяпер яна называецца «Геймтэк». Такая інфармацыя з'явілася на сайце Адзінага дзяржрэгістратара, піша Devby.io.
Паводле звестак дзяржрэгістрацыі, пад новым брэндам геймдэў-кампанія працуе ў Беларусі з красавіка.
Якія былі матывы для перайменавання, топ-менеджмент камандзе ў Мінску не патлумачыў.
«Нас апавясцілі, каб мы карэктна паказвалі новую назву кампаніі пры афармленні бальнічных, крэдытаў і т.д. таксама запэўнілі, што змена назвы на працы самой кампаніі ніяк не адаб'ецца і ні на што не паўплывае», — паведаміў супрацоўнік.
Пасля рэбрэндынгу ў «ГеймТэк» (Vizor Games) застаўся ранейшы ўласнік. 100% долі «Геймтэк» належыць кіпрскай «Асміна Холдынгс Лімітэд», заснаванай восенню 2020 года. Памер статутнага фонду — больш за 5,6 мільёнаў рублёў (1,7 + мільёна даляраў). У студзені 2023 года ўрад Беларусі ўключыў кампанію ў спіс акцыянераў з «недружалюбных краін», якім было забаронена адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрасобах без дазволу Мінфіна.
Vizor Games — адзін з папулярных паблішараў з беларускімі каранямі. Раней у кампанію інвеставаў адзін з найбуйнейшых сусветных мабільных распрацоўшчыкаў Playrix.
Vizor Games сумесна са студыяй Strikerz стварыла бясплатны футбольны сімулятар UFL, які называюць канкурэнтам вядомага футбольнага сімулятара EA Sports FC. У снежні мінулага года распрацоўшчыкі UFL прыцягнулі інвестраўнд на 40 мільёнаў даляраў.
У ліку інвестараў апынуўся вядомы партугальскі футбаліст Крышціяну Раналду.
У Vizor больш за 600 супрацоўнікаў (зыходзячы з інфармацыі на афіцыйным сайце). Па словах крыніцы ў кампаніі, прыкладна палова агульнага штата працуе ў Беларусі. У лінкедзіне знайшлі профілі больш за 300 чалавек, якія паказалі Vizor Games у якасці актуальнага месца працы і Беларусь у якасці актуальнай лакацыі.
Мяркуючы па актыўным найме, кампанія не плануе згортвацца на беларускім рынку. За апошні месяц на сайце rabota.by з'явілася больш за 20 новых вакансій. Кампанія шукае распрацоўшчыкаў, мастакоў, дызайнераў, інжынераў з вопытам працы ад 1 да 3 або ад 3 да 6 гадоў у залежнасці ад вакансіі.
За апошнія два гады гэта не першы выпадак рэбрэндынгу вядомых тэхналагічных кампаній з беларускімі каранямі.
Такім спосабам некаторыя кампаніі аддалі перавагу падзяліць бізнэс (на Заходні і расійскі+СНД) або схаваць сваю сувязь з Беларуссю.
Каментары