Каханне і сэкс2323

Дызайнер кнігі «Беларускі эратычны фальклор»: Беларусы заўсёды давалі жару па поўнай ФОТЫ

Выданне цяпер прадаецца з налепкай «18+».

Як і чакалі стваральнікі кнігі, інтэрнэт падзяліўся на два лагеры. Першаму — мала эротыкі, другому — замнога.

Каардынатар выдання Глеб Лабадзенка раіць асабліва ўражлівым звярнуць увагу на налепку і проста адкласці кнігу ў бок. Хаця калі да зместу яшчэ можна прычапіцца — маўляў, парнаграфія, — то ў фота наўрад ці хтосьці здолее знайсці крамолу.

«Ці не займаемся мы распустай? Вядомыя даследчыкі XIX ст. не лічылі эратычны фальклор распустай. Яны падыходзілі да яго не як да атракцыёну, а як да часткі народнай спадчыны, якую трэба вывучаць, разглядаць з розных бакоў», — каментуе Глеб Лабадзенка.

Насамрэч, у кнізе нічога новага, акрамя здымкаў, няма. Усё гэта ўжо друкавалася раней — ад арыгінальных кніг ХІХ стагоддзя да аднайменнага зборніка, які выйшаў 10 гадоў таму. Сёлетняе выданне — фактычна выбарка найлепшага з той кнігі. Пад новай вокладкай сабраныя запісы даследчыкаў XIX ст. Міхала Федароўскага, Мікалая Нікіфароўскага, Паўла Шэйна, Яўгена Ляцкага, Севярына Малевіча, Адама Гурыновіча. Асобны раздзел — запісы Рыгора Барадуліна, які збіраў эратычны фальклор усё жыццё.

Злева направа: Наста і Слава Шпілеўскія. Настасся Роўда.

«Я калісьці запытаўся ў Барадуліна, чаму ён так любіць гэтую тэму. Ён сказаў: «Калі хоць кагосьці гэта прыцягне да беларускай мовы, ужо добра». Я таксама так лічу. Каб прывабліваць да мовы, забароненых ці табуяваных тэмаў няма. У інтэрнэце некаторыя пісалі, каб мы спынілі распусту. Я абяцаю не прымушаць гэтых людзей чытаць нашу кнігу», — кажа каардынатар выдання.

І стар, і нядуж,
І крывы на нагу.
А як бачу маладую,
Ашалеўшы бягу.

«Здубавецця» Рыгора Барадуліна

З-за фота выхад кнігі адклалі на два месяцы

Аднак Глеб Лабадзенка лічыць, што затрымка цалкам апраўданая, бо здымкі — самае прыгожае ў «Беларускім эратычным фальклоры». Зрабіў іх фатограф і дызайнер Міхась Аракчэеў.

«Афармленнем кнігі я займаўся на дабрачынных пачатках, — распавядае Міхась. — Калі мне прапанавалі зрабіць фота для «Беларускага эратычнага фальклору», я адразу падумаў, што гэтую тэму нельга здымаць. Але потым пачаў разважаць: а чаму не? Чаму не ўвесці жывых персанажаў, падаць фальклор пад «глянцавай» вокладкай? Гэта якраз тое, што можа прывабіць шырокае кола чытачоў. У тым ліку тых, хто раней не цікавіўся этнаграфіяй ці фальклорам».

Злева направа: Надзея Жалязняк, Зміцер Завадскі і Яня Міхайлава. Таццяна Мухіна і Алесь Плотка. 

У здымках паўдзельнічалі 13 беларусаў, сярод якіх шматразовы чэмпіён свету Віталь Гуркоў. Як заўважае фатограф, усе мадэлі выдатна валодаюць беларускай мовай, таму фотасесія праходзіла цалкам па-беларуску.

«Мы хацелі адысці ад эротыкі ў агульным разуменні, — тлумачыць канцэпцыю здымкаў Міхась. — Былі патрэбныя фота менавіта з беларускім маркерам. З антуражам дапамагло Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, і за гэта вялікі дзякуй».

У фальклоры тэма існавала заўсёды, але быў узроставы цэнз

На некаторых фота можна ўбачыць выразныя эратычныя рэчы-сімвалы. Узяць, да прыкладу, ступу і таўкач. Раней гэтыя дзве такія патрэбныя ў гаспадарцы рэчы абавязкова суправаджалі жарцікі, праз якія дзяўчыны пакрываліся чырванню.

Злева направа: Лізавета Пісчала і Таццяна Мухіна.

«Сталыя людзі не жартавалі на гэтыя тэмы, калі побач прысутнічалі незамужнія дзяўчыны. Пра гэта кажуць этнаграфічныя даследаванні, — распавядае фатограф. — Старыя адразу запытваліся ў маладых дзяўчат, ці замужам яны. І калі дзяўчына была не замужам, тэма хутка зварочвалася».

Ах ты, маменька мая,
А мне сталася бяда.
Я на камені сядзела,
Пару яблычкаў я з’ела.
З чарваточынкай адзін
У жывоціку заныў.

З запісаў Мікалая Нікіфароўскага

Чаму на вокладцы блакітны колер, а не чырвоны

Вокладка кнігі чорна-белая з яркім блакітным акцэнтам.

«Чырвоны і белы — асноўныя колеры беларускага народнага строю. Але падчас падарожжаў па нашай краіне я заўважыў, што ўлюбёны колер беларусаў — блакітны, — упэўнівае Міхась. — Яго сустракаеш усюды: і платы пафарбаваныя ў блакітны колер, і лавы, і вокны, і цалкам хаты. Нават крыжы на могілках і тыя – блакітныя. Больш за тое, чырвоны дадаў бы драматызму, а ён тут непатрэбны».

Раней, да таго, як Міхась пачаў глыбока цікавіцца этнаграфіяй, для яго вобраз беларуса быў падобны на прыгожы музейны экспанат у строі.

«Аднак чым больш чытаеш матэрыялу, тым глыбей разумееш родную краіну. Аказваецца, беларусы заўсёды давалі жару па поўнай, — усміхаецца дызайнер. — Хтосьці называе эратычны фальклор непатрэбным вычварэнствам. Выбачайце, значыцца, гэта трэба забыць назаўсёды? Сваё трэба цаніць. Кожную драбязу, якая засталася. У нас і так шмат чаго за мінулае стагоддзе страчана, разгублена, разбурана. Таму давайце не будзем дзяліць нашу спадчыну на патрэбнае і непатрэбнае».

Злева направа: Настасся Роўда. Віталь Гуркоў і Марына Пятрова.

10 выбраных вершаў з кнігі «Беларускі эратычны фальклор»

Жніця, дзеўкі, жніця,
Кручай спінкі гніця.
Станавіця снапы ў рад,
Павярніця нам хуць зад.

З запісаў Мікалая Нікіфароўскага

Чаму тады не прыйшоў,
Як я жыта жала,
Куды рукі, туды й ногі,
Дагары ляжала.

З запісаў Мікалая Нікіфароўскага 

Ой, кум куму
У садочак вядзець.
Ой, кум куме
Агурочак даець.
Ах, кум-кумочак,
Не хачу агурочка,
Не псуй ты майго жываточка.

З запісаў Яўгена Ляцкага

Купала на Йвана!
— Дзе, Купала, начавала?
— Начавала ночку ў зялёным лясочку,
Пад асінкаю з Максімкаю,
Пад арэшкаю з Цярэшкаю,
Пад елкаю ды з дзеўкаю.

З цыклу «Купалле» 

Салавей, салавей,
Што на свеце саладзей,
Ці гарэлка, ці мядок,
Ці ў дзеўкі перадок?

«Здубавецця» Рыгора Барадуліна

Марфачка жыта жне,
А Гардзейка вяжаць,
Дажаўшыся да мяжы,
Яна яму кажа:
— Баразёнка вузенька —
Не памесцімся,
Ночка летняя каротка —
Не нацешымся.

З цыклу «Жніво» 

— Наляцеў, мамка, шэршань,
Паміж ножачак сеўшы,
Ножкі раскарачыў,
Коскі падкудлаціў.
А я ж думала, мамка, памру,
Аж я гэта вельмі люблю.

З цыклу «Вяселле» 

Ой, пайду я кала саду,
Каго найду, то насяду.
Я насяду, сечкі ўрэжу.
Яна крычыць, а я лезу.
Яна крычыць, драпочацца,
А я лезу, бо хочацца.

З запісаў Міхала Федароўскага

Гарманіст у нас адзін,
Мы па разіку дадзім.
Гарманісту трэба даць,
Весялей будзець іграць.

«Здубавецця» Рыгора Барадуліна

Ой, якая я была
У дзеўках інцерэсная,
У дзеўках дзевачку радзіла,
Замуж выйшла чэсная.

Сучасныя запісы 

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Каментары23

Цяпер чытаюць

Маладую арганізатарку вяселляў асудзілі за «распальванне варожасці»

Маладую арганізатарку вяселляў асудзілі за «распальванне варожасці»

Усе навіны →
Усе навіны

У матчы Кубка Беларусі па футболе адбылася масавая бойка паміж гульцамі ВІДЭА2

Памёр Уладзімір Сідарцоў4

Палітвязню Міколу Дзядку выставілі новыя абвінавачанні1

Што рабіць з тэлефонам, калі ён пабываў у руках у сілавікоў?4

Чалы: Лукашэнка пакрыўдзіўся на Пуціна14

ДАІ агарадзіла ровар хлопчыка пасля ДТЗ, а яго сцягнулі на металалом3

Хэдлайнерам апошняга званка ў Мінску стаў няўдалы ўдзельнік «Дома-2». Хто такі Алег Маямі?3

У Падмаскоўі ўзарваўся аўтобус, які перавозіў дзяцей у школу2

Сіноптыкі папярэдзілі пра замаразкі ў ноч на нядзелю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую арганізатарку вяселляў асудзілі за «распальванне варожасці»

Маладую арганізатарку вяселляў асудзілі за «распальванне варожасці»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць