Грамадства4949

Бізнэсмэн аддае шэсць офісаў і канферэнц-залу пад беларускія праекты

Андрэй Паддубскі, 38-гадовы мінчук і ўладальнік паспяховай транспартна-лагістычнай кампаніі «Фабеас», кажа, што беларуская мова — сакрэтная зброя нацыянальнага бізнэсу, а для культурніцкіх праектаў не шкада ніякіх грошай.

Паддубскі прафінансаваў выданне бэстсэлера Глеба Лабадзенкі «Дзіцячая заМова», аўдыёвыданне «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра і шматлікія беларускія імпрэзы. «Ваярскі каляндар», які рабіўся як карпаратыўны каляндар ягонай кампаніі, цяпер можна купіць ва ўсіх кнігарнях, ён стаўся прыкметнай з'явай беларускага друку.

«Беларуская прастора» Андрэя Паддубскага будзе працаваць па адрасе: Мінск, вуліца Скарыны, 12.

«Калі пачалі будаваць гэтыя офісныя памяшканні як інвестыцыйны праект, яшчэ не ведалі, як будзем выкарыстоўваць. Але недзе ў сярэдзіне будаўніцтва я ўжо зразумеў: гэта будзе не бізнэс, а культурніцкая пляцоўка, якая будзе працаваць на гонар, годнасць і беларускую справу.

І грошы, прыбытак у гэтым праекце наагул не маюць аніякага сэнсу. Грошай павінна быць дастаткова, каб гэта самаакуплялася», — распавядае кіраўнік транспартна-лягістычнай кампаніі «Фабеас» Андрэй Паддубскі.

Ужо цяпер вядома, што на Скарыны, 12 размесцяцца інтэрнэт-крама «Прастора.бай», выдавецтва «Паперус», два дзіцячыя праекты — тэатральны і адукацыйны, рыцарскі клуб «Явойт». Знойдзе тут прытулак і тэатральная ініцыятыва мастака Міколы Купавы.

Канферэнц-залу пад беларускія праекты можна будзе арандаваць на льготных умовах альбо атрымаць задарма — абы вашая праца была на карысць беларускай культуры.

«Ідэя з'явілася неяк сама па сабе, — кажа Паддубскі. — Пачалося ўсё з майго знаёмства з Алесем Квіткевічам з інтэрнэт-крамы «Прастора.бай». Я праз ягоны сайт замовіў кнігі. Ён іх асабіста як кур’ер даставіў, і мы яшчэ недзе гадзіну пасля з ім гаварылі».

Так Квіткевіч уцягнуў Паддубскага «ў беларускасць». «Мы ж амаль усе дзеці Савецкага Саюза, — тлумачыць Андрэй, які нарадзіўся ў 1975 годзе. — Усё было расейскамоўнае, адукацыя ў тым ліку. І беларуская мова ўспрымалася як мова бабуляў і дзядуляў. Я ў Алесю Квіткевічу ўпершыню пабачыў маладога чалавека, які ўвесь час гаворыць па-беларуску».

З часам выспела патрэба рабіць беларускую прастору самому. Пачалі далучацца сябры. На базе кампаніі «Фабеас» утварылі «Клуб неабыякавых беларусаў».

Паддубскі — мінчук. Скончыў міжнародную эканоміку ў БДЭУ. Пасля год войска. Кар’еру пачынаў звычайным эканамістам.

«Але я разумеў, што так я сваёй мары на той момант не дасягну. А мара была — мець уласнае жытло». І ў 2001-м заснаваў фірму па продажы камп'ютараў.

Але грошай на сям’ю было недастаткова, таму Андрэй яшчэ працаваў фінансавым дырэктарам у транспартнай кампаніі.

«У 2006 годзе я пачаў прасоўваць ідэю, што трэба развіваць марскія перавозкі з Кітаем. На той момант іх не было, а суседнія Літва і Польшча ўжо гэтым карысталіся. І прадставіў свой бізнэс-план у кампаніі. Але асноўны акцыянер сказаў, што гэта падман, мары, мора ў нас няма, таму мы гэта развіваць не будзем».

Паддубскі з кампаніі звольніўся і стаў сваю ідэю ажыццяўляць сам. Сціпла кажа: пашанцавала.

«Калі я пачаў гэтым займацца, пазнаёміўся з двума літоўцамі, якія мне ўсё дасканала распавялі. Мабыць, я быў першы, хто так дасканала гэта распавядаў кліентам. І таму гэта мела шалёны попыт».

Цяпер гэта ўжо не адна кампанія, а цэлая група — з офісамі ў некалькіх расейскіх гарадах, Латвіі і планамі выйсьці на польскі рынак лагістыкі. Працуе тут 50 чалавек. У Андрэя кантрольны пакет ва ўсіх кампаніях.

Чвэрць супрацоўнікаў кампаніі размаўляюць па-беларуску.

Тым партнёрам, якія вядуць з імі справы па-беларуску ці па-беларуску размяшчаюць замовы, «Фабеас» робіць зніжку. Ці дорыць падарункі.

І яшчэ беларуская мова — сакрэтная зброя нашага бізнэсу.

«Мы яе выкарыстоўваем на перамовах у Латвіі і ў Расеі, — распавядае Андрэй. — Вось латышы ўсе добра размаўляюць па-расейску. Мы перамаўляемся, а потым яны — бах, і паміж сабою па-латышску. Мы, ясна, нічога не разумеем. Яны там перамовіліся — і зноў да нас. Мы такія: а чаму мы так не робім?

Нашы карты заўжды адкрытыя, бо мы паміж сабою па-расейску і з імі. Ну і дамовіліся, што паміж сабой будзем размаўляць па-беларуску. Правяралі: яны кажуць, што нічога не разумеюць. І ў Расеі на перамовах гэтаксама робім».

Паддубскі перакананы, што тое, што яны робяць у беларускай справе, для кампаніі лепшае за любую рэкламу.

«У аўдыёкнігах Янкі Маўра ў кожны дыск укладаўся наш рэкламны буклет. У «Дзіцячай заМове» ёсць старонка пра «Фабеас». Там у стылі кнігі намалявалі, што «Фабеас» вязе грузы, што такое імпарт, што такое экспарт, — тлумачыць ён. — Я чую нават ад людзей, з якімі ніколі не сустракаліся, што «Фабеас» яны ведаюць. Пазітыўны імідж і пазнавальнасць ствараецца».

«Ніякай палітыкі на «Беларускай прасторы» не будзе. За гэтым буду пільна і я сачыць, і мае аднадумцы. Ніякай палітыкі — толькі культура! — кажа кіраўнік «Беларускай прасторы» Андрэй Паддубскі.

— Мы найлепш зробім, каб правільна адукаваць тых дзетак, якім сёння па 10–12 гадоў. Каб яны ўсё дакладна разумелі, ведалі мову, гісторыю.

Каментары49

Цяпер чытаюць

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек4

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Ці хоча беларуская моладзь пераехаць і куды? Вынікі апытання12

КНДР выпрабавала электрамагнітную бомбу, якая здольная выклікаць блэкаўты2

У Літве раскрылі міжнародную групу, што планавала палітычныя забойствы. Сярод злачынцаў ёсць беларусы4

Юнак расказаў, як канспектаваў рускамоўныя лекцыі беларускай лацінкай. Гэта выклікала даміно ўспамінаў з БНТУ, БДТУ і БДУ3

Дэфіцыт расійскага бюджэту за першы квартал аказаўся большы, чым планавалася на год5

Трамп паабяцаў аднавіць масаваныя абстрэлы Ірана ў выпадку невыканання сапраўднага пагаднення1

«Каралева кетаміну» атрымала 15 гадоў турмы па справе аб смерці акцёра Мэцью Пэры

Ілля Протас дэбютаваў у НХЛ

«Згадайце гэты кавалак лёду!» Трамп сустрэўся з генеральным сакратаром НАТА і зноў загаварыў пра Грэнландыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек4

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць