У апошнія 10 гадоў ідзе плянамерная і масавая высечка лясоў. У Пастаўскім раёне не засталося сьпелых сасновых бароў. Бяруцца ўжо за бярозы.
Апошнім часам афіцыйныя СМІ настойліва навязваюць стэрэатып: у Расеі ня ўсё добра з эканомікай. Хоць нафтадаляраў там хапае. А вось у Беларусі ўсё добра. І толькі за кошт павышэньня эфэктыўнасьці вытворчасьці. Мы для сваіх нашчадкаў рыхтуем разьвітую, высокатэхналягічную эканоміку, пакінем некранутай прыроду. Дазвольце не пагадзіцца. Думаю, што так па ўсёй Беларусі, але пішу пра свой, Пастаўскі раён. У апошнія 10 гадоў тут ідзе плянамернае і дзікунскае зьнішчэньне лясоў.
На невялікі па плошчы рэгіён працуюць аж дзьве дзяржаўныя арганізацыі. Лясгас і вытворчы ўчастак аб’яднаньня «Маладэчналес». Працуюць з інтэнсіўнасьцю і напружаньнем круглы год. Дастаткова сказаць, што кожная арганізацыя адпраўляе ў месяц дзясяткі і дзясяткі вагонаў лесу. Менавіта лесу — добра калі ён расьпілаваны на брусы ці дошкі. І ідзе гэты лес у Фінляндыю і Расею, багацейшыя лесам, чым мы. Ідзе ў іншыя краіны замежжа. У нашым раёне нарыхтоўваць сталі нават бярозу — пэўнай таўшчыні, памераў. І ідзе яна для камінаў у Швайцарыю. Пра такую ж пароду, як сасна, і гаварыць няма чаго. Практычна зьніклі сасновыя бары на Пастаўшчыне. Шматгадовыя аматары ціхага паляваньня, трапляючы ў мясьціны, якія палюбілі зь дзяцінства, не пазнаюць іх.
Ня толькі гэтыя дзяржаўныя арганізацыі займаюцца высечкай. У Паставах ды і ў некаторых вёсках раёну ёсьць напаўафіцыйныя тартакі, якія ня так інтэнсіўна пераганяюць бярвёны ў тыя ж брусы. Але іх шмат! Яшчэ некалькі гадоў такой работы — і сьпелага лесу ў раёне ня будзе. Ды яго ўжо практычна і няма. Хоцькі-няхоцькі ўспамінаецца клясычны верш Максіма Танка. Цягнікі з сасной і бярозай вязуць рэсурс нашых нашчадкаў, якім прыйдзецца плаціць па рахунках.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Паставы
Каментары