Спорт55

Рэнан Брэсан: Бацькі сказалі, што будуць любіць мяне і з беларускім пашпартам

Любімец барысаўскай публікі Рэнан Брэсан жыве ў Мінску. Сюды яго штодня прывозіць клубны аўтобус з трэніровак у Барысаве. Інтэрв'ю.

Любімец барысаўскай публікі Рэнан Брэсан жыве ў Мінску. Сюды яго штодня прывозіць клубны аўтобус з трэніровак у Барысаве. Нядаўна футбаліст-бразілец вырашыў прыняць беларускае грамадзянства.

У Беларусі было страшна

«Наша Ніва»: Рэнан, як ты апынуўся ў Беларусі?

Рэнан Брэсан: Выступаў у Бразіліі за клуб з роднага горада. Да нас прыехаў селекцыянер з Украіны. Я адразу спадабаўся яму. На прагляд я паехаў у львоўскія «Карпаты». Але там узніклі праблемы. Урэшце на мяне выйшаў «Гомель».

«НН»: Шок быў ад трапляння ў невядомую краіну?

РБ: Канечне, быў. Помню адразу па прылёце было тры гадзіны дня, тым не менш, вакол цёмна. Для мяне гэта было вельмі страшна, бо няма такога ў Бразіліі. Але я ведаў, чаго хацеў, таму трымаўся, цярпеў.

«НН»: Ведаў што-небудзь пра Беларусь перад адлётам?

РБ: Калі шчыра, то нічога. Ведаў толькі пра Аляксандра Глеба, які тады гуляў у «Арсенале».

Сум па пляжы

«НН»: Адкуль ты родам?

РБ: Горад Тубаран, штат Санта-Катарына. Горад маленькі, менш за 100 тысяч жыхароў. Як Барысаў. Ад мяне 20 хвілін да пляжа. Акіян, шмат турыстаў.

«НН»: Па пляжах не сумуеш?

РБ: Сумую. Падчас адпачынку на пляжах амаль увесь час. У Беларусі купацца не спрабаваў. Летам мне вельмі падабаецца беларускае надвор’е. Страваў некаторых хоць і не хапае, але ёсць жонка, якая можа гатаваць.

«НН»: Бацькі не прыязджалі ў Беларусь?

РБ: Не. Былі планы прыехаць на Лігу чэмпіёнаў, але ў таты шмат працы. Ён валодае невялікай фірмай па зборы мэблі. Мама хатняя гаспадыня, але ехаць адна не хоча.

У Бразіліі тэхніка, у Беларусі — тактыка

«НН»: У Гомелі табе падабалася?

РБ: Я заўсёды з павагай ставіўся да тамтэйшага трэнера Анатоля Юрэвіча. Гэты трэнер давяраў маладым хлопцам. Юрэвіч вучыў мяне футболу, як Драгуна, яшчэ раней Рамашчанку. Ён паказаў мне, як трэба гуляць у Беларусі.

«НН»: Шмат адрозненняў між футболам бразільскім і еўрапейскім?

РБ: У Бразіліі футбол больш тэхнічны, індывідуальны. Вялікая колькасць футбалістаў, што могуць вырашаць лёс сустрэчы на апошніх хвілінах. Тут такія таксама ёсць, але ў Беларусі больш тактыкі. Часта перамогі атрымліваюцца толькі за кошт трэнерскіх установак.

«НН»: Пераход у БАТЭ быў важнай часткай кар’еры?

РБ: Гэта найлепшая каманда краіны, якая пастаянна гуляе ў еўракубках. У БАТЭ ўсё бліскуча. Летась столькі ўсяго выйграў і індывідуальна, і камандна. А Ліга чэмпіёнаў — гэта мая мара. Мая мара гуляць за «Барсу», але гуляць супраць яе таксама добра [смяецца].

У зборную Бразіліі не прабіцца

«НН»: А чаму вырашыў атрымаць беларускі пашпарт?

РБ: Калі ўпершыню прапанавалі, то спалохаўся. Потым палічыў, што ў зборную Бразіліі цяжка прабіцца, там гуляюць вялікія футбалісты. Бацькі сказалі, калі для цябе будзе добра, то чаму не. Сказалі, што ўсё адно будуць мяне любіць [смяецца]. Быць гульцом зборнай — гэта вельмі прэстыжна.

«НН»: Многія хвалююцца, што ты з’едзеш з краіны і не будзеш прыязджаць у зборную.

РБ: Наадварот. Калі падпішу кантракт з добрым клубам, то ўсім будзе лепш, у тым ліку зборнай. Я магу абяцаць, што заўсёды буду з радасцю адгукацца на выклікі са зборнай.

У БАТЭ ўсе на сваіх месцах

«НН»: У чым феномен БАТЭ?

РБ: Ёсць Анатоль Анатолевіч Капскі. Усе яго ведаюць, ягоны характар. Таксама ёсць Віктар Ганчарэнка. Яны абодва малайцы. У Капскага заўсёды была мара рабіць вялікі клуб. Усе працуюць на сваіх месцах. Ніхто не замінае іншаму. Калі так працягваць, то БАТЭ можа даходзіць і да чвэрцьфіналаў Лігі чэмпіёнаў.

З адсутнасцю валюты не сутыкаўся

«НН»: Сайты часцей чытаеш беларускія ці бразільскія?

РБ: Беларускія. У Бразіліі я гляджу толькі сайт свайго горада і футбол. Маё жыццё цяпер тут, таму і чытаю мясцовыя.

«НН»: Палітыкай цікавішся?

РБ: Не. Не разумею я яе.

«НН»: А што валюты ў краіне няма ведаеш?

РБ: А хто не ведае? Гляджу ж тэлебачанне. Пакуль што не сутыкаўся з гэтым.

«НН»: З Кежманам пазнаёміўся ўжо?

РБ: У вельмі добрых стасунках з ім. Ён размаўляе па-іспанску, я таксама крыху. Некалькі дзён трэніраваліся, усё нармальна.

Зямляк Зянона

«НН»: У родным горадзе цябе ўсе ведаюць?

РБ: Ну, відаць. Калі толькі скончылася лёсаванне, то адразу пачыналі пісаць у фэйсбук. Будуць хварэць за мяне. Чакаюць, калі прыеду ў горад.

«НН»: З Тубарана яшчэ ёсць славутыя футбалісты?

РБ: Некалі за зборную нават гуляў Зянон. У мяне ў дзяцінстве кумірам быў Рамарыё, бо ён шмат забіваў. Потым любіў Жуніньё Пернамбукана, ён гуляў за мой любімы клуб «Васка да Гама». Цяпер для мяне найлепшы футбаліст Мэсі.

«НН»: З кім сябруеш у Мінску?

РБ: Ёсць і беларусы сябры, але ў асноўным суайчыннікі з мінскага «Дынама». У вольныя дні можам пайсці некуды пасядзець, у боўлінг пагуляць, більярд.

«НН»: Ты, кажуць, спецыяліст па Рlaystation?

РБ: Ну так, гуляю. Хаця апошнім часам няма з кім. З Мішам Гардзейчуком у клубе гуляць бессэнсоўна. Прайграю 0:3, 0:5. Міша можа перамагчы з заплюшчанымі вачыма.

Не фанат кавы

«НН»: Каву любіш?

РБ: Калі шчыра, то не фанат кавы, жонка таксама. Прывозіў хлопцам неяк бразільскай, ім спадабалася. Мне пачка лёгка на год хапае.

«НН»: Беларускія спіртныя напоі спрабаваў?

РБ: Усё піў. Не вельмі спадабалася, праўда. І гарэлку, і віскі. Магу піць толькі піва і віно. «Аліварыя» някепскае піва.

«НН»: Цябе часта называюць галоўным жартаўніком БАТЭ.

РБ: Жартуем. Смяюся з Ліхтаровіча і Юрэвіча, што яны дыназаўры, бо самыя старыя ў камандзе. Яны ж мне кажуць, што мне таксама 30 гадоў, а пашпарт я ў Беларусі фальшывы атрымаў.

«НН»: Па-беларуску што-небудзь ведаеш?

РБ: Цукеркі, бульба, часопіс. Арцём Радзькоў заўсёды мяне вучыць беларускай мове.

***

Рэнан Брэсан нарадзіўся ў 1988 у Тубаране (Бразілія). Выступаў за мясцовы «Атлетыка». Ад 2007 у Беларусі. Спачатку гуляў за «Гомель», а ў 2010 перайшоў у БАТЭ. Найлепшы футбаліст і бамбардзір чэмпіянату-2010. Год таму Брэсан атрымаў беларускае грамадзянства. Жанаты, каталік.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона9

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне2

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам25

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

Перад сустрэчай з Лукашэнкам Коўла забаўлялі расказамі пра зімовую рыбалку5

Беларускі мотагоншчык цудам выжыў пасля падзення са скалы 1

Заходнія дыпламаты паўдзельнічалі ў жалобных мерапрыемствах у Хатыні10

Не толькі ў Беларусі. Продажы кітайскіх аўто ў Еўропе растуць шалёнымі тэмпамі4

Пашынян у метро эмацыйна паспрачаўся з пасажыркай наконт Карабаха7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона9

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць