Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу французскага пісьменніка Марка Леві «Ноа» «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў Беларусі. «Наша Ніва» неадкладна купіла кнігу і прачытала яе для вас.

«Ноа» — трэцяя кніга з серыі пра групоўку хакераў «9», якія жывуць у розных кутках свету і змагаюцца за справядлівасць. Напісаная яна была недзе ў 2020‑2021 гадах, бо там няма ні слова пра вайну ва Украіне, але частка падзей адбываецца ў Кіеве.
Сама кніга пачынаецца шматабяцальна.
Вось першыя радкі: «Акрэсціна, Мінск. Беларусь. Раніца пятніцы. Дар’я чакае ў клетцы па суседстве з пакоем для спатканняў ужо тры гадзіны».

Хто такая Дар’я? Грамадская актывістка, удзельніца супраціву. З раніцы яна працуе ў «Нашай Ніве», потым у «Нехце» — па сюжэце, апошніх бастыёнах незалежных СМІ ў Беларусі, а ўвечары ў нейкім «Бюро па правах чалавека». Гэта не «Вясна», а нейкая праўладная арганізацыя, але, як высветліцца потым, усе там далучыліся да супраціву.
З кім сустракаецца Дар’я на Акрэсціна? З Мікалаем, мужам хатняй гаспадыні Святланы (яе прозвішча не называецца), якая перамагла на выбарах вясной 2020 года дыктатара Лучына. У іншым месцы напісана, што выбары прайшлі 9 жніўня і потым штонядзелю ладзіліся маштабныя дэманстрацыі, а таксама акцыі жанчын.
Святлану з дваімі дзецьмі ўлады выкідваюць у Вільню і забараняюць займацца грамадскай дзейнасцю, Мікалая пакідаюць у закладніках.
Дар’ю заб’юць улады на 27‑й старонцы. Гэта сяброўка адной з удзельніц групоўкі «9» Джэніс, якая жыве ў Тэль-Авіве.
Джэніс вырашае адпомсціць і вырашае адправіцца ў Беларусь. Але ў краіну трапіць складана. Галоўны рэдактар газеты «Гаарэц» мае выхад: артыкул на шэсць старонак пра музей Шагала ў Віцебску.
Паралельна Джэніс трапляе ў непрыемную сітуацыю. Яна напісала вялікі артыкул пра брытанскага мільярдэра Кэша, які мае алмазныя радовішчы ў Паўднёвай Афрыцы.
Кэш фінансуе ў Брытаніі нейкую правапапулісцкую партыю Гарбеджа (магчыма, угадваецца Reform UK Найджэла Фараджа) і мае блізкія кантакты з расійскімі спецслужбамі. Кэш падаў на Джэніс у суд і патрабуе мільён фунтаў кампенсацыі.
І вось тут новая нечаканка. Доказы датычнасці Кэша перадаў беларускі журналіст Раман Пратасевіч.
«Раман Пратасевіч — усмешлівы малады чалавек, свабодны, але які хаваецца ад уладаў. Ён і яго дзяўчына жывуць на дзве краіны — паміж Польшчай і Літвой. Раман нарадзіўся за год да прыходу дыктатара да ўлады і яшчэ падлеткам далучыўся да апазіцыі. Упершыню ён удзельнічаў у пратэстах, калі яму споўнілася пятнаццаць, яшчэ будучы школьнікам. У той час тысячы беларусаў выходзілі на вуліцы, абураныя пераабраннем аўтакрата і карупцыяй, якая разбурала краіну. Менавіта тады ён зацікавіўся палітыкай і стаў актывістам. У семнаццаць гадоў ён ужо быў адміністратарам двух пратэсных сайтаў. Пра яго дзейнасць паведамілі ўладам, агенты службы бяспекі затрымалі яго і катавалі».

Аповед пра яго пачынаецца ў Афінах, дзе Раман разам са сваёй дзяўчынай Сафіяй удзельнічае ў нейкай важнай палітычнай канферэнцыі. Сафія выступае з палымянай прамовай пра тое, як заходнія мільярдэры фінансуюць правапапулісцкія рухі ў Еўропе.
Па сканчэнні канферэнцыі Раман заўважае сачэнне ў горадзе і ў аэрапорце. Потым вы ведаеце, што адбылося.
Раман і Сафія лятуць рэйсам Афіны — Вільня. Агенты КДБ пачынаюць паміж сабой бойку на борце, самалёт саджаюць у Мінску. Рамана і Сафію арыштоўваюць, Раман, каб абараніць дзяўчыну, дае прызнальныя паказанні.

Але таксама паспявае пакінуць зашыфраванае пасланне сябрам з групоўкі «9», і Джэніс спяшаецца на дапамогу. Праўда, каб легальна трапіць у нашу краіну, яна чамусьці тайна дабіраецца ў фургоне, схаваўшыся ў адсеку з карцінай літоўскага мастака Вітаўтаса Касюліса.
У кнізе ёсць пару дзівацтваў. Галоўная беларуская турма — Акрэсціна, што праўда, гэта комплекс з двух будынкаў.
Раман Пратасевіч падчас ранейшых сваіх залётаў туды здолеў падрабязна апісаць усе паверхі і што там творыцца, і гэта небяспека для ўладаў.
Паралельна Мікалай, муж Святланы падчас сустрэчаў з Дар’яй працягвае дзеліцца падрабязнасцямі пра Акрэсціна. Жонка начальніка Акрэсціна арганізавала там грандыёзную пральню, дзе ў прамым і пераносным сэнсах адмывае ўсе грошы.
Штаб КДБ чамусьці месціцца па адрасе Ясеніна, 67.
Разам з тым у Беларусі існуе маштабнае падполле, і народ чакае Дзень Д.
Джэніс трапляе ў Беларусь, сустракаецца з удзельнікамі падполля, але як трапіць на Акрэсціна? Яна, напісаўшы артыкул пра Шагала, вырашае здацца міліцыі, каб яе адправілі ў турму.

Там яна сустракае Рамана, збітага, але нязломленага.
Паралельна члены групоўкі «9» закідваюць у Беларусь грузавікі з роўтарамі і абсталяваннем, і ў Дзень Д паралізуюць інтэрнэт у Беларусі, спыняюць рэйсы ў аэрапорце.
Муры Акрэсціна рухнулі. Пароль быў «На ўсходзе пачынаецца вясна». Дзясяткі тысяч чалавек ідуць да мяжы, каб зрынуць рэшткі рэжыму. Паплечнікі Лучына збягаюць за мяжу.
Кніга заканчваецца шматабяцальна: «Застаўшыся адзін у велізарным кабінеце, Лучын здымае слухаўку тэлефона, марна спрабуе датэлефанавацца да кіраўніка службы бяспекі, пагражае яго расстраляць. (…) Дыктатар імкліва накіроўваецца да дзвярэй кабінета і, шырока расчыніўшы іх, бачыць, што ў галерэі нікога няма. Дзе ўвесь персанал? Дзе яго целаахоўнікі, аташэ, усе, хто яму прыслугоўвае? Ён паспешліва абыходзіць апусцелыя кабінеты, пляскае дзвярыма, кліча на дапамогу.
Па-вайсковаму дакладна разгарнуўшыся на месцы, ён вяртаецца ў свой кабінет і замыкае дзверы. Яго рэзідэнцыя акружаная, Святлана ўязджае ў Мінск».

Чаму кніга называецца «Ноа»? Ноа — сяброўка Джэніс і топавая супрацоўніца ізраільскіх спецслужбаў, якая ў крытычны момант на верталёце прылятае ў Мінск, пераапрануўшыся ў форму АМАПа пранікае на Акрэсціна і вызваляе Джэніс і яе новую сяброўку, беларускамоўную зняволеную Ірыну.
Цяпер чытаюць
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары