Беларускі добраахвотнік Жэрар расказаў сваю версію справы, якую завялі на яго ва Украіне
Беларускі добраахвотнік Аляксандр «Жэрар» Красоўскі быў затрыманы ў сакавіку ва Украіне. Пасля некалькіх месяцаў ён выйшаў пад заклад. Цяпер Жэрар падрабязна расказаў сваю версію таго, як узнікла крымінальная справа.

Аляксандр Красоўскі — беларускі добраахвотнік, які пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне далучыўся да беларускіх фармаванняў. Ён служыў у Палку Каліноўскага, пазней перайшоў у 225‑ы асобны штурмавы полк УСУ, дзе камандаваў падраздзяленнем «Тур». У 2024 годзе байцы гэтага падраздзялення ўдзельнічалі ў баях падчас украінскай аперацыі ў Курскай вобласці. Красоўскі з'яўляецца поўным кавалерам ордэна «За мужнасць».
14 сакавіка 2026 года Жэрара затрымалі ў Ірпені па падазрэнні ў самавольным пакіданні вайсковай часці і незаконным абыходжанні са зброяй і боепрыпасамі. Сам ён віны не прызнаваў.
31 ліпеня ён выйшаў на волю пад заклад. Нядаўна ён даў вялікае інтэрв'ю блогеру Сяргею Бяспалаву, дзе расказаў пра сваё затрыманне.
Каму належалі боепрыпасы
Красоўскі апісвае, што 14 сакавіка для яго затрымання з Харкава прыехала спецпадраздзяленне Корпуса аператыўна-раптоўнага дзеяння (КОРД) Нацыянальнай паліцыі Украіны разам са следчымі. Падчас вобшуку знайшлі 680 тысяч еўра і боепрыпасы.
Красоўскі настойвае, што знойдзеныя ў падвале боепрыпасы былі не ягонымі. Як ён даводзіць, яны ляжалі там яшчэ з 2024 года і належалі іншаму беларускаму добраахвотніку, які нейкі час жыў у яго доме.
Красоўскі сцвярджае, што мужчына пражыў у яго каля трох месяцаў і пакінуў у сутарэнні не толькі боепрыпасы, але і свае рэчы, адзенне, копію пашпарта, копію ваеннага білета і накладныя.
Імя гэтага чалавека Жэрар не называе. Але, паводле яго, сярод знойдзенага быў прадмет, па якім можна дакладна вызначыць, у якой вайсковай часці служыў чалавек і каму такі прадмет мог быць выдадзены.
Ці было самавольнае пакіданне часці?
Другая частка справы звязаная з падазрэннем у самавольным пакіданні вайсковай часці. Красоўскі даводзіць, што ніякага самавольнага сыходу не было.
За тры дні да выхаду загаду аб звальненні Жэрара ўнеслі ў спіс вайскоўцаў, якія самавольна пакінулі часць.
Красоўскі кажа, што звальняўся не праз сваю вайсковую часць, бо там адмаўляліся прымаць яго рапарт. Таму ён падаў рапарт непасрэдна камандаванню Сухапутных войскаў.
Да таго моманту, даводзіць Жэрар, ён ужо здаў пасаду, маёмасць, зброю, каску і бронекамізэльку, а на яго месца афіцыйна прызначылі часовага выканаўцу абавязкаў камандзіра ўзвода.
Пасля гэтага, паводле Красоўскага, ён афіцыйна пайшоў у штогадовы адпачынак, прыехаў у Кіеў, стаў там на ўлік і праз праблемы са здароўем праходзіў лячэнне ў Цэнтральным вайсковым шпіталі. Жэрар кажа, што мае дакументы, якія гэта пацвярджаюць.

Асобны аргумент Жэрара — палажэнне аб праходжанні вайсковай службы ва Узброеных сілах Украіны замежнікамі і асобамі без грамадзянства, зацверджанае ўказам прэзідэнта Украіны. Красоўскі спасылаецца на пункт 111 гэтага дакумента, які рэгулюе адкліканне вайскоўцаў са штогадовага адпачынку. Жэрар даводзіць, што камандаванне не мела права перарываць яго адпачынак.
Красоўскі мяркуе, што гісторыю з самавольным пакіданнем часці сфабрыкавалі, каб прымусіць яго вярнуцца ў 225‑ы полк, «ну і, магчыма, састрыгчы грошай».
Чаму яго трымалі ў СІЗА
Жэрар намагае, што яго ўтрыманне ў СІЗА было незаконным. Як ён тлумачыць, украінскае заканадаўства прадугледжвала ўтрыманне пад вартай як меру стрымання для вайскоўцаў, якіх падазраюць у самавольным пакіданні часці. Красоўскі ж сцвярджае, што на момант затрымання ўжо чатыры-пяць месяцаў як быў звольнены са службы і меў статус цывільнай асобы.
Асобна Красоўскі спыняецца на суддзі, якая разглядала яго справу. Па словах Жэрара, яна не толькі незаконна трымала яго ў СІЗА, але і перавышала службовыя паўнамоцтвы і парушала ўкраінскае заканадаўства. Цяпер, паводле яго, гэтыя абставіны разбіраюць. Адпаведную заяву ўжо падалі ў Вышэйшую раду правасуддзя Украіны.
Пасля змены суддзі сітуацыя змянілася. Як расказвае Жэрар, новая суддзя вывучыла матэрыялы справы і вырашыла, што яго трэба выпускаць. У выніку Красоўскі выйшаў з СІЗА пад заклад.
Сам ён лічыць, што яго вызвалення не хацелі, бо на волі ў яго з'явілася больш магчымасцяў дзейнічаць: падаваць заявы і звяртацца ў розныя інстанцыі. Пракурор абскардзіў рашэнне аб вызваленні пад заклад і паспрабаваў дамагчыся яго адмены.
Апеляцыю пракурора, паводле Красоўскага, у выніку не задаволілі, і ён застаўся на волі.
Зусім адрэзаным ад вонкавага свету ў СІЗА Жэрар не быў. З ягоных слоў, там была платная IP-тэлефанія, і ён мог раз на дзень тэлефанаваць на 15 хвілін. Інтэрнэту і мабільнага тэлефона не было, затое быў тэлевізар, па якім зняволеныя глядзелі навіны.
Адкуль грошы
Асобна Бяспалаў спытаў пра вялікую суму гатоўкі, знойдзеную падчас ператрусу. У першых публікацыях у СМІ фігуравала сума каля мільёна еўра.
Жэрар удакладняе: «Не мільён, а 680 тысяч». Па яго словах, грошы давалі яго знаёмыя, партнёры і беларусы з Еўропы на развіццё вайсковых падраздзяленняў. Ён называе іх «прамымі данатамі».
У размове Бяспалаў згадаў допісы Дзяніса «Ваўкалака» Урбановіча, з якіх вынікала, што Жэрар нібыта прадаваў вайскоўцам кулямёты.
Красоўскі кажа, што не ведае, пра якія кулямёты ідзе гаворка. Пры гэтым ён згадвае адзін выпадак, звязаны са зброяй. Паводле Жэрара, баец з пазыўным Ясень аднойчы звярнуўся да яго наконт 120‑міліметровага мінамёта.
«Я сказаў, што ў мяне такога няма. Ёсць групы вайскоўцаў, дзе нехта абменьваецца трафеямі. Вось я яму скінуў спасылку, што ў чалавека ёсць 120‑міліметровы мінамёт і ён мяняе яго на тое і тое. Пра які кулямёт кажа Ваўкалак — шчыра, я не ведаю», — расказвае Красоўскі.
Бяспалаў згадаў і іншыя абвінавачанні Ваўкалака — у тым ліку пра нібыта ўжыванне Красоўскім забароненых рэчываў. Жэрар адказвае, што чытаў гэтыя допісы, але сур'ёзна да іх не ставіцца.
«Што хоча, тое няхай піша. У чалавека свае фантазіі. Я выдатна памятаю ўсе яго забаўныя гісторыі і пра Брэста, і пра тое, як ён з Брэстам ваяваў. Таму я заўсёды казаў, што гэты чалавек можа быць добрым ваяром і гэтак далей, але недзе ў галаве ў яго адбываецца змешванне рэальнасці з фантазіяй. І, на жаль, людзі, якія, скажам так, рэальна ведаюць Ваўкалака, разумеюць, пра што я кажу.
У чалавека сапраўды, можа быць, праз вялікую колькасць кантузій, раненняў — яму трэба проста праходзіць больш жорсткую рэабілітацыю, каб паправіць сваё здароўе», — кажа Жэрар.
Пра ролю былога камандзіра
Бяспалаў выказаў здагадку, што праблемы Красоўскага пачаліся пасля канфлікту з кіраўніцтвам. Жэрар з такой фармулёўкай не пагадзіўся.
Ён сцвярджае, што асабістага канфлікту не было. Проста ў пэўны момант праз нейкія дзеянні кіраўніцтва ён вырашыў сысці з 225‑га палка. Але адпускаць яго, паводле Красоўскага, не хацелі.
У той час камандзірам вайсковай часці 7420 быў Алег Шыраеў. Бяспалаў спытаў Красоўскага, якімі былі іх адносіны і ці мог Шыраеў мець дачыненне да справы, па якой Жэрара пазней затрымалі.
Як даводзіць Жэрар, дзе цяпер знаходзіцца Шыраеў, ён не ведае і за ім не сочыць.
«Што за чалавек… Скажу так, што да атрымання Героя Украіны гэта быў адзін чалавек, пасля атрымання Героя Украіны гэта стаў іншы чалавек. Да атрымання Героя Украіны гэта быў чалавек, з якім можна было размаўляць, працаваць і служыць», — кажа Жэрар.
На прамое пытанне, ці звязаны Шыраеў з крымінальнай справай супраць яго, Красоўскі адказвае сцвярджальна. Па яго словах, цяпер у адміністрацыйных судах ён спрабуе дамагчыся прызнання незаконнымі загадаў свайго былога камандзіра.
Саму крымінальную справу Жэрар называе сфабрыкаванай «ад пачатку да канца». У якасці аднаго з аргументаў ён прыводзіць матэрыялы службовага расследавання. Паводле Красоўскага, яно было зарэгістравана на 46 аркушах, але ў матэрыялах яго справы аказаўся толькі 21.
Пры гэтым Жэрар агаворваецца, што не ведае, ці працягваюцца цяпер следчыя дзеянні, і таму не хоча раскрываць усе падрабязнасці. На момант размовы, сцвярджае ён, абвінаваўчага акта яму так і не ўручылі. Красоўскі па-ранейшаму застаецца ў статусе падазраванага.
Што цяпер?
Пасля вызвалення Красоўскі не атрымаў поўнай свабоды перамяшчэння. Па яго словах, цяпер ён не можа пакідаць Кіеўскую вобласць, а таксама выязджаць з Украіны. Апошняе, кажа ён, і не ўваходзіла ў яго планы.
Ён разлічвае, што пасля 14 верасня зможа зноў свабодна перамяшчацца па Украіне.
На пытанне Беспалава, ці ёсць цяпер рэальная пагроза паўторнага арышту, адказвае коратка: «Не, няма».
Яшчэ адна дэталь, пра якую Красоўскі расказаў у інтэрв'ю, — украінскае грамадзянства. Па словах Жэрара, рашэнне ўжо падпісанае і ён можа атрымаць украінскі пашпарт, аднак пакуль не спяшаецца гэтага рабіць.
Беларускага добраахвотніка Жэрара вызвалілі з-пад варты пад заклад
У Харкаве суд працягнуў утрыманне пад вартай беларускага добраахвотніка Жэрара. Ён патлумачыў, адкуль у яго былі 1,4 мільёна еўра
Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра
Мінчук Жэрар, камандзір падраздзялення «Тур», расказаў, як аднойчы ледзь не загінуў пад Мікалаевам, а другі раз — пад Бахмутам
Каментары