У невялікім англійскім горадзе на клумбах «высадзілі» пластыкавыя кветкі. І гэта прынцыповая пазіцыя
На першы погляд рашэнне выглядае даволі дзіўным: навошта ўпрыгожваць вуліцы пластыкавымі кветкамі, калі можна пасадзіць сапраўдныя? Аднак ва ўладаў Паўночна-Усходняга Лінкальншыра знайшліся на гэта свае аргументы.

Спякотнае і сухое лета ўсё часцей ставіць еўрапейскія гарады перад даволі прыземленай праблемай: як захаваць зялёныя насаджэнні, калі вады не хапае, а іх паліў каштуе ўсё даражэй. Незвычайнае рашэнне прынялі ўлады Паўночна-Усходняга Лінкальншыра ў Англіі. У горадзе Грымсбі, які ўваходзіць у гэтую адміністрацыйную адзінку, у вазонах на эстакадзе каля трасы A180 замест жывых кветак з'явіліся пластыкавыя. Падрабязнасці расказвае The Telegraph.
У муніцыпалітэце патлумачылі: прычынай сталі працяглая засуха і абмежаванні на выкарыстанне вады. Паліваць жывыя кветкі ў такіх умовах палічылі і немэтазгодным, і занадта дарагім.
Паводле мясцовых уладаў, штучныя кветкі каштавалі 320 фунтаў. Для параўнання, толькі паліў жывых раслін летам каштаваў каля тысячы фунтаў штотыдзень.
Член мясцовай рады Боб Калісан, які адказвае за навакольнае асяроддзе і энергетычную бяспеку, патлумачыў, што ўлады не хацелі дадаткова павялічваць расход вады ва ўмовах яе недахопу. Пры гэтым пакідаць пустыя вазоны або засохлыя расліны таксама не хацелася: бетонная эстакада і без таго выглядае даволі шэра.
Так і ўзнік кампраміс: яркія кветкі засталіся, але паліваць іх больш не трэба.

Аднак не ўсе жыхары Грымсбі ацанілі такое ўпрыгожванне горада. Крытыкі звяртаюць увагу на парадокс: спрабуючы вырашыць адну экалагічную праблему — дэфіцыт вады, — улады фактычна ствараюць іншую, выкарыстоўваючы больш пластыку.
Для Грымсбі пытанне аказалася яшчэ і справай гарадскога гонару. Мясцовыя жыхары нагадваюць, што раней горад атрымліваў узнагароды за свае кветкавыя кампазіцыі. Таму пластыкавыя расліны некаторыя называюць нават «ганьбай» і баяцца, што эканомія паступова прывядзе да замены жывых кветак штучнымі і ў іншых частках горада.
Але ёсць і тыя, хто не бачыць у эксперыменце нічога дрэннага. Іх аргумент просты: калі штучныя кветкі выглядаюць амаль як сапраўдныя, служаць даўжэй, каштуюць танней і не патрабуюць вады, чаму б не выкарыстоўваць іх там, дзе расліны вырошчваюць выключна дзеля дэкору?
Улады запэўніваюць, што масава ператвараць Грымсбі ў горад пластыкавых кветак не збіраюцца. Кветнікі ў цэнтры горада застануцца жывымі, а незвычайнае рашэнне датычыць толькі вазонаў каля эстакады.
Калі туды вернуцца сапраўдныя расліны, пакуль невядома. У муніцыпалітэце кажуць, што ўсё будзе залежаць ад надвор'я, сітуацыі з засухай, сезона і, вядома, стану гарадскога бюджэту.
Каментары