Кіно4646

Паглядзелі тую самую «Адысею» — якім выйшла самае спрэчнае кіно года

«Адысея» Нолана — самы скандальны фільм года з цемнаскурай Аленай Траянскай і плёткамі пра Ахілеса. Расказваем, ці спраўдзіліся на самой справе праклёны скептыкаў.

Фота: OSV News photo / Melinda Sue Gordon, Universal via Catholic Standard

Калі вы хочаце пабачыць «Адысею» такой, як яе задумалі стваральнікі, зрабіць гэта ў Мінску (дый у суседніх сталіцах) не атрымаецца. «Адысея» — першы фільм у свеце, зняты на 70‑міліметровую плёнкавую камеру IMAX, і паказаць яго так, як задумаў рэжысёр Крыстафер Нолан, могуць толькі 41 кінатэатр ва ўсім свеце. Каб пабачыць стужку ў тым фармаце, некаторыя фанаты перасякалі акіян.

На ролю Адысея ўзялі Мэта Дэймана. У гэтай ролі цара Ітакі Дэйман вярнуўся да свайго традыцыйнага амплуа персанажа, які шукае шлях дадому: згадайце яго ранейшыя ролі ва «Уратаваць радавога Раяна», дзе Дэймана ратуюць з тылу ворага ў Другую сусветную, ці ў «Марсіяніне», калі яго персанажа «забылі» на Марсе.

Скончылася Траянская вайна, і Адысей-Дэйман выпраўляецца ў шматгадовае падарожжа дахаты, дзе яго чакае жонка Пенелопа і сын Целемах. Ён скончыць свой шлях праз 20 гадоў пасля таго, як выправіўся на вайну, і прыйдзе дахаты, такім чынам, ужо немаладым мужчынам. 

Не дзіва бачыць у такой ролі 55‑гадовага Дэймана, але ж у сеціве многія абураліся — маўляў, Адысей мусіць быць маладзейшы. І тым не менш, Дэйман адпавядае Адысею і па ўзросце, і, што больш важна, па жыццёвым досведзе. Яго задача — сыграць зламанага жыццём чалавека, які страціў войска, царства і сям'ю, і гэта роля не для юнакоў.

Фота: Melinda Sue Gordon / Universal Pictures via The Hollywood Reporter

Ледзь не самы папулярны міф пра ноланаўскую «Адысею» — гісторыя, нібыта на ролю Ахілеса, паплечніка Адысея, узялі Эліёта Пейджа. Пейдж — трансмужчына, які распачаў сваю кар’еру ў кіно яшчэ як Элен Пейдж і з блакбастарамі накшталт «Людзей Ікс». Апошнія ролі Пейдж у жаночым амплуа — канец 2010-х, далей у акцёра быў перапынак у кар’еры.

Хейтары параўноўвалі невысокага і далікатнага Пейджа з мускулістым Брэдам Пітам — сэкс-сімвал нулявых сыграў Ахілеса ў стужцы «Троя» 2004 года.

Але Пейдж сыграў не Ахілеса. Яму дасталася невялікая роля Сінона, сціплага і сумленнага ваяра, які пераконвае траянцаў увезці ў горад траянскага каня, і гендарная гісторыя Пейджа нічым яму ў той ролі не перашкаджае.

Фота: Universal Pictures via Nerdist

Тое, што Пейджу далі ролю Сінона — траянскі фокус, які Нолан зладзіў з хейтарамі, што паверылі ў чуткі пра Пейджа-Ахілеса. Не менш шуму нарабіла і гісторыя пра кенійку Лупіту Ньёнга. Нолан даверыў ёй ролю Алены Траянскай, і калі гэта стала вядома, зноў папаўзлі параўнанні са стужкай «Троя». Там Алену грае немка Дыяна Кругер — беласкурая бландынка, якую прасцей уявіць у скандынаўскім ці ўсходнееўрапейскім фільме, чым у ролі паўднёвай прыгажуні.

Фота: Universal Pictures via CBR

Кенійка ў ролі грэчаскай каралевы сапраўды выглядае экзатычна — калі не ўлічыць, што гэта міф. Не менш дзіўна і бачыць сярод галоўных герояў безліч амерыканцаў і брытанцаў ды ні аднаго грэка.

Пенелопу, жонку Адысея, грае Эн Хэтэўэй, яе сына Целемаха — кумір зумераў Том Холанд. Розніца паміж акцёрамі складае ўсяго 13 гадоў, але, як ні дзіва, гэта даволі праўдзівая дэталь: у старажытнай Грэцыі дзяўчаты выходзілі замуж і ўпершыню нараджалі, якраз калі ім было 13‑15 гадоў.

Жонка Холанда, маладая зорка Зендэя, таксама з'явіцца ў «Адысеі». У яе роля багіні Афіны, нашмат складанейшага персанажа, чым здаецца на першы погляд.

Яшчэ адзін складаны герой — Анціной, самы нахабны з жаніхоў, якія дамагаюцца рукі Пенелопы ў адсутнасць яе законнага мужа. Тую ролю аддалі Роберту Пацінсану. Для брытанца, які даўно адбіўся ад іміджу прыгожага вампіра са «Змяркання», выдатная праца ў «Адысеі» — кульмінацыя, магчыма, найлепшых гадоў у яго кар'еры: толькі за апошні год Пацінсан зняўся ў буйных праектах накшталт «Памры, маё каханне» з Джэніфер Лоўрэнс і «Вось гэта драма!» з Зендэяй.

За адсутнасць грэкаў у акцёрскім складзе Нолан ужо адхапіў багата крытыкі — маўляў, не паважае грэцкую культуру. А заадно і не паважае гістарычныя рэаліі, бо занадта вольна разумее, якімі маглі быць касцюмы старажытных грэкаў: напрыклад, шлем цара Агамемнана разляцеўся ў сеціве праз сваё падабенства з касцюмамі Бэтмена.

Фота: movieweb.com

Але ведаеце што? Канкрэтна для гэтага фільма ўсе тыя дэталі абсалютна не важныя. Не здзівіла б нават, калі б ноланаўскія грэкі адзелі джынсы і кеды, бо гэта гісторыя зусім не пра гістарычную рэканструкцыю, і такія рэчы Нолана як рэжысёра мала цікавяць.

Нашмат важней яму расказаць «Адысею» як тую гісторыю, якая паўтараецца і праз тысячы гадоў пасля Гамера. Гэта гісторыя пра вайну і спакусы, якія пазбаўляюць людзей чалавечага аблічча, пра сумленне і падман, пра вернасць і сорам, праз які страшна і паглядзець у каханыя вочы, і пра боль, які прасцей забыць, чым прыняць.

Маюць рацыю і тыя, хто называе «Адысею» своеасаблівым прыквелам іншага ноланаўскага шэдэўра, «Апенгеймера». Калі «Апенгеймер» расказвае, як вайна здольная знішчыць свет, то «Адысея» — магчымасць зазірнуць туды, дзе чалавецтва толькі вучылася гвалту і вайне. І пабачыць, як ужо тады цывілізацыя заклала пад сябе бомбу запаволенага дзеяння.

Заходнія крытыкі ў захапленні ад стужкі. The New York Times ужо цяпер называе «Адысею» «класікай ва ўсіх сэнсах», а Washington Post адказвае хейтарам фільма, што гэта надзвычайная версія «Адысеі», зробленая для нашых часоў.

Фота: Melinda Sue Gordon / Universal Pictures via The Hollywood Reporter

The Observer адзначае дваістасць стужкі і тое, што гэта не проста гісторыя са старажытнай Грэцыі:

«Гэта эпічнае, міфічнае відовішча, зробленае з павагай да старажытнагрэцкай першакрыніцы, са сваімі монстрамі і магіяй. Але яно звяртаецца і да больш актуальных тэм выгнання, ваеннай траўмы і віны таго, хто выжыў.

У нейкім сэнсе гэты фільм — траянскі конь. Гэта экстравагантная, прыгожая прыгода, праз якую нам расказваюць, як сябе паводзіць з незнаёмымі людзьмі, пра цяжкую вагу спадчыны і тое, што немагчыма вярнуцца з вайны такім жа, якім ты туды пайшоў».

Rolling Stone прагназуе, што «Адысея» выкліча ў гледачоў трапятанне, а Esquire піша, што шэдэўр ад Нолана можа і ўвогуле змяніць ваша жыццё. Фільм Нолана, падобна, з'яўляецца галоўнай стужкай года.

Пабачыць яе ў Беларусі, хутчэй за ўсё, можна будзе з 25 ліпеня.

Ноланаўская «Адысея» адкрыецца тым, хто можа бачыць за формай змест, бачыць агульнае, нягледзячы на адрозненні часу, нацый і рас. Але не трэба баяцца складаных сэнсаў і амаль 3‑гадзіннай даўжыні фільма — мяркуючы па рэйтынгах, «Адысея» лёгка скарае кінаманаў. На буйным сайце Rotten Tomatoes праект мае на сёння рэйтынг 97% ад гледачоў, на рэсурсе IMDb — 8,4 бала з 10.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары46

  • пастмадэрн
    21.07.2026
    Варта пачаць з таго, што Нолан узяў няўдалы пераклад ад ваяўнічай феміністкі, якая моцна сказіла Гамера, перахлусіўшы арыгінал на павестачны манер
  • Когда бы не Елена, что Троя вам одна, ахейские мужи? (с)
    21.07.2026
    Хорошо было Гомеру в те времена, не надо было искать войне идеологические обоснования.
    И вообще Европе повезло с ее греческим прошлым и наследием.
  • ды таксабе
    21.07.2026
    звычайны галівудзкі прахадняк. Ну і асобны фэспалм для Зэндэі, каторая іграе Афіну тым жа кшталтам як і падледка з адхадняком

Цяпер чытаюць

Сёстры Груздзевы цяпер важаць пад 100 кілаграмаў кожная21

Сёстры Груздзевы цяпер важаць пад 100 кілаграмаў кожная

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопец у Маладзечне кінуў завод з мізэрным заробкам і стаў расклейшчыкам аб'яваў6

У Мінску правялі ўрэзку ў трубаправод з гарачай вадой без адключэння спажыўцоў

Уначы Расія ўдарыла па Кіеўшчыне: 15 загінулых1

Украінскія беспілотнікі ўдарылі па складзе Wildberries пад Тулай1

Сёння раніцай SpaceX сутыкнецца з Месяцам. Што будзе потым?5

Замест золата і медзі краіны Афрыкі робяць стаўку на дурніцы і апельсіны7

Грамадзяне Беларусі ўпершыню атрымалі статус бежанцаў у Ізраілі1

Загінуў былы трэнер зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні Валерый Гайдук

Беларус паказаў нечаканае месца для паспяховай рыбалкі ў цэнтры Мінска6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёстры Груздзевы цяпер важаць пад 100 кілаграмаў кожная21

Сёстры Груздзевы цяпер важаць пад 100 кілаграмаў кожная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць